Ужо год 14 навуковых часопісаў БДУ выходзяць у новым фармаце, а ў канцы 2017 г., 29 снежня, часопісы займелі сайты (інфармацыя загружаецца на дзвюх мовах – рускай і англійскай). З 2018 г. уводзіцца ў дзеянне электронная рэдакцыя.
Для прасоўвання навуковых перыядычных выданняў БДУ ў базы даных Scopus і Web of Science былі ўпарадкаваны і сістэматызаваны ўсе навуковыя напрамкі, выключана дубляванне раздзелаў у часопісах і зборніках БДУ. У 2017 г. на базе «Весніка БДУ» створаны «Часопіс БДУ» па 14 навуковых напрамках (journals.bsu.by): «Біялогія», «Геаграфія. Геалогія», «Журналістыка. Педагогіка», «Гісторыя», «Матэматыка. Інфарматыка», «Міжнародныя адносіны», «Права», «Сацыялогія», «Фізіка», «Філалогія», «Філасофія. Псіхалогія», «Хімія», «Экалогія», «Эканоміка». З 2017 г. упраўленне рэдакцыйна-выдавецкай работы рыхтуе 36 нумароў навуковых часопісаў (да 2016 г. – 16 нумароў), арганізуе і кантралюе працу 14 сайтаў навуковых часопісаў БДУ.
Каб забяспечыць адпаведнасць часопісаў сусветнаму ўзроўню навуковых публікацый, зменена афармленне, распрацаваны правілы для аўтараў, парадак рэцэнзавання, мэты і задачы, палітыка і публікацыйная этыка часопісаў, павышаны ўзровень рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкі навуковых публікацый (асаблівая ўвага надаецца апрацоўцы метаданых, старанна правяраюцца бібліяграфічныя спісы, што важна для прадстаўлення інфармацыі ў электронных базах даных).
У сувязі з рэарганізацыяй выданне прайшло перарэгістрацыю ў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі, Навуковай электроннай бібліятэцы (Расія, РІНЦ), Міжнародным цэнтры перыядычных выданняў у Парыжы (ISSN-цэнтр). Былі заключаны дамовы на новыя выданні з РУП «Белпошта» і РУП «Белсаюздрук», Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, электронна-бібліятэчнай сістэмай выдавецтва «Лань».
Паколькі ўпраўленню была пастаўлена задача асвоіць сістэму электроннай рэдакцыі і ўкараніць яе ў працу рэдкалегіі, з 2018 г. для 14 назваў выдання «Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта» запушчана і працуе сістэма электроннай рэдакцыі артыкула, г. зн. аўтары падаюць артыкулы праз сайт, працэсы рэцэнзавання, літаратурнага рэдагавання артыкулаў, а таксама публікацыя ажыццяўляюцца на сайце. Цяпер упраўленне кансультуе рэдкалегіі, аўтараў па рабоце электроннай рэдакцыі, дапамагае размяшчаць матэрыялы на сайце і адпраўляць іх на рэцэнзаванне.
Найбольш паспяховае авалоданне сістэмай электроннай рэдакцыі адзначаецца па наступных навуковых напрамках: эканоміка, геаграфія, біялогія, гісторыя. Рэдкалегіі гэтых навуковых напрамкаў актыўна ўключыліся ў працэс і самастойна забяспечваюць электронную рэдакцыю матэрыялаў. Таксама варта адзначыць добра арганізаваную і якасную працу рэдкалегій «Часопіса БДУ. Геаграфія. Геалогія» і «Часопіса БДУ. Гісторыя». Дзякуючы іх зацікаўленасці ў прасоўванні часопіса і зладжаным дзеянням у гэтых выданняў ёсць усе шанцы зарэкамендаваць сябе ў сусветнай навуковай супольнасці як аўтарытэтнае навуковае выданне, таму што мінімальным крытэрыям для ўключэння ў міжнародныя базы даных гэтыя часопісы цалкам адпавядаюць (наладжаны працэс рэцэнзавання). Акрамя таго, у мэтах прасоўвання навуковых перыядычных выданняў універсітэта адпраўлены запыт у Міжнародны цэнтр перыядычных выданняў у Парыжы для прысваення ISSN анлайн-версіям часопісаў, а таксама праводзіцца работа па падрыхтоўцы часопісаў для ўключэння ў прафесійныя базы даных і Scopus.
Прапаноўваючы нашы часопісы базе даных Scopus, неабходна разумець, якую ролю інфармацыя з часопіса павінна іграць у гэтай базе. Часопіс выконвае шырокі спектр функцый, якія ў цэлым даюць уяўленне:
• аб напрамках развіцця беларускай навукі і яе дасягненнях, яе канкурэнтаздольнасці і ступені інтэграцыі ў сусветную навуковую супольнасць;
• публікацыйнай актыўнасці нашых аўтараў;
• публікацыйнай актыўнасці і рэйтынгу беларускіх арганізацый па публікацыях іх аўтараў;
• ацэнцы ступені прызнання і ўзроўню беларускіх публікацый у сусветнай супольнасці па даных іх цытавання;
• якасці беларускіх часопісаў у параўнанні з сусветнай плынню выданняў у адпаведнай прадметнай галіне і г. д.
Уся аналітыка будуецца на даных з часопіса. Карэктнымі і поўнымі гэтыя даныя могуць лічыцца толькі пры якасным прадстаўленні:
• назвы часопіса;
• загалоўкаў артыкулаў на англійскай мове;
• анатацый на англійскай мове да кожнага навуковага артыкула;
• прозвішчаў аўтараў;
• адрасных звестак пра месца працы аўтараў, у першую чаргу назваў арганізацый;
• прыартыкульных спісаў літаратуры ў раманскім алфавіце (на лацінцы) у такой якасці, каб гэтыя спасылкі маглі быць улічаны пры вывучэнні цытавання публікацый аўтараў і часопісаў.
Каб каманда Scopus узяла часопіс на экспертызу, ён павінен адпавядаць наступным мінімальным патрабаванням:
• наяўнасць англамоўнага рэзюмэ да кожнага навуковага артыкула;
• наяўнасць працэсу рэцэнзавання кожнай навуковай публікацыі ў часопісе;
• прытрымліванне графіка выпуску выдання;
• наяўнасць ISSN (для друкаванага і / або электроннага выдання);
• наяўнасць сайта (англамоўная версія абавязковая);
• наяўнасць прыартыкульных спісаў літаратуры ў раманскім алфавіце (на лацінцы);
• захаванне публікацыйнай этыкі.
Тэхнічны бок патрабаванняў баз даных Scopus і Web of Science у часопісах выкананы. Зараз справа за іх якасным складнікам – тэкстам артыкулаў.
Уменне напісаць артыкул шмат у чым залежыць ад вопыту навукоўца – чым часцей вы публікуецеся, тым лепш гэта атрымліваецца. І ўсё ж… Неабходна памятаць, што фармат навуковых часопісаў прадугледжвае прытрымліванне навуковага стылю, устаноўленых крытэрыяў, правілаў акадэмічнага пісьма.
Варта захоўваць вызначаную структуру тэксту, выкарыстоўваць ужывальныя ў абранай галіне фармулёўкі і тэрміны, карэктна афармляць спасылкі на працы іншых аўтараў. Пры напісанні артыкула неабходна звярнуць увагу:
• на змест артыкула (выразнасць, лаканічнасць, паслядоўнасць выкладання),
• мову і стыль напісання (асабліва гэта тычыцца артыкулаў на замежных мовах),
• тэхнічнае афармленне (у якой праграме рыхтаваць дакумент, як афармляць артыкул і літаратуру – уручную або з дапамогай спецыяльных праграм).
Перад рэдкалегіямі часопісаў шмат важных задач, выкананне якіх не заўсёды знаходзіць падтрымку ў некаторых членаў рэдакцыйна-выдавецкага працэсу. Важна разумець, што БДУ сваімі сіламі прасоўвае часопісы ў міжнародную інфармацыйную прастору, не звяртаючыся па дапамогу да пасярэднікаў, а гэта значыць – цяжкасцяў не пазбегнуць. Паразуменне і сумесная плённая праца прывядзе ўніверсітэт да выдатных вынікаў.
Наталля ГЕРАСІМОВІЧ,
начальнік упраўлення
рэдакцыйна-выдавецкай работы