Ёркшырскі тэр’ер замест аўчаркі? У БДУ завітала кіналагічная служба мытні «Мінск-2»

27 Feb, 2018.

Універсітэт на 23 лютага зрабіў студэнтам адразу некалькі падарункаў. Адным з іх стала прэзентацыя працы кіналагічнай службы мытні «Мінск-2». І сур’ёзна, і весела: з аднаго боку, важная інфармацыя і відэа пра наркотыкі, з іншага – выступленні кінолагаў са сваімі чатырохногімі сябрамі.

«Звычайна такія сустрэчы праходзілі для студэнтаў мытнай справы ФМА. Мы захапіліся працай кінолагаў з сабакамі і запрасілі іх і прадстаўнікоў мытні на адкрытую сустрэчу са студэнтамі», – адзначае Наталля Капацэвіч, начальнік упраўлення моладзевымі праектамі УВРМ. З Днём абаронцаў Айчыны студэнтаў павіншаваў кіраўнік мытні Андрэй Міхалькевіч, які таксама распавёў пра актуальнасць працы беларускай мытнай службы па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя грамадзян, якія едуць праз мяжу. Таксама аўдыторыі прадэманстравалі відэа па прафілактыцы наркаманіі, наступствах ужывання псіхатропных рэчываў. Кіраўнік аддзела кіналагічнай службы Андрэй Фядзяеў распавёў пра выкарыстанне службовых сабак пры правядзенні мытнага кантролю, цікавыя факты з практыкі работы, папярэдні адбор «чатырохногіх сяброў» для службы і іх дрэсіроўку.

Напрыклад, сабака не ведае, што ён выконвае небяспечную працу і шукае злачынцаў. З гэтай прычыны кожнае заданне кінолагі завяршаюць пазітыўна – даюць любімую цацку ці частуюць спецыяльным пячэннем. На дзіва, нямецкіх аўчарак не было. На службе – асабістыя сабакі кінолагаў розных парод. Гэта мітэльшнаўцар Лока Вольгі Шушкевіч, джэк-расэл-тэр’ер Буба Анжэлы Харэвіч і фаварыт – ёркшырскі тэр’ер Віні Аляксандры Кабец. Такая разнастайнасць апраўданая: напрыклад, маленькі сабака можа працаваць на стале, прайсці ў самалёт. Кінолагі прадэманстравалі свае прафесійныя навыкі і выдатную дрэсіроўку сваіх гадаванцаў. Чым і выклікалі захапленне студэнтаў, шмат пытанняў не толькі пра сабак, але і пра дэталі прафесіі.Пасля заканчэння сустрэчы студэнты яшчэ доўга не разыходзіліся. Адзначалі падабенства гаспадароў і сабак, фатаграфаваліся, задавалі пытанні. Найбольшую ўвагу атрымаў Віні – гэтае мілае стварэнне са званочкам паслухмяна выконвае ўсе каманды, умее лічыць да пяці і нават прыкідвацца мёртвым! «Выклікае станоўчыя эмоцыі нават у крымінальнага элемента»,  – кажа пра сабаку Андрэй Фядзяеў.

Надзея МАРХЕЛЬ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: