Артыстызм, прыгажосць, пяшчота. Універсітэт абраў “Каралеву Вясну БДУ–2018” (+відэа)

14 Mar, 2018.

Універсітэцкі этап міжнароднага міжуніверсітэцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна БДУ–2018”, прайшоў 5 сакавіка. Больш за 50 студэнтак прыйшлі на кастынг, але магчымасць пазмагацца за карону і галоўны прыз атрымалі толькі 12 прэтэндэнтак: самыя артыстычныя, таленавітыя і адважныя.

Падчас падрыхтоўкі ў раскладзе фіналістак не было вольнай хвілінкі: пастаянныя здымкі, майстар-класы, рэпетыцыі, падрыхтоўка да творчых выступленняў, дэфіле і шматлікае іншае, кожнай прыйшлося адказваць на каверзныя пытанні інтэрв’ю.

У кожнай былі свае прычыны паўдзельнічаць у конкурсе. На пытанне, чаму прыйшлі на кастынг, дзяўчаты адказвалі сумленна, распавядалі свае гісторыі:

Ларыса Надтачаева, фіналістка: “Я не задумвалася пра гэта раней. Цяпер сяджу і думаю пра тое, для чаго мне гэта. І пачынаю ўзгадваць свае прычыны. Справа ў тым, што гадоў да 14 я чула пра сваю знешнасць не самыя прыемныя словы… У мяне былі круглыя акуляры, крывыя зубы, і многія лічылі сваім абавязкам сказаць, што я непрыгожая, брыдкая, і гэта самыя мяккія выразы. Многія на мяне ціснулі. Гэта дало нейкі імпульс да самаўдасканалення. Відаць, конкурс для мяне як пацвярджэнне таго, што я кінула выклік і пераадолела сябе”.Лізавета Саковіч, фіналістка: “Я наогул не планавала ўдзельнічаць, проста ўбачыла аб’яву, што будзе праходзіць кастынг на конкурс “Каралева Вясна БДУ”, і стала цікава. Заўсёды хацела выпрабаваць сябе, паглядзець, як я буду спраўляцца са стрэсавымі сітуацыямі, да таго ж гэта новыя знаёмствы і эмоцыі”.

Фінал адбыўся 5 сакавіка ў Ліцэі БДУ. Феерычнае шоу стала сапраўдным святам вясны, прыгажосці і пяшчоты. Перад пачаткам конкурсу рэктар БДУ Андрэй Дзмітрыевіч Кароль пажадаў удзельніцам перамогі і павіншаваў усіх дзяўчат і жанчын БДУ з надыходзячым святам.Падчас фінальнага канцэрта дзяўчаты паказалі вынік, да якога даўно ішлі. Ніхто не казаў, што будзе проста вытрымаць 3 дэфіле ў нацыянальных, дзелавых строях і ў вячэрніх сукенках, паказаць эрудыцыю і здольнасць хутка арыентавацца ў сітуацыі і годна выходзіць з яе ў інтэлектуальным конкурсе, адкрыць для ўсіх свой талент у творчым нумары. Анастасія Гаўрылюк, фіналістка: “Што наконт творчага? Гэта атрымалася вельмі спантанна. Спачатку я думала рабіць малюнак. Потым мне здалося, што гэта недастаткова эфектна, і я вырашыла станцаваць. Калі я ўбачыла, як танчаць дзяўчаткі, вырашыла, што танец – не маё. І за 5 дзён да конкурсу я вырашыла цалкам памяняць канцэпцыю.Больш за ўсё мне спадабалася мая відэавізітоўка. Яна атрымалася вельмі кранальнай і душэўнай. Якраз як я і хацела. Я рабіла гэту візітоўку не для птушачкі, а хутчэй для сябе і для людзей, якія будуць глядзець. Бо шчасце трэба шукаць побач, а не ў нейкіх глабальных рэчах. Я спадзяюся, што людзі глядзелі не проста на прыгожы малюначак, а прыслухоўваліся да слоў. Я імкнулася ўкласці ўсю сваю душу ў гэтыя паўтары хвіліны”. Анастасія Ярмак, фіналістка:”З творчым атрымалася весела: я да апошняга вечара не ведала, што буду танчыць, і ўвечар наразала музыку да конкурсу. Што да танца, скажу толькі, што 12 гадоў бальных танцаў далі пра сябе ведаць. Як я потым пачула пра свой танец: “Насця, ты выдатная”, “гэта было вау!”. Дэфіле для мяне было самым лёгкім, таму што дэфіляваць я люблю і даўно ўмею. Вось з відэа прыйшлося павазіцца, бо гэта справа няпростая. Мы здымалі, рэзалі музыку, думалі – і вось усё зрабілі за 3 дні. На інтэлектуальным мне трапілася цікавае і простае пытанне, я проста і зразумела адказала”.І вось – узнагароджанне. Журы прыйшлося прыняць нялёгкія рашэнні, і старшыня журы, прарэктар БДУ Іван Янушэвіч, выйшаў на сцэну, каб узнагародзіць самых таленавітых, прыгожых і артыстычных. Так, “Каралевай грацыі” стала першакурсніца Анастасія Ярмак, тытулы “Каралева Таленту” і “Каралева Інтэлекту”заваявалі другакурсніцы факультэта сацыякультурных камунікацый Анастасія Гаўрылюк і Ларыса Надтачаева адпаведна, у намінацыі “Каралева Фота” перамагла магістрантка юрыдычнага факультэта Лізавета Швакава. Па выніках анлайн-галасавання ў намінацыі “Каралева глядацкіх сімпатый” абралі першакурсніцу філалагічнага факультэта Алу Валюк.

На сцэне яшчэ сем удзельніц, але толькі дзве атрымаюць самыя высокія тытулы, права прадстаўляць БДУ на гарадскім этапе конкурсу і галоўныя падарункі – выхадны тур  у Львоў і падарожжа па Еўропе. Хваляванне, інтрыга – і “Віцэ-Каралевай Вясной БДУ” становіцца студэнтка біялагічнага факультэта Вераніка Цубікава.

Пасля невялікай паўзы прарэктар І. І. Янушэвіч узяў слова і абвясціў, якая дзяўчына прызнана самай прыгожай і таленавітай у Беларускім дзяржаўным універсітэце: “Каралевай Вясной БДУ–2018” становіцца Юлія Таран, студэнтка першага курса біялагічнага факультэта!”

“Да моманту ўзнагароджання эмоцыі ўжо засталіся ззаду, – дзеліцца ўражаннямі Юлія. – Усё ў памяці мільгае яркімі карцінкамі: дзяўчаты-прынцэсы з кветкамі, яркае святло і тая атмасфера, зусім і не хвалюючая. І вось пачынаецца ўзнагароджанне, я вельмі спадзявалася на “Каралеву Фота”. У выніку ж, калі засталіся 2 самыя важныя намінацыі, у галаве на секунду пранеслася: “А можа быць, я Віцэ-Каралева? Знерваваўшыся, што я не атрымала зусім нічога, я пачала думаць, на якім аўтобусе цяпер сумная паеду дахаты. Але застаецца апошні дыплом, і я чую за спінай: “Юля, гэты ты!” Далей усё як у тумане: зала, якая скандавала маё прозвішча, мае раптоўныя слёзы і цудоўныя сябры (думала, што не выберуся з іх бясконцых абдымкаў). Тысяча віншаванняў і фатаграфій, а я дагэтуль не магу зразумець, што толькі што адбылося. Пры падрыхтоўцы было вельмі складана, але я імкнулася зусім не дзеля перамогі, я паўтарала сабе кожны дзень: “Я змагу справіцца з гэтым нялёгкім выпрабаваннем”. Далей будзе яшчэ складаней, бо нас чакае гарадскі конкурс, але, паверце, біяфак яшчэ вас здзівіць! Дзякуй БРСМ БДУ за гэтыя эмоцыі і гэта свята!”

Анастасія ЛАРЫНА
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: