Механіка-матэматычны факультэт у красавіку святкуе 60-годдзе. Яго жыццё напоўнена падзеямі, навуковымі дасягненнямі, выбітнымі асобамі. Што змянілася на факультэце за ўвесь час, і як ён жыве цяпер? Пра гэта распавёў дэкан факультэта кандыдат фізіка-матэматычных навук Дзмітрый МЯДВЕДЗЕЎ. Дарэчы, ён быў адным з першых выпускнікоў спецыяльнасці «Механіка» 1980 г., а не так даўно ўзнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі» за значны асабісты ўнёсак у развіццё навукі і інавацыйнай дзейнасці.
Летапіс з 1958 года
З году ў год механіка-матэматычны факультэт служыць навуцы і адукацыі, дапамагае студэнтам вызначыцца са сваім месцам у прафесіі і жыцці. Падрыхтоўка спецыялістаў-матэматыкаў у Беларусі пачалася ў 1933 годзе з пераўтварэння фізіка-матэматычнага аддзялення ў фізіка-матэматычны факультэт БДУ. Пазней, у 1958 годзе, адкуль і вядзецца адлік, адбыўся падзел на матэматычны і фізічны факультэт. Яшчэ адно пераўтварэнне было ў 1975 годзе з адкрыццём аддзялення механікі, з тых часоў факультэт называецца як механіка-матэматычны.
– На станаўленне факультэта паўплывалі і тыя, хто стаяў ля яго вытокаў, – кажа Дзмітрый Мядзведзеў. – Гэта такія навукоўцы, як Фёдар Гахаў, Дзмітрый Супруненка, Мікалай Яругін, Яўген Барбашын, Уладзімір Крылоў і іншыя. Запрошаныя матэматыкі не былі выпускнікамі беларускіх ВНУ, яны прыехалі ў Мінск арганізоўваць, умацоўваць беларускую матэматыку. Іх з’яўленне стала велізарным штуршком у развіцці факультэта. Яшчэ асаблівы момант у гісторыі факультэта – гэта 1996 год, калі ў шэрагу традыцыйных спецыяльнасцяў «матэматыка» і «механіка» зарадзіліся новыя напрамкі «камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз» і «матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі». Паступова гэтыя спецыяльнасці ператвараліся і дапаўняліся. Такім чынам, мы змагаемся за абітурыентаў, бо яны далёка не заўсёды, як нам здаецца, разумеюць, куды трэба паступаць. Таму, змяняючы назвы і напаўняючы іх якасным зместам, мы ад гэтага толькі выйграём.
Навучальны працэс
На сёння ў склад факультэта ўваходзяць 10 кафедраў і навучальны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, дзе працуюць 32 прафесары і дактары навук, 65 дацэнтаў і кандыдатаў навук. На факультэце навучаецца каля 1500 студэнтаў і магістрантаў дзённага і завочнага аддзяленняў. За 60 гадоў з дня заснавання выпускнікі і супрацоўнікі мехмата БДУ абаранілі больш за 150 доктарскіх і больш за 400 кандыдацкіх дысертацый.
– Кожная кафедра ўнікальная. Прафесіяналізм прафесарска-выкладчыцкага складу – наш здабытак, мы ганарымся гэтым, імкнёмся выкарыстоўваць патэнцыял у адукацыйным працэсе, навуковых даследаваннях. Напрыклад, на кафедры матэматычнай кібернетыкі працуюць 5 лаўрэатаў дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч навукі і 2 заслужаныя работнікі адукацыі, тут 8 дактароў навук – прафесараў. А на кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі, якая сваімі навуковымі даследаваннямі прыносіць прыбытак універсітэту, ёсць лабараторыя прыкладной механікі, дзе студэнты могуць замацаваць на практыцы веды, атрыманыя ў аўдыторыях.
Адміністрацыя факультэта імкнецца распрацоўваць навучальны план, дзе прадметы адпавядаюць тэндэнцыям індустрыі. У наш час вядзецца падрыхтоўка па 4 спецыяльнасцях: «матэматыка (па напрамках)»; «камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз»; «матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі (па напрамках)»; «механіка і матэматычнае мадэляванне». Факультэт рыхтуе матэматыкаў, сістэмных аналітыкаў, спецыялістаў па інфармацыйных тэхналогіях, канструктараў праграмна-апаратных сістэм, выкладчыкаў матэматыкі і інфарматыкі, матэматыкаў-эканамістаў, матэматыкаў-прыкладнікоў.
– Часцей абітурыенты выбіраюць спецыяльнасць «матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі», а таксама «камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз». Дарэчы, гэтыя спецыяльнасці ёсць толькі на мехмаце БДУ, больш у краіне такога няма, – адзначае Дзмітрый Георгіевіч.
Поле для практыкі – шырокае. Парк высокіх тэхналогій прадугледжвае ўдзел кампаній-рэзідэнтаў у падрыхтоўцы маладых спецыялістаў ва ўніверсітэтах у фармаце лабараторый. Прадстаўнікі IT-кампаній навучаюць студэнтаў навыкам, характэрным для іх скіраванасці. У падобных лабараторыях маладыя спецыялісты могуць праходзіць практыку, удзельнічаць у праектах прадпрыемства пад кіраўніцтвам выкладчыка. Студэнты мехмата папаўняюць свае веды ў лабараторыях EPAM Systems, EXADEL, HiQoSolutions, IBA Group, iTransition і Qulix Systems і іншых.
Акрамя гэтага кафедра тэарэтычнай і прыкладной механікі супрацоўнічае з «Беларуськаліем», дзе ў лабараторыі калійнага прадпрыемства студэнты могуць займацца геамеханікай, мадэляваннем прац у шахтах. А вытворца медыцынскіх імплантаў «Алцімед», НДІ траўматалогіі і артапедыі ўзаемадзейнічаюць з кафедрай бія- і нанамеханікі.
– Чым прыцягвае факультэт студэнтаў? – разважае дэкан. – З майго пункту гледжання, гэта спалучэнне фундаментальнай падрыхтоўкі і магчымасці выкарыстоўваць яе ў прыкладных даследаваннях, таму што такая колькасць вядучых навукоўцаў дазваляе любому студэнту атрымаць першакласную адукацыю, якая стане падмуркам для далейшага развіцця. Мы спрабуем данесці да маладога пакалення, што матэматычныя метады выкарыстоўваюцца і ў эканоміцы, і ў інфарматыцы, і ў вытворчасці, і ў прыкладных даследаваннях.
Урачысты сход да 60-годдзя механіка-матэматычнага факультэта