Выгада для студэнтаў і аптымізацыя выдаткаў для ўніверсітэта –БДУ сумесна з партнёрамі распрацаваў унікальны для краіны прадукт: шматфункцыянальную інтэлектуальную ідэнтыфікацыйную картку, у якой сумешчаны студэнцкі білет і аплатны сродак.
«Разумныя» карты стануць падарункам ад кіраўніцтва ўніверсітэта ўсім першакурснікам. Найлепшыя абітурыенты атрымаюць іх ужо 1 верасня на свяце «Віват, студэнт!».
– Асабіста ў мяне ў кашальку вельмі шмат розных пластыкавых карт: банкаўская, пасведчанне, скідачныя, насіць іх усе з сабой даволі нязручна. Мы ва ўніверсітэце ідзём па шляху лічбавізацыі, актыўна ўкараняем новыя тэхналогіі, і адным з крокаў стаў сумесны з «Белінвестбанкам» выпуск карты студэнта, у якой сумешчаны функцыянал студэнцкага білета і банкаўскай карты, – распавядае Віктар КОЧЫН, начальнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУ. – Гэта ўнікальная для нашай краіны распрацоўка, навукова-даследчыя і вопытна-канструктарскія працы вяліся на працягу 2016–2017 гадоў. У выніку мы распрацавалі і ўкаранілі тэхналогіі, якія дазваляюць на адным чыпе забяспечыць інтэграцыю банкаўскага і нашага ўніверсітэцкага функцыяналу. Таксама супрацоўнікамі ЦІТ было распрацавана сур’ёзнае праграмнае забеспячэнне па аўтаматызацыі перадачы дадзеных банку. Акрамя таго, што адна карта, якая выконвае адразу некалькі функцый, зручная для карыстальнікаў, яна яшчэ і выгадная для ўніверсітэта. Справа ў тым, што выдача студэнцкіх білетаў – вельмі фінансава выдатковая, а цяпер усе працэсы па вырабе абноўленых карт выконвае банк, што дазваляе нам значна зэканоміць.
Новы студэнцкі білет рэалізаваны на базе бескантактавай банкаўскай аплатнай карткі MasterCard. Звычайна такія карты выпускаюцца тэрмінам на тры гады, аднак спецыяльна для праекта банк працягнуў тэрмін дзеяння да чатырох гадоў – на ўвесь перыяд навучання студэнта ў бакалаўрыяце, каб не было неабходнасці перавыпускаць карту на працягу вучобы. Таксама ў новай студэнцкай карце выкарыстоўваецца чып новага пакалення, што забяспечыць высокую абарону персанальных дадзеных і практычна выключыць магчымасць падробкі.
Карта студэнта – гэта перш за ўсё дакумент ідэнтыфікацыі. Ён дазволіць прайсці ў карпусы і інтэрнаты ўніверсітэта, для гэтага картку неабходна прыкласці да турнікета ці прад’явіць супрацоўніку службы аховы і бяспекі, будзе выступаць у якасці чытацкага білета ў бібліятэцы БДУ, а ўказаны на ім лагін (для ўсіх студэнтаў пры залічэнні ствараюць уліковыя запісы) можна выкарыстоўваць для аўтарызацыі пры карыстанні інтэрнэтам на тэрыторыі ўніверсітэта.
– У далейшым мы, вядома, будзем імкнуцца развіваць функцыянал дадзеных студэнцкіх білетаў, – адзначае Віктар Паўлавіч. – У прыватнасці, плануем папрацаваць над ільготным харчаваннем, калі студэнты змогуць атрымліваць скідкі ў сталовых нашага ўніверсітэта. Таксама перамовы пра скідкі па карце студэнта вядзём і з рознымі арганізацыямі.
Начальнік ЦІТ не хавае: ёсць спадзяванне, што навучэнцы да абноўленых студэнцкіх білетаў будуць ставіцца сур’ёзней, не забываць і не губляць, бо зараз гэта яшчэ і аплатны сродак. Адзначым, што новыя карты атрымаюць усе студэнты дзённай формы навучання, а значыць, зараз уласны банкаўскі рахунак будзе і ў платнікаў. Студэнцкім білетам, напрыклад, можна будзе заплаціць за вучобу праз інтэрнэт-банкінг, перавесці грошы з карты на карту, што асабліва зручна, калі студэнту дапамагаюць бацькі.
У выпадку, калі студэнт адлічаны ці скончыў навучанне, то функцыянал, які адносіцца да розных сістэм універсітэта, ЦІТ проста дэактывуе, а вось карыстац-ца карткай у якасці аплатнага сродку можна будзе працягваць аж да канца тэрміну яе дзеяння. У першы навучальны тыдзень студэнцкія білеты новага ўзору атрымаюць усе першакурснікі дзённай формы навучання. Пытанне пра тое, ці замяняць студэнцкія білеты на шматфункцыянальныя карты студэнтам іншых курсаў, цяпер абмяркоўваецца. Адна з працоўных прапаноў – вырабляць замену па жаданні студэнта, аднак трэба разумець, што гэта будзе платная паслуга.
Дарэчы
БДУ задае тэндэнцыі: у 2003 г. студэнты нашага ўніверсітэта першымі змянілі папяровыя дакументы на смарт-карты. А ў 2011 г. Міністэрства адукацыі зацвердзіла студэнцкі білет у выглядзе электроннай карты ў якасці адзінага ўзору, які паступова ўвялі ўсе УВА краіны.
Відэа: