«Фестываль стаў прыкметнай з’явай культуры не толькі ў БДУ, але і ў краіне». Чым будзе здзіўляць «Тэатральны куфар» у гэтым годзе? [+відэа]

19 Sep, 2018.

“Тэатральны куфар” падводзіць вынікі сваёй працы за 15 гадоў. За ўвесь гэты час ён сабраў больш за 2500 удзельнікаў з 200 тэатраў 65 краін. У гэты раз арганізатары – упраўленне па справах культуры БДУ – вырашылі ўдосталь пайграцца з парадоксамі. Па іх рашэнні менавіта такая канцэптуальная абалонка абрана для сёлетняга сезона. Пад нязменным дэвізам “Традыцыі. Пошук. Эксперымент” на сцэне міжнароднага фэсту студэнцкіх і моладзевых тэатраў ажывуць гісторыі з класікі і сучаснасці.

Праграма фэсту ўключае 22 пастаноўкі, якія пакажуць з 20 па 27 верасня. Глядач знойдзе спектакль даспадобы, можна будзе ўбачыць дзеянні па творах У. Караткевіча, Я. Замяціна, У. Шэкспіра, Л. Разумоўскай, С. Алексіевіч, С. Бекета, Ф. Кафкі, А. Чэхава і іншых аўтараў. Тэатральныя пляцоўкі будуць размяшчацца ў ліцэі і на філалагічным факультэце БДУ, а таксама ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

“Тэатральны куфар” – транснацыянальная платформа, якая аб’ядноўвае таленавітую і актыўную моладзь. У фестывальнай праграме заяўлены дзіцячыя, студэнцкія і моладзевыя тэатры, сярод якіх ёсць і аматарскія, і прафесійныя калектывы. У гэтым сезоне БДУ прымае больш за 250 артыстаў з 12 краін: Беларусі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Ізраіля, Ірана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Узбекістана, Харватыі.

Асаблівасцю сёлетняга “Куфра” стала наяўнасць у афішы 6 дзіцячых пастановак. На сцэну выйдуць дзеці ва ўзросце 6–16 гадоў, якія прадставяць дзіцячыя тэатры з Беларусі, Расіі, Латвіі і Вялікабрытаніі.

Удзельнікаў згуртуе традыцыйны праект фэсту “Куфар-in-Motion”. Маладыя артысты на працягу тыдня створаць арыгінальнае дзейства па матывах паэмы “Каін” Д. Г. Байрана. Гэты працэс пройдзе пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Туркменістана, рэжысёра Аўлякулі Хаджакулі. Убачыць вынік сумеснай творчасці можна на цырымоніі закрыцця 27 верасня.

На адкрыцці фэсту 17 верасня прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ Іван Янушэвіч адзначыў, што фэст стаў прыкметнай з’явай культуры не толькі ў БДУ, але і ў краіне. Разам з тым выхаваўчыя моманты ў пастаноўках “Тэатральнага куфра” прымусяць задумацца, насычаная праграма напоўніць гледача натхненнем.

Як падкрэсліў начальнік упраўлення па справах культуры Вадзім Макарэвіч, “Тэатральны куфар” дапамагае раскрывацца маладым талентам. Па яго словах, праз магчымасці тэатральнай сцэны можна таксама павялічыць пазнавальнасць краіны.

– Мы адданыя нашаму дэвізу “Традыцыі. Пошук. Эксперымент” вось ужо 15 гадоў. Зыходзячы з гэтых важных слоў, мы плануем праграму фэсту, а тэатральныя калектывы ад іх адштурхоўваюцца пры вызначэнні таго, што яны хочуць паказаць гледачу: хтосьці грунтуецца на традыцыях, хтосьці імкнецца да эксперыменту. Лічу, што сёння тэатр арыентуецца больш на эксперымент і пошук новых формаў падачы. Напрыклад, Шэкспір і Чэхаў часта сустракаюцца ў нашай праграме, аднак кожны раз гэта новыя падыходы да вядомых твораў, – падзялілася сваім меркаваннем дырэктар фэсту “Тэатральны куфар, БДУ” Кацярына Саладуха.

Галоўныя прызы “Тэатральнага куфра”, які праводзіцца пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў, атрымаюць каманды па выніках галасавання гледачоў па 5-бальнай шкале, таксама сваю ацэнку выкажуць удзельнікі прафесійнага журы.

У дзень адкрыцця “Куфра” арганізатары правялі круглы стол: “Студэнцкія і моладзевыя тэатры сёння: праблемы і перспектывы”, дзе абмеркавалі тэму студэнцкага тэатральнага руху. Прысутныя прыйшлі да высновы, што “Тэатральны куфар” дае зразумець, што хвалюе маладое пакаленне ў наш час.

Таксама было адзначана тое, што сёння тэатральны рух краіны досыць разрознены: ёсць дзіцячыя, моладзевыя, студэнцкія, аматарскія, прафесійныя калектывы, і прыемна, што менавіта “Тэатральны куфар” аб’ядноўвае гэтых таленавітых людзей на адной пляцоўцы, тым самым даючы магчымасць самавыяўлення, зносінаў з калегамі з іншых труп.

Абмеркавалі і той момант, што часам са сцен студэнцкіх тэатраў маладыя людзі сыходзяць у акцёрскую прафесію. У прыватнасці, некалькі акцёраў са студэнцкага драматычнага тэатра БДУ “На балконе” пайшлі вучыцца ў тэатральныя ВНУ Беларусі і Расіі. Рэжысёр фэсту і тэатра БДУ “На балконе” Дзмітрый Цішко распавёў, што на сёння студэнцкія тэатры карыстаюцца папулярнасцю. Напрыклад, у тэатр “На балконе” на праслухоўванне прыйшло каля 140 чалавек, з іх адабралі толькі 8 студэнтаў. Дзмітрый лічыць, што, магчыма, варта было б весці на некаторых факультэтах спецкурсы па акцёрскім майстэрстве, асабліва гэта спатрэбілася б на тых спецыяльнасцях, дзе важна мець камунікатыўныя навыкі.

Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: