Карані праекта
Сёлета ў ліпені на базе кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі і НДЛ «Прыкладная механіка» механіка-матэматычнага факультэта БДУ сумесна з аддзелам міжнародных праграм і праектаў УМС была адкрыта вытворчая лабараторыя FABLAB.
– Праект FABLAB мае вытокі ў стартап-цэнтры па развіцці і прасоўванні інавацый студэнтаў SUCSID, праграме TEMPUS. Ён рэалізоўваўся кансорцыумам партнёраў з краін ЕС і СНД, – тлумачыць менеджар праекта FABLAB Васіліна РАМАНЕНКАВА, спецыяліст аддзела міжнародных праграм і праектаў. – Пазней амаль тым жа кансорцыумам быў створаны праект FABLAB у якасці лагічнага працягу атрыманага досведу, перанесенага на новы напрамак.
FABLAB накіраваны на распрацоўку асяроддзя, якое будзе стымуляваць інжынерную творчасць і прадпрымальніцкую дзейнасць, таксама ён паспрыяе працаўладкаванню моладзі з дапамогай сеткавай інфраструктуры ўзаемадзеяння ўніверсітэтаў, бізнесу і прамысловасці на платформах вытворчых лабараторый. Працягласць праекта – 3 гады.
– FABLAB была адкрыта Нілам Гершэнфельдам амаль 20 гадоў назад у цэнтры бітаў і атамаў Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (ЗША). Універсітэцкі праект, які першапачаткова прадугледжваў навучанне працы невялікай групы студэнтаў на наяўным у цэнтры вытворчым абсталяванні, ператварыўся ў глабальную сетку лабараторый, якія падзяляюць агульныя прынцыпы, выкарыстоўваюць падобнае абсталяванне і тэхналогіі, абменьваюцца ідэямі і рэсурсамі, – распавёў кіраўнік працоўнай групы праекта FABLAB Сяргей ХВЯСЕНЯ, загадчык НДЛ «Прыкладная механіка» кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі.
– Праект FABLAB атрымаў адабрэнне Еўрапейскай камісіі ў кастрычніку 2015 года, – працягвае Васіліна Раманенкава. – А пасля праходжання працэдуры рэгістрацыі ў Міністэрстве эканомікі з мая 2016 года пачаліся мерапрыемствы па рэалізацыі праекта ў Беларусі.
Абсталяванне лабараторыі
Па словах кіраўніка праекта, у лабараторыі можна стварыць для сябе адзін унікальны прадмет, а таксама выпусціць дробную партыю чаго-небудзь дзякуючы сучаснаму абсталяванню, якое ёсць у лабараторыі. Гэта тры 3D-прынтары, 3D-сканеры, лазерны гравёр і шэраг дадатковых прыкладных інструментаў з праграмным забеспячэннем для шліфавання, зборкі і іншых аперацый.
Прынтары дазваляюць ствараць суцэльныя трохмерныя аб’екты рознай геаметрычнай формы на аснове лічбавай мадэлі. 3D-сканаванне ажыццяўляе аўтаматычны збор і аналіз дадзеных патрэбнага аб’екта, яго формы, колеру і іншых характарыстык з наступным пераўтварэннем у лічбавую трохмерную мадэль. Лазерны гравёр апрацоўвае гатовыя мадэлі і матэрыялы, наносіць выявы на паверхню і паляпшае канструкцыі аб’ектаў.
Дарэчы, на ММФ ужо вядуцца буйныя фундаментальныя і прыкладныя навуковыя працы па геамеханіцы, механіцы машын і механізмаў, трыбафатыцы, біямеханіцы, якія патрабуюць выкарыстання 3D-прынтавання.
– Пакуль у БДУ ў працы FABLAB задзейнічана каля 10 студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і выкладчыкаў, – кажа Сяргей Хвясеня. – Усе ахвотнікі могуць скарыстацца гэтымі тэхнічнымі рэсурсамі, каб рэалізаваць прыкладныя праекты ў рамках выканання курсавых, дыпломных, навуковых прац, навукова-тэхнічных даследаванняў.
Кансорцыум праекта
У агульнай праграме задзейнічаны навучальныя ўстановы некалькіх краін. Сярод іх: Фонд бізнес-інкубатараў Зеландыі (Данія), Універсітэт Валенсіі (Іспанія), Грэта дэ Велей (Францыя), Генцкі ўніверсітэт (Бельгія), Вышэйшая школа менеджменту (Партугалія), ІРАДЫЯРЭ (Партугалія), ІПСА.
Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Украіны «КПІ» (Украіна), Харкаўскі нацыянальны эканамічны ўніверсітэт (Украіна), Цярнопальскі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (Украіна), Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік». А Новы ўніверсітэт Бакінгемпшыра (Вялікабрытанія) выступае ў ролі каардынатара праекта.
Пры выкананні першых крокаў праекта быў праведзены аналіз наяўнага досведу працы і кіравання фаблабамі ў ЕС і партнёрскіх краінах. Як дзеляцца кіраўнікі праекта, сумесна з пазначанымі ўстановамі праводзіцца шэраг трэнінгаў, сустрэч і семінараў.
Характэрна тое, што на аснове навучальных трэнінгаў былі распрацаваны і знаходзяцца на ўзгадненні з каардынатарам навучальныя курсы па па комплексе тэматык FABLAB: «Хуткае прататыпаванне і вытворчасць», «Тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач», «3D-мадэляванне і праектаванне», «Кіраванне фаблаб-праектамі» і «Распаўсюджанне на рынку». Плануецца ўвесці іх у навучанне ў якасці спецкурсаў.
Якія вынікі чакаюцца?
У планах – праводзіць трэнінгі і майстар-класы для школьнікаў і студэнтаў, выйсці на шматсерыйную вытворчасць, узаемавыгадныя фінансавыя адносіны з заказчыкамі, партнёрамі-стартапамі. Папярэднія дамоўленасці ёсць, адзначае кіраўнік праекта.
– Удзел у дадзеным праекце спрыяе пашырэнню ведаў і кампетэнцый, якія ёсць у БДУ, па розных напрамках FABLAB, – лічыць Сяргей Хвясеня. – Гэта пераламленне ідэй і кампетэнцый выкладчыкаў і навучэнцаў у рэальныя бізнес-праекты. Яны могуць выйсці на прамысловыя ўзоры і вытворчасць поўнага цыкла.
– Праект завершыцца ў 2019 г. для Еўрапейскай камісіі і групы БДУ ў тым ліку. Далей – устойлівае развіццё, усё тое, што створана і напрацавана, павінна запусціцца і працаваць. А менавіта зацвярджэнне спецкурсаў, плана далейшай працы і выкананне шэрагу ўжо пазначаных праектаў у кантэксце FABLAB, – удакладняе Васіліна Раманенкава.
Кантакты
Усе навіны, публікацыі, анонсы і іншая карысная інфармацыя даступная на партале fablab-erasmus.eu і ў сацыяльнай сетцы Facebook: facebook.com/fablaberasmus.
Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Васіля Кузьмічкіна