20% усіх гульцоў – праграмісты. Эрудыты разбіраліся з “вузкімі” пытаннямі на інтэлектуальным турніры

10 Oct, 2018.

XIV Кубак Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод студэнцкіх каманд прайшоў з 5 па 7 кастрычніка ў Ліцэі БДУ. Удзел у ім прынялі 36 каманд з Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Азербайджана і Латвіі. Гэта пераможцы і прызёры нацыянальных адборачных тураў. Ад Беларусі былі прадстаўлены восем каманд, адна з якіх – “Раніца ў забароненым лесе” – узяла бронзу ў “Што? Дзе? Калі?” і “Эрудыт-квартэце”.

Мінулы чэмпіянат упершыню праходзіў у Мінску, да гэтага 11 разоў – у Санкт-Пецярбургу, 12-ы – у Віцебску, 13-ы і 14-ы ў Мінску. Удзельнікі і госці вельмі добра ацанілі арганізацыю і месца правядзення кубка, таму выбар ізноў прыпаў на Мінск. “Адказныя арганізатары – мы, беларусы, дапамагаць прыязджаюць з Украіны, Расіі”, – тлумачыць Герман Чэпікаў, член аргкамітэта, намеснік дырэктара Беларускай лігі інтэлектуальных каманд.

Гульцы на гэтым чэмпіянаце – усе, хто нарадзіўся раней за 1 верасня 1994 года. Пад гэты студэнцкі ўзрост падыходзяць і нестуденты. Напрыклад, 15–20 % усіх гульцоў – праграмісты. А хто ёсць са студэнтаў? “Менавіта гэты чэмпіянат Еўропы – камандны, гульцы могуць прадстаўляць розныя ВНУ. БДУ і БДУІР лідары студэнцкага руху. Аднак БДУ мае вельмі вялікі пласт – гэта 60–70 % гульцоў. Летась каманда з БДУ “Раніца ў забароненым лесе” ўзяла бронзу, сёлета ад іх чакалася перамога”. Узнагароду каманда пацвердзіла і сёлета! Трэцяе месца пасля дзвюх расійскіх каманд недасяжнага ўзроўню, як кажуць беларускія эксперты-знаўцы.

Прычын некалькі. Па-першае, Расія – флагман па інтэлектуальных гульнях. “Што? Дзе? Калі?” – гульня, прыдуманая ў Маскве, як правіла, расіяне – найлепшыя гульцы элітарнага клуба. У іх моцнае трэнерства і традыцыі. Па-другое, расійскія трэнеры ведаюць больш, але не ўсімі методыкамі і ведамі дзеляцца з беларусамі. Вось і атрымліваецца, што сярэдні ўзровень іх каманд заўсёды вышэйшы, але беларускія каманды заўсёды на ўзроўні.Пытанні рыхтавалі рэдактары з Украіны, Расіі, Беларусі, Казахстана. Як жа атрымліваюцца цікавыя пытанні, над якімі даводзіцца паламаць галаву? “Гэта фокус увагі: фіксуеш цікавыя факты, калі чытаеш кнігу, глядзіш фільм ці ідзеш па вуліцы і бачыш цікавую шыльду. З гэтых фактаў могуць нарадзіцца добрыя пытанні. З 45 напісаных пытанняў звычайна адсейваюцца дзве траціны. Неадназначная сітуацыя з “вузкімі” пытаннямі, гэта хваравітая праблема для сусветнага ШДК. Некаторыя лічаць, што штосьці пытаць нельга, а іншыя ім адказваюць “вы павінны несці веды ў масы”. Я займаю бок апошніх: калі ёсць факт, які карысна ведаць гульцу і проста чалавеку, то гэта можна спытаць. Не адказалі – затое даведаецеся”, распавядае Герман Чэпікаў.

Прызёрамі студэнцкага кубка Еўропы–2018 сталі:

“Што? Дзе? Калі?”: першае месца – Das Gemeine (Санкт-Пецярбург), другое – “Першая зборная” (Масква), трэцяе за намі – “Раніца ў забароненым лесе” (Мінск).

У эрудыт-квартэце: золата за “Манікюрам для Нагльфара” (Санкт-Пецярбург), серабро за Das Gemeine, бронза за “Раніцай у забароненым лесе”.

У “Брэйн-рынгу” першае месца за Іркуцкам – “Кудраўчык і Вахрыўка”, другое і трэцяе – Мінск, Black Jack і “Аксамітавы Сазон”.

У “Сваёй гульні” першае месца ў Станіслава Адаскевіча з Мінска, Ягора Мамантава з Іркуцка, Уладзіслава Тарасава з Цюмені.

Надзея МАРХЕЛЬ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: