На літаратурным свяце“КЛУмБы” былі выбраны лепшыя творы

27 Dec, 2018.

Клуб аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”, які створаны пры Фундаментальнай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта больш як чатыры гады назад, з цікавасцю і надзеяй назіраў за літаратурным конкурсам, які прайшоў ва ўніверсітэце ў адыходзячым годзе і быў прысвечаны Году малой радзімы. Конкурс пад назваю “Я гэты край радзімаю заву” аб’яднаў студэнтаў розных факультэтаў жаданнем прысвяціць дарагім сэрцу мястэчкам, дзе яны нарадзіліся і выраслі, свае лепшыя літаратурныя радкі. Такім чынам выявіліся новыя аматары мастацкага слова, якія спадяемся папоўняць рады ўніверсітэцкіх клумбаўцаў.

Напрыканцы года на філалагічным факультэце БДУ прайшло падвядзенне вынікаў конкурсу .У склад журы ўвайшлі кандыдат філалагічных навук, намеснік дэкана факультэта журналістыкі Фёдар Драбеня , кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Ігар Запрудскі і кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Славяна Шамякіна. Дасведчанае журы вызначыла дзесяць пераможцаў. Сярод іх аказаліся студэнты факультэта журналістыкі, філалагічнага і біялагічнага факультэтаў, а таксама дзяржаўнага экалагічнага інстытута БДУ імя Сахарава і навучэнка ліцэя БДУ Вольга Нікіценка, якая стала пераможцай ў намінацыі “Вершы”. Лепшымі ў паэтычным жанры аказаліся таксама студэнтка філалагічнага факультэта Віалета Ускова і студэнтка факультэта журналістыкі Кацярына Ігнатовіч.

А вось ў намінацыі “Апавяданне” аўтарытэтнае журы вызначыла толькі адну пераможцу. Ёю стала Кацярына Тарасава, першакурсніца факультэта журналістыкі. Намінацыю “Эсэ” раздзялілі паміж сабою філалагіня Віялета Ускова і журналістка Кацярына Касцевіч.

Студэнткі факультэта журналістыкі Лейчанка Анастасія, Кастэнка Елізавета і Марыя Мядзьведзева не аддалі пальму першынства іншым факультэтам і ў намінацыі “Артыкулы” раздзялілі яе паміж сабою.

На жаль, толькі па аднаму канкурсанту прынялі ўдзел у намінацыях “Рэпартаж”, “Інтэрв’ю” і “Фэнтазі”, але аўтарскія работы аказаліся дастаткова цікавымі і журы вызначыла іх аўтараў дыпламантамі конкурсу

Імі сталі студэнтка факультэта журналістыкі Кацярына Касцевіч, студэнтка міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя Сахарава Анастасія Лубнеўская  і Надзея Лазерка, студэнтка біялагічнага факультэта БДУ.

На літаратурным свяце пераможцы і лаўрэаты конкурсу натхнёна чыталі ўрыўкі з сваіх твора. А студэнты першага курса гістарычнага факультэта на памяць дэкламавалі вершы А. Пісьмянкова і Я. Янішчыц , а таксама выконвалі песні на словы Ул. Караткевіча і Лявона Вольскага . На роднай мове, з добрым імпэтам вялі вечарыну Мікіта Крыцук, пяцікурснік факультэта міжнародных адносін, і філалагіня-першакурсніца Маша Пятрэнка.

Ганаровым госцем на свяце стаў лаўрэат нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, пісьменнік Міхаіл Пазнякоў, які ўважліва прачытаў работы ўдзельнікаў конкурсу і лепшых узнагародзіў дыпломамі і памятнымі падарункамі ад Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Так сярод вызначаных аказаліся яшчэ Ганна Сакалова і Мацвей Зайцаў, студэнты факультэта журналістыкі, а таксама Аляксандр Паршанкоў, студэнт гістарычнага факультэта БДУ. Удзельнікаў конкурсу павіншавала прафесар, доктар філалагічных навук,  намеснік старшыні першаснай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» БДУ і старшыня грамацкага аб’яднання “Саюза жанчын БДУ” Ірына Казакова. Ад імя азначаных аб’яднанняў, арганізатараў конкурсу, яна ўручыла пераможцам памятныя сувеніры.

На падвядзенні вынікаў конкурсу акрамя яго ўдзельнікаў прысутнічалі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта, а таксама супрацоўнікі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, якая была адным з галоўных конкурсных арганізатараў.  Перад тым як уручыць дыпломы пераможцам, дырэктар бібліятэкі Уладзімір Кулажанка пажадаў усім удзельнікам абавязкова прадаўжаць займацца літаратурнаю справаю і звярнуў іх увагу на літаратурны клуб “КЛУмБа”, які з’яўляецца гонарам бібліятэкі і ўжо мае сваю добрую гісторыю.

Кіраўнік клуба, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, маладая паэтка Кацярына Роўда запрасіла ўсіх, хто шчыра цікавіцца мастацкім словам, апантаны літаратурнай творчасцю, каму не стае зацікаўленых чытачоў i магчымасцi выступаць на ўсемагчымых пляцоўках i форумах краiны, папоўніць рады перспектыўнага моладзевага аб’яднання “КЛУмБа”.

І тут жа, пасля ўрачыстасці, ў чытальнай зале фiлалагiчнага факультэта адбылося iмправiзаванае пасяджэнне літаратурнага клуба, у якiм асаблівую зацiкаўленасць і актыўнасць  праявілі ўдзельнiкi конкурсу. Усцешыла жаданне творчай моладзi БДУ працаваць, развiвацца, несцi ў cвет шчырасць, наталяць i наталяцца добрым мастацкім словам.

Ірына ШКІРОНАК

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: