«Не жывіце ў свеце навязаных стэрэатыпаў, штампаў і клішэ. Кожная жанчына ўнікальная», – кажа Ірына КАЗАКОВА, старшыня Саюза жанчын БДУ. Мы сустрэліся з Ірынай Валер’еўнай з нагоды 20-годдзя арганізацыі і пагаварылі пра гэту круглую дату, пра вясновае абнаўленне і жаночую душу.
«Ад сакавіка да мая» – цыкл, прысвечаны круглай даце арганізацыі
Першая дата ў летапісе ГА «Саюз жанчын БДУ» – 1999 год. Тады ініцыятыўная жаночая група, якую ўзначальвала Святлана Рыгораўна Савіна (яна і стала першай старшынёй Саюза жанчын), вырашыла, што не хапае аб’яднання, якое б актуалізавала ролю жанчын у БДУ, дапамагала б у абароне іх правоў і інтарэсаў. І гэту ініцыятыву падтрымаў рэктарат. Ірына Валер’еўна распавядае:
– Заўсёды абараняючы інтарэсы членаў нашай арганізацыі, мы перш за ўсё працуем на імідж універсітэта. Пратакол пра стварэнне аб’яднання быў падпісаны на Савеце БДУ 6 чэрвеня 1999 года, аднак падрыхтоўка да гэтага рашэння пачалася з прыходам вясны. Таму мы вырашылі назваць цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных круглай даце, «Ад сакавіка да мая». Праграма ўключае круглыя сталы: «Роля жанчыны ў развіцці навукі і адукацыі», «Роля жанчыны ў захаванні нацыянальных традыцый і сямейных каштоўнасцяў», «Жанчына ў прафсаюзным руху» і інш. Будуць кніжныя выставы пра ролю жанчыны ў беларускай гісторыі, выстава фундаментальных прац жанчын – дактароў навук нашай арганізацыі. Таксама адбудзецца форум маладых жанчын – будучых лідараў на тэму фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі нашай моладзі; семінар, прысвечаны прапагандзе здаровага ладу жыцця, і іншыя важныя падзеі і сустрэчы.
«Каб не толькі паважалі яе пасаду, але і шанавалі як асобу»
Нездарма дэвіз грамадскай арганізацыі «Verbo еt Facto», што азначае «Словам і справай». Гэта фраза стала ключавой у яе дзейнасці. Яны заўсёды побач, дапамогуць і словам, і справай. Саюз жанчын БДУ функцыянуе ў цесным супрацоўніцтве з рэктаратам, дэканатамі, з усімі структурнымі падраздзяленнямі БДУ. Сёння ў арганізацыі налічваецца каля 450 чалавек.
Шмат увагі надаецца сацыяльнаму кірунку дзейнасці. Аказваецца падтрымка шматдзетным маці; людзям з абмежаванымі магчымасцямі; пенсіянерам; студэнтам, якія пазбавіліся бацькоўскай апекі; арганізоўваюцца бясплатныя кансультацыі з рознымі спецыялістамі: юрыстамі, псіхолагамі, урачамі.
Рэалізуюцца некалькі міжнародных ініцыятыў. Праект «Я выбіраю Беларусь!» накіраваны на сумесную дзейнасць з замежнымі студэнтамі і выкладчыкамі, якія абралі Беларусь для вучобы, працы і жыцця. Адбыўся моладзевы фэст культур «Беларусь вiтае сяброў!» з удзелам 5 дыпмісій.
– Таксама ў нас створаны клуб міжкультурных камунікацый Global Vitae. На яго базе арганізуюцца адукацыйныя візіты ў розныя ўніверсітэты свету для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і супрацоўнікаў БДУ. Летась мы наведалі Германію. Цяпер распрацоўваем наступную праграму, – працягвае старшыня арганізацыі. – Для членаў Саюза жанчын у межах дадзенага клуба працуюць бясплатныя курсы па вывучэнні замежных моў і культур. Ужо сфарміраваны тры праграмы, разлічаныя на паўгода: «Кітайская мова і культура», «Нямецкая мова і культура», «Польская мова і культура». Заняткі вядуць галоўным чынам носьбіты мовы.
Саюз жанчын спрыяе развіццю навукі ва ўніверсітэце: арганізоўвае навукова-практычныя канферэнцыі і семінары. Пра гэта Ірына Валер’еўна кажа так:
– Мы з’яўляемся аўтарамі першай у Беларусі серыі канферэнцый «Роля жанчыны ў развіцці навукі і адукацыі», у 2016 г. удзельнікамі пілотнай канферэнцыі стала больш за 350 навукоўцаў з 26 краін. Летась мы зладзілі канферэнцыю «Жанчыны-навукоўцы Беларусі і Казахстана», а ўжо 15 сакавіка пройдзе канферэнцыя «Жанчыны-навукоўцы Беларусі і Кітая».
Саюз жанчын БДУ з’яўляецца адным з заснавальнікаў агульнаўніверсітэцкага электроннага навукова-асветніцкага часопіса
«Сафія». Праект аб’яднаў навукоўцаў па прыродазнаўча-гуманітарных галінах. Ірына Казакова адзначае, што ў планах стаіць развіццё рубрыкі «Педагогіка і інавацыі», бо сёння гэта адна з найважнейшых тэм у адукацыі.
Саюз жанчын выступае за прапаганду здаровага ладу жыцця, арганізоўвае мерапрыемствы патрыятычнай, асветніцкай, гісторыка-культурнай скіраванасці. Дзейнічаюць клубы: «Спадарыня», «Ефрасіння», «Алімпія БДУ» і інш.
«У чым таямнічая сутнасць жанчыны?»
ГА «Саюз жанчын БДУ» прапануе адзначыць прыход вясны і Міжнародны жаночы дзень канцэртам «Для мам і мілых дам!», выставай творчых прац выкладчыкаў і студэнтаў «Вясна–2019», літаратурна-музычнымі вечарамі з удзелам замежных студэнтаў і выкладчыкаў.
З 5 па 12 сакавіка арганізавана інтэрактыўная выстава «Бабкі Ёжкі і Ягабабачкі» з больш чым 50 унікальнымі экспанатамі ад рамеснікаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, а таксама калекцыямі з фондаў кабінета-музея беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта і супрацоўнікаў БДУ.