Свет хутка змяняецца, і таму студэнтаў трэба вучыць быць больш гнуткімі, мабільнымі і крэатыўнымі. Так лічыць чарговы герой нашага праекта «Новы погляд» Вольга ПРАКАПЧУК – кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчыца кафедры класічнай філалогіі філалагічнага факультэта БДУ.
«Класіка» і сучаснасць
У 15 гадоў Вольга Пракапчук прыехала з Гродна, каб паступіць у гісторыка-філалагічны клас Ліцэя БДУ. Атмасфера ліцэя ў значнай ступені паўплывала на яе светапогляд, выклікала жаданне паспрабаваць сябе ў навуцы. Чырвоны дыплом па заканчэнні філфака, тут жа магістратура, аспірантура і абарона ў тэрмін – усё атрымлівалася лёгка і нязмушана, таму што побач заўсёды былі неверагодныя настаўнікі, а ў душы – прага новых ведаў. Вольга Генрыхаўна мяркуе, што дзякуючы ўніверсітэту ёй удалося знайсці сваё сапраўднае прызначэнне.
– Выразна памятаю, як на першым сходзе ў Ліцэі БДУ нам сказалі: «Вы будучая інтэлектуальная эліта Беларусі». Гэтыя словы запалі ў душу, увесь час служылі стымулам да самаразвіцця, – успамінае Вольга Генрыхаўна. – Патрапіўшы ў БДУ, не захацела адсюль сыходзіць. Калі паступала на філалагічны факультэт, абрала новую, перспектыўную спецыяльнасць: гэта быў першы набор на класічную філалогію. У савецкі час філолагаў-класікаў – спецыялістаў па лацінскай і старажытнагрэчаскай мовах і антычнай літаратуры – рыхтавалі толькі ў Маскве, Ленінградзе, Львове і Тбілісі. Пазней, ужо ў часы незалежнай Беларусі, з’явілася неабходнасць ва ўласных кадрах. Пасля аспірантуры засталася працаваць на роднай кафедры.
Велізарным поспехам Вольга Генрыхаўна лічыць тое, што лёс звёў яе з унікальнымі людзьмі, якія сталі для яе настаўнікамі. Сярод іх – Антаніна Васільеўна Гарнік, Ніна Барысаўна Мячкоўская, Андрэй Зіноўевіч Цісык і, вядома ж, Галіна Іванаўна Шаўчэнка, якая заснавала і больш за 20 гадоў узначальвала кафедру класічнай філалогіі. Змяніўшы ў 2017 г. Галіну Іванаўну на пасадзе загадчыцы, Вольга Пракапчук адклікаецца пра яе як пра сапраўднага прафесіянала, эрудыта і бліскучага педагога:
– Яна ставілася да нас як маці, укладвала ў студэнтаў сілы і душу. Мы таксама імкнёмся надаваць нашым студэнтам-класікам шмат увагі. Бо ў нас складаная спецыяльнасць, можна сказаць, вышэйшы пілатаж у філалогіі. Патрэбныя моцныя лінгвістычныя здольнасці, развітая логіка, уседлівасць, уменне бачыць сувязь паміж класічнай старажытнасцю і сучаснасцю.
Кафедра з’яўляецца выпускаючай па спецыяльнасці «Класічная філалогія». Набор студэнтаў – раз у 4 гады. Гэта будучыя выкладчыкі лацінскай, старажытнагрэчаскай мовы і антычнай літаратуры. Спецыялісты рэдкія і ўнікальныя. Быць больш запатрабаванымі на рынку працы ім дапамагаюць веды новагрэчаскай і англійскай.
– Нашы выпускнікі ідуць выкладаць на гуманітарныя факультэты вядучых навучальных устаноў краіны, у медыцынскія ўніверсітэты, каледжы. Таксама яны працуюць у аддзелах рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі, Навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, у Нацыянальным архіве, г. зн. там, дзе патрэбныя спецыялісты па рэдкіх у наш час лацінскай і старажытнагрэчаскай мовах.
Супрацоўнікі кафедры выкладаюць не толькі студэнтам спецыяльнасці «Класічная філалогія». Лацінская і старажытнагрэчаская мовы вывучаюцца на такіх факультэтах, як філалагічны, гістарычны, юрыдычны, хімічны, біялагічны, ФФСН, ФСК, ФМА.
Вольга Генрыхаўна робіць акцэнт на тым, што латынь з’яўляецца тым падмуркам у падрыхтоўцы спецыяліста, які дапамагае прафесійна валодаць навуковай тэрміналогіяй у сваёй галіне ведаў, глыбей разумець родную і замежныя мовы.
Ад малой радзімы да сусветнай арэны
Па меркаванні загадчыцы кафедры, адной з найважнейшых мэт у арганізацыі навучальнага працэсу стала падрыхтоўка канкурэнтаздольных спецыялістаў, якія могуць творча падыходзіць да рашэння розных задач. Таму на кафедры студэнтам прапануюць чаргаваць звыклыя лекцыі і практычныя заняткі з крэатыўнымі конкурсамі, стажыроўкамі, праграмамі, якія развіваюць у маладых людзях неабходныя якасці. Напрыклад, з мэтай развіцця асобы студэнта, актывізацыі яго творчага мыслення кафедра штогод праводзіць агульнаўніверсітэцкі конкурс творчых прац «Культурная спадчына антычнасці і сучаснасць». Ёсць шэраг іншых значных студэнцкіх праектаў.
– Да года малой радзімы нашы студэнты працавалі над даследчым праектам «Лацінамоўныя надпісы ў храмах Беларусі». Яны тры месяцы збіралі і перакладалі надпісы ў храмах Мінска і абласных цэнтраў. Вынікі працы былі сабраны на выставе, якую можна ўбачыць на факультэце. Надпісы ў экспазіцыі суправаджаюцца перакладам і навуковым апісаннем.
Так нашы студэнты далучыліся да вывучэння лацінамоўнай спадчыны нашай краіны, – распавядае Вольга Генрыхаўна пра студэнцкі практыка-арыентаваны адукацыйны праект. – У планах вывучыць касцёлы раённых цэнтраў і вёсак. Таксама кафедра супрацоўнічае з Нацыянальным гістарычным музеем, дзе мы плануем ажыццявіць пераклад з латыні надпісаў на экспанатах, даць іх навуковае апісанне. Мы ўжо працуем над перакладам карт перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Кафедра падтрымлівае міжнародныя кантакты з падраздзяленнямі адпаведнага ці сумежнага профілю ўніверсітэтаў Грэцыі, Польшчы, Украіны, Расіі. Так, кафедра супрацоўнічае з факультэтам Artes Liberales Варшаўскага ўніверсітэта ў праекце, тэмай якога стала ўспрыманне класічнай старажытнасці ў дзіцячай і юнацкай культуры. На міжнароднай канферэнцыі, якая праводзіцца ў рамках праекта, удзельнікі прадставілі англамоўныя даклады і тэматычныя плакаты, прысвечаныя вобразам персанажаў старажытнагрэчаскай міфалогіі ў сучаснай культуры. Акрамя гэтага, у рамках працы з гэтым жа ўніверсітэтам студэнты-класікі знялі навучальны фільм на англійскай мове «Myths Around Us». У роліку прадэманстравалі, якія памылкі робяцца пры выбары для фірмаў і гандлёвых марак назваў, заснаваных на міфах.
– 22 сакавіка прынялі ўдзел у міжнародным ліёнскім лаціна-грэчаскім фэсце. Для папулярызацыі антычнай культуры французы прапанавалі штогод па ўсім свеце ў адзін і той жа час чытаць антычных аўтараў. Сёлета ўсе захопленыя чыталі «Іліяду» Гамера. Наша кафедра праводзіла адкрытую лекцыю па гэтым аўтару, чыталі твор на старажытнагрэчаскай і беларускай мовах. А ў якасці слухачоў на мерапрыемства запрасілі вучняў СШ № 66 Мінска. Відэа нашай працы выклалі на сайце фестывалю, – кажа загадчыца кафедры.
Новыя гарызонты
Сёння, калі змяняецца сама структура адукацыі, студэнты могуць атрымаць веды не толькі ў аўдыторыі. Вольга Генрыхаўна працягвае:
– Мы выкарыстоўваем дыстанцыйныя тэхналогіі адукацыйнага партала філалагічнага факультэта БДУ, матэрыялы сайта кафедры. Эфектыўнай падрыхтоўцы спецыялістаў, аптымізацыі дзейнасці па распрацоўцы новых формаў навучальна-даследчай працы студэнтаў і кантролю за самастойнай працай студэнтаў будзе спрыяць адкрыццё кабінета грэчаскай філалогіі пры кафедры.