Да стагоддзя першай вышэйшай навучальнай установы Беларусі выдадзена другая кніга з серыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: 100 гадоў на карысць Айчыны». У ёй прадстаўлены жыццёвыя і творчыя біяграфіі 28 выбітных навукоўцаў у розных галінах ведаў, якія працавалі ў БДУ ў 1919–1961 гг. Мы пагаварылі з навуковым рэдактарам кнігі і адным з аўтараў нарысаў, загадчыкам кафедры гісторыі Расіі прафесарам Алегам ЯНОЎСКІМ пра ўнёсак выдатных навукоўцаў БДУ ў развіццё нацыянальнай адукацыі і навукі, а таксама пра значэнне гістарычнага кантэксту ў сучасным абліччы нашага ўніверсітэта.
– Серыя кніг пад агульнай назвай «Інтэлектуальная эліта Беларусі» прымеркавана да надыходзячага 100-гадовага юбілею нашага ўніверсітэта. Гэта знакавая падзея для ўсёй краіны, паколькі гаворка ідзе не толькі пра стварэнне першага сапраўды беларускага Універсітэта, але і пра пачатак фарміравання цэласнай сістэмы вышэйшай адукацыі і навукі Беларусі, у чым ролю БДУ цяжка пераацаніць. Пры падтрымцы кіраўніцтва БДУ за апошнія тры гады выкладчыкі гістарычнага факультэта прарабілі комплексную пошукавую працу, якая дазволіла сабраць унікальныя гістарычныя матэрыялы. У аснову дадзенай кнігі і серыі ў цэлым пакладзены прасапаграфічны метад. Ён дазволіў стварыць не проста нейкую калектыўную біяграфію найбольш выбітных прадстаўнікоў універсітэцкай карпарацыі, але праз персаніфікацыю аповеду адлюстраваць незвычайнасць кожнага чалавека і яго значны ўнёсак для нашай краіны.
Аб’ектам гістарычных даследаванняў можа быць мегагісторыя – яна падуладная глабальнаму мысленню, усёахопнасці. Ёсць і мікрагісторыя – дапусцім, гісторыя нашай alma mater у межах навукова-адукацыйнай сферы краіны. Але абодва падыходы ў асэнсаванні гісторыі без чалавека не існуюць, бо гісторыя саткана з вынікаў дзейнасці канкрэтных людзей. Захапляючыся мегапраектамі, мы пакідаем у забыцці асоб, якія пражылі вельмі складанае і выніковае жыццё. Нават у гісторыі нашага ўніверсітэта мы шмат чаго не ведаем з таго, што было важным складнікам яго дзейнасці 20, 50 і 100 гадоў назад. Мы «забраліся на плечы тытанаў» і не ўсведамляем, дзякуючы каму мы сёння маем магчымасць ганарыцца сваёй ВНУ. Мы прывыклі казаць пра сябе, пра сучасныя вынікі, а пра дасягненні папярэднікаў нярэдка згадваем мімаходзь. Але зададзімся пытаннямі: а кім усебакова прапісаны асоба і заслугі Усевалада Ігнатоўскага? Хто належным чынам увекавечыў імя і дзеі нашага першага рэктара Уладзіміра Пічэты? Свайго актыўнага працягу чакае ўніверсітэцкая серыя «Памяць і слава», у якой абавязкова павінны знайсці адлюстраванне справы і думкі сотняў інтэлектуалаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Так, імёны некаторых ушанаваны ў мемарыяльных дошках, але хацелася б, каб імя У. І. Пічэты гучала ў назве адной з цэнтральных вуліц горада: там, дзе ён ствараў наш беларускі Універсітэт!
– Я з 1973 года пагружаны ў гісторыю вышэйшай школы Беларусі і ўсяго СССР. За дзесяцігоддзі ў асабістым архіве назапасіўся вялікі дакументальны і бібліяграфічны матэрыял, фактаграфія. Гэта дазваляе бачыць БДУ і маштабна, і ў дэталях. Але важнейшае за ўсё тое, што побач сабралася кола неабыякавых, добра дасведчаных у «рамястве» гісторыка калегаў – сталых і маладых даследчыкаў. А імёны для ўключэння ў дзве кнігі, якія ўжо адбыліся (як і ў трэцюю, што рыхтуецца сёння), усебакова абмяркоўваліся з удзелам кіраўніцтва ўніверсітэта, дэканаў і прафесараў многіх факультэтаў. І не было нейкіх вострых спрэчак, пярэчанняў. Усе імкнуліся да аднаго: як бы не забыцца кагосьці, як максімальна поўна суаднесці асабістую біяграфію з біяграфіяй універсітэта ці канкрэтнага факультэта, кафедры. Вядома, зыходзілі з несумненна высокай знакавасці асобы, як і прымаючы ў разлік магчымасць правядзення паўнавартаснага даследавання.
Я ганаруся тым, што ўсе аўтары вельмі добрасумленна і творча правялі свае даследаванні. Яны адкрылі такія «навуковыя шлюзы», пра наяўнасць якіх я раней і не думаў. Выйшлі на сайты, музеі, бібліятэкі, усталявалі цесныя кантакты са сваякамі. Мы многіх асоб проста рэанімавалі з гэтага бяспамяцтва.
Самыя разумныя людзі займаліся аналізам і рэалізацыяй таго, што вызначыла на дзесяцігоддзі першынство ўніверсітэта ў сістэме вышэйшай школы БССР, яго высокі аўтарытэт у цэлым у СССР.
Ці яшчэ была нагода ўскрыкнуць «эўрыка!». А. П. П’янкоў – трэці дэкан гістарычнага факультэта і першы, хто абараніў доктарскую дысертацыю па расійскай медыевістыцы. Калі я ўжо падрыхтаваў матэрыял пра яго, выйшаў на мяне ўнук Аляксея Пятровіча і паведаміў, што ў яго захаваўся надзвычай багаты сямейны архіў дзеда. Цяпер з маім калегам Міхаілам Фёдаравічам Шумейкам яго вывучаем. А там унікальныя рэчы – перапіска з акадэмікам Дзмітрыем Грэкавым, гісторыкам і наркамам Міхаілам Пакроўскім. Гэта не апошнія людзі ў гісторыі СССР. Хоць перапіску наш дэкан вёў з імі ледзь не на «сяброўскай назе»! П’янкоў сам быў буйным расіязнаўцам, але ён жа стварыў першую праграму па гісторыі Беларусі, вывучыў беларускую мову, хоць сам нарадзіўся ў Пермі і паспеў папрацаваць у Палтаве – вось такі наш герой. Аляксандр Савіч – унікальны гісторык, таксама расіязнаўца, але ўжо беларускага паходжання. Шмат гадоў назад яшчэ ў Мардовіі неяк трапіў мне ў рукі каляндар. У ім была паказана дата і месца нараджэння беларускага гісторыка Савіча. А вось на радзіме ў Беларусі не сустракаў нічога падобнага. Прыйшлося грунтоўна засесці ў архівы, каб імя аднаго з першых прафесараў БДУ было адроджана. Тым больш што, як выявілася, яго творчае жыццё ўсеяна проста дэтэктыўнымі сюжэтамі.
Не менш цікавым і павучальным было жыццё ў навуцы і ў савецкіх універсітэтах намесніка Пічэты Саламона Кацэнбогена (а быў ён яшчэ і намеснікам наркама асветы ССРБ). Пра яго, скрупулёзна сабраўшы шырокі фактычны матэрыял, напісаў мой вучань Андрэй Максімчык. Ён падняў унікальны пласт дакументаў, знайшоў у Екацярынбургу сямейны архіў, унука – у Германіі, унучку – у Піцеры (яны далі сапраўды неацэнныя дакументы пра БДУ і Беларусь пачатку 1920-х гадоў). Гэты ўніверсітэцкі філосаф быў рэктарам Казанскага ўніверсітэта, потым выявіў сябе ў ВНУ Свярдлоўска. Калі ён пакідаў універсітэт, студэнты напісалі яму шчыры падзячны ліст, які цяпер упрыгожвае калекцыю музея гісторыі БДУ.
У абедзвюх кнігах шмат гучных прозвішчаў, той жа Георгій Канстанцінавіч Жукаў, які займаўся ваеннай падрыхтоўкай студэнтаў
у 20–30-я гг. Ваенная падрыхтоўка не страціла сваёй актуальнасці і цяпер. А калі пачалася фізкультурызацыя? Раней гэта лічылася буржуазнай з’явай, пакуль у 1928 годзе на палявыя зборы пад Бабруйскам не прыехалі рэктар У. І. Пічэта, ваенкам М. М. Пятроў і некаторыя члены Савета БДУ. Афіцэры ім кажуць: вашы студэнты кволыя і фізічна не падрыхтаваныя. Кіраўнікі ўніверсітэта вяртаюцца ў Мінск, збіраюць савет і прымаюць рашэнне ўвесці рэгулярныя фізкультурныя заняткі ў рамках навучальнага працэсу. І да ваеннай кафедры дадаецца фізкультурная. Нават за такой як бы ардынарнай падзеяй у гісторыі БДУ стаялі канкрэтныя людзі, іх ініцыятыва і ўменне знайсці дакладнае рашэнне рухалі наш універсітэт, удасканальвалі яго шматбаковую дзейнасць. А якія гарачыя дыскусіі разгортваліся ў 20–30-я гады вакол асэнсавання шляхоў далейшага развіцця! Напрыклад, як арганізаваць максімальна эфектыўны навучальны працэс – колькі гадоў вучыць будучага спецыяліста, якія методыкі выкарыстоўваць, у якім аб’ёме даваць лекцыйны матэрыял, якое месца павінна займаць практыка? Гэтыя і шматлікія іншыя пытанні былі арганічнай часткай інтэлектуальнай працы тых, хто ўвасабляў БДУ.
Самыя разумныя людзі займаліся аналізам і рэалізацыяй таго, што вызначыла на дзесяцігоддзі першынство ўніверсітэта ў сістэме вышэйшай школы БССР, яго высокі аўтарытэт у цэлым у СССР. Так, гэта інтэлектуальная эліта Беларусі, а не толькі БДУ. Таму што яны, працуючы ў БДУ, працавалі на ўсю рэспубліку, на ўвесь Савецкі Саюз.
– Якім будзе працяг у серыі?
– Мы ўжо рыхтуем трэцюю кнігу. Храналагічна ва ўсіх пяці кнігах задумана працягнуць аповед пра тых, каго мы называем «заснавальнікамі», гэта значыць пачынаць апавяданне з 1919 года. Аднак у кожнай наступнай кнізе будуць прадстаўлены нарысы пра тых, хто прыняў інтэлектуальную эстафету, прымножыў славу БДУ. Так што ўмоўна вылучаны пяць перыядаў па 20 гадоў кожны. У першай кнізе ахопліваецца міжваеннае 20-годдзе, у другой – да 1961 года і гэтак далей. У трэцяй кнізе павінны быць прадстаўлены спецыяльнасці, напрамкі навуковай і педагагічнай дзейнасці.
Можна без перабольшання канстатаваць, што ўсе аўтары нарысаў (прафесар А. Гужалоўскі, дацэнты А. Малюгін, А. Бурачонак, А. Максімчык, В. Яршова, С. Захаркевіч, В. Кахновіч, С. Цемушаў, В. Макарэвіч, А. Тарканеўскі, М. Шумейка, выкладчыкі А. Назаранка, І. Грыбко, Э. Маліноўская і інш.) выявілі такія цікавыя факты, якія прымушаюць па-новаму ўсведамляць веліч нашага ўніверсітэта, яго калектыву. У цэлым і стаіць задача выкарыстоўваць у апавяданні не толькі вядомы матэрыял, але і імкнуцца знайсці новы, у значнай ступені эксклюзіўны. Вядома, было б выдатна, калі б на ўсіх факультэтах вяліся ўласныя даследаванні. Бо шмат у чым толькі так можна максімальна дакладна ўзнавіць творчае жыццё чалавека і дзейнасць усяго ўніверсітэта!
Нядаўна ў нас прайшла канферэнцыя, прымеркаваная да 100-годдзя дэкрэта пра адкрыццё БДУ. Яна сабрала многіх сур’ёзных навукоўцаў розных спецыяльнасцяў. Напрыклад, фізікі прадставілі цікавыя сюжэты пра астранамічныя даследаванні ва ўніверсітэце. Але калі я спытаў, ці вядомае ім імя Арсенія Міхайлоўскага, то ў адказе прагучалі толькі агульныя ўяўленні.
Гэтыя навукоўцы ўсведамлялі, што яны працуюць, ствараюць, рэалізуюць свае ідэі, рыхтуюць сабе змену ў Беларускім дзяржаўным універсітэце! Разумелі сваю гістарычную місію і ўсімі сіламі паднімалі інтэлектуальны ўзровень грамадства ўсёй краіны. Яны працавалі ў неймаверна складаных умовах (палітычных, эканамічных, маральных), але заўсёды заставаліся Навукоўцамі. Дарэчы будзе заўважыць, што менавіта навукоўцы БДУ стваралі і затым сваёй інтэлектуальнай працай увасаблялі шматлікія, асабліва навуковыя, установы рэспублікі – у першую чаргу Інстытут беларускай культуры, а затым Беларускую акадэмію навук. Яны вучылі студэнтаў, займаліся фундаментальнай і прыкладной навукай, рабілі велізарны ўнёсак у розныя сферы народнай гаспадаркі.
– Хто браў удзел у падрыхтоўцы такога маштабнага выдання?
– Гэта калектыўная праца, універсітэцкая. Кніга сабрала многіх нашых калегаў з іншых факультэтаў. Усе працавалі і працягваюць працаваць на належнае прадстаўленне імёнаў тых, дзякуючы каму мы амаль дасягнулі будучага, ужо такога блізкага 100-годдзя alma mater. Хацеў бы выказаць шчырыя словы падзякі супрацоўнікам і кіраўніцтву Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, усіх трох Фундаментальных бібліятэк Беларусі. Шмат у чым дзякуючы іх садзейнічанню ў пошуку дакументаў і самых розных матэрыялаў, іх капіраванні і сканіраванні стала магчымым стварыць нашу кнігу і займацца далейшай працай. Вялікі ўклад у рэалізацыю задуманага праекта ўнеслі спецыялісты ўпраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы БДУ на чале з Н. М. Герасімовіч – рэдактары А. А. Лагвіновіч, А. В. Яфімаў і інш., мастацкі рэдактар Т. Ю. Таран, тэхнічны рэдактар Л. У. Жабароўская, карэктар Н. В. Яненка і іншыя (так, камп’ютарную вёрстку цудоўна выканала В. У. Гасюк). І аўтары, і выдаўцы паставіліся да зместу кніг, да герояў са шчырай пашанай і глыбокай удзячнасцю. А як кнігі будуць успрыняты чытачом, пакажа час.
Гутарыў
Сяргей ШАФАЛОВІЧ