“Калыска характару” – гэта серыя матэрыялаў, дзе кіраўнікі структурных падраздзяленняў БДУ расказваюць пра тое, які куток краіны стаў для іх малой радзімай, якую ролю гэта месца адыграла ў іх жыцці. Таксама мы папрасілі назваць 5 фраз ці слоў, якія асацыіруюцца з малой радзімай.
Зараз сваёй гісторыяй дзеліцца Таццяна Васільеўна ГАЕЎСКАЯ, дырэктар НДІ ФХП.
– Я нарадзілася ў Магілёве ў сям’і дзяржслужачага, праз год сям’я пераехала ў Брэст. Аднак лічу сваёй малой радзімай адзін куток на Магілёўшчыне, дзе нарадзілася мая мама. Гэта вёска Забалоцце ў Чавускім раёне. Там праводзіла свае летнія канікулы да паступлення ва ўніверсітэт. З гэтым месцам у мяне асацыіруюцца такія словы:
1. Цётачкі
Бацька нарадзіўся ў вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна. З боку бацькі ў маіх бабулі і дзядулі было 8 дзяцей, з іх двое мужчын. У астатніх жанчын мужы загінулі на вайне. Таму дзядулю і бабулі хапала клопатаў, каб даглядаць унукаў. Так маё лета праходзіла пад наглядам мамчыных сясцёр.
![](http://www.gazeta.bsu.by/wp-content/uploads/2019/07/Мама-и-ее-сестры-1954-г-Брестчина.png)
На здымку матуля Таццяны Гаеўскай (справа) разам з сёстрамі, 1954 г.
Дзве сястры мамы жылі ў вёсках Забалоцце і Украіна. Паміж гэтымі кропкамі была адлегласць у 4 кіламетры, якія я праязджала на веласіпедзе. Мае цётачкі лічылі, што мяне трэба было прывучаць да працы. Мяне навучылі жаць жыта, складаць снапы, касіць траву. І цяпер магу гэта рабіць, можа, не вельмі якасна. Заўсёды паважала сваіх цётачак, яны жылі ў нялёгкіх умовах у цяжкі час. Грошай не было, яны трымалі гаспадарку, хоць гэта цяжкая фізічная праца. На жаль, вайна забрала іх мужоў. Разлічваць яны маглі толькі на сябе.
![](http://www.gazeta.bsu.by/wp-content/uploads/2019/07/Маленькая-Татьяна-в-самом-нижнем-углу-справа-рядом-брат-мама-и-еще-один-брат-1961-г-Брестчина.png)
Маленькая Таццяна (ў самым ніжнім куце справа, побач брат, матуля, і яшчэ адзін брат). Брэстчына, 1961 г.
2. Грэцкія палі
Яны былі велізарнымі, хораша квітнелі ўлетку. Памятаю, як еду на веласіпедзе і адчуваю гэты пах.
3. Яблыневы сад
Там я звычайна чытала кнігі, якія брала ў мясцовым клубе.
4. Лес
Хадзілі ў грыбы, ягады. Збіралі мяшкамі арэхі і ўзімку іх лузалі. Гэта была вялікая падмога ў гаспадарцы.
5. Простая ежа
Малако, смятана, тварог, квас з бярозавіку, цыбуля, сала. Мае сваякі – доўгажыхары, пэўна, у некаторай ступені дзякуючы такому харчаванню.
![](http://www.gazeta.bsu.by/wp-content/uploads/2019/07/Большая-папина-родня-в-Пустынках-на-Могилевщине-1952-Татьяна-в-нижнем-углу-справа-сверху-мама-и-дедушка.png)
Вялікая радня бацькі ў Пустынках на Магілёўшчыне, 1952 г. Маленькая Таццяна ў ніжнім куце справа.
Сёння вёскі Украіна няма, побач ідзе нафтаправод «Дружба». Вёскі Пустынкі таксама не адшукаць, там зараз аднаўляюць Успенскі сабор, памятаю, як у дзяцінстве лазіла па гэтых развалінах. Забалоцце цяпер лічыцца вялікім пасёлкам. На жаль, родных там у мяне не засталося.