Анатоль Мінько пра малую радзіму: «Карані фарміруюць нас…»

27 Sep, 2019.

Імя Анатоля МІНЬКО, загадчыка кафедры фізічнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі фізічнага факультэта БДУ, нядаўна было занесена ў кнігу народнай славы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Мы пагаварылі з прафесарам пра малую радзіму, навуку і маладое пакаленне.

«Малая радзіма – гэта ў першую чаргу старадарожская зямля маіх продкаў»

Малая радзіма для ўсіх становіцца падмуркам, на якім узводзіцца будучыня. Карані фарміруюць нас, даюць жыццёва неабходны багаж ведаў. Як распавядае Анатоль Антонавіч, і прадзеды, і дзед Васіль, і тата Антон Васільевіч жылі ў маляўнічым кутку Старадарожчыны, вёсцы Горкі, якая размясцілася на рацэ Арэса.

«Праўда, я нарадзіўся ў г. Омск-­Кіраўск (Расія), дзе пасля Вялікай Айчыннай вайны праходзіў службу мой бацька, – расказвае наш герой. – Ён у 1940 г., пасля заканчэння з адзнакай Горацкай школы, паступіў на вучобу ў Ленінградскае ваеннае вучылішча інжынерных войскаў і з першых месяцаў вайны прайшоў цяжкі вайсковы шлях ад адступлення Чырвонай Арміі да ўзяцця Кёнігсберга. У Старых Дарогах жыла і мая бабуля Надзея па матчынай лініі. Сюды наша сям’я вярнулася ў 1957 годзе. Малая радзіма – гэта мае родныя, блізкія людзі і сябры, на жаль, многіх з іх ужо няма ў жывых, але жыве светлая памяць пра іх».

Ён успамінае, што з малых гадоў з татам і братам Сашам праводзіў летнія вакацыі ў лесе ці на рэках Старадарожчыны. Збор ягад, грыбоў, лоўля рыбы для іх былі не толькі захапленнем, але і магчымасцю зарабіць грошай. Для сябе і для здачы нарыхтоўшчыку збіралі чарніцы, буякі, суніцы. З усмешкай гаворыць пра тое, што дагэтуль можа спаборнічаць у зборы ягад з любой жанчынай. А калі прыязджае на малую радзіму, то абавязкова зазірне ў лес. «Для нашага кутка Мінскай вобласці характэрны магутныя лясы, багатыя на грыбы і ягады», – падкрэслівае суразмоўца.

г. Старыя Дарогі

На малой радзіме фарміруецца характар, лічыць наш герой. Змагацца за справядлівасць – гэтае важнае ўменне ў ім выхавалі аповеды бацькі, які прайшоў ВАВ. А дабрыню да людзей, увагу да сяброў і падначаленых яму прывіла мама Надзея Уладзіміраўна, якая працавала ў СШ №2 Старых Дарог медсястрой і вяла вытворчыя заняткі кройкі і шыцця адзення.

«Цікавасць да матэматыкі і фізікі ў мяне з’явілася ў 6-­7 класах»

«Тады абмяркоўвалі з татам задачы павышанай складанасці, – успамінае Анатоль Антонавіч. – Выра­шаць асабліва складаныя задачы мог да позняга вечара, бо дзень займалі ўрокі, праца па хатняй гаспадарцы, часцяком футбол і шахматы. Я і дагэтуль захапляюся няпростымі задачамі, як па матэматыцы, так і па фізіцы. Гэта развівае логіку і дае зарад да навукова­пошукавых дзеянняў».

Любоў да навукі перадаецца ў сям’і Мінько ад пакалення да пакалення. Так, унук і ўнучкі таксама любяць вырашаць з дзядулем Толем розныя задачы і галаваломкі. Ён з гонарам распавядае пра тое, што ўнучка Яна (24 гады) атрымала два дыпломы аб вышэйшай адукацыі і паспяхова працуе менеджарам у сферы міжнародных адносін, Карына (12 гадоў) на завочнай міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы летась заняла 2­е месца, а Улада (11 гадоў) спрытна вырашае задачы павышанай складанасці і ўдзельнічае ў алімпіядах, а яшчэ ўнук Пеця (7 гадоў) любіць вырашаць складаныя задачы па арыфметыцы і логіцы. Ёсць у навукоўца каронныя задачы для студэнтаў і калегаў па факультэце.

«Калі цікавасць да матэматыкі і фізікі ўва мне абудзілі бацька і таленавітыя настаўнікі школы, то выбар аптычнага кірунку ў маёй дзейнасці вызначылі яркія навукоўцы БДУ, – тлумачыць прафесар Мінько. – А менавіта акадэмік А. Н. Сеўчанка – былы рэктар БДУ, заг. каф. фізічнай оптыкі; акадэмік Л. В. Валадзько – былы прарэктар БДУ па навуковай рабоце, заг. каф. спектральнага аналізу (мой кіраўнік кандыдацкай дысертацыі). Станоўчым прыкладам для мяне быў і стрыечны брат Л. Я. Мінько, які таксама родам са Старадарожскага раёна, д. ф.­м. н., лаўрэат дзяржаўных прэмій БССР і РБ. Паўплывалі і іншыя адораныя вучні аптычнай школы, пра якіх я распавядаў у кнізе „Фізічная оптыка ў БДУ“ (2013 г.)».

г. Старыя Дарогі

«На працягу ўсяго жыцця не губляю сувязі з роднай сярэдняй школай №2»

Родную Старадарожскую СШ №2 ён скончыў з сярэбраным медалём у 1966 годзе. Пра сваіх настаўнікаў ён кажа так: «Настаўніца матэматыкі Н. П. Лебедзева давала мне кантрольныя працы індывідуальна – заданні павышанай складанасці. Настаўнік фізікі І. Т. Дранковіч часта выклікаў да дошкі, каб я вырашаў задачы і распавядаў астатнім дзецям асноўныя законы фізікі, рыхтаваў мяне да алімпіяд, а яшчэ пазней настаўнік фізікі А. В. Гарон падкідаў мне няпростыя задачы на кемлівасць і пабудову розных радыётэхнічных прылад. Я дагэтуль з цяплом і ўдзячнасцю іх узгадваю».

Па словах загадчыка кафедры, вось ужо больш за 40 гадоў школь­ны настаўнік фізікі Валянціна Шуліноўская актыўна супрацоўнічае з фізічным факультэтам БДУ. Рыхтуе вучняў да алімпіяд па фізіцы, да турніраў юных фізікаў, навукова­практычных канферэнцый. Вучні пад кіраўніцтвам дасведчанага педагога штогод займаюць прызавыя месцы на навуковых спаборніцтвах.

Выпускнікі школы №2 і гімназіі № 1 атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў БДУ (і не толькі на фізічным факультэце). «Прыкладаў можна прывесці шмат, сярод іх ёсць ужо і кандыдаты навук, і кіраўнікі арганізацый. У прыватнасці, адзначу Уладзіміра Прановіча, які скончыў СШ №2, паступіў на фізічны факультэт БДУ, 25 гадоў працаваў у НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю. У наш час займаецца распрацоўкай сучасных бінокляў і прыцэлаў на фірме „Юкон“», – дзеліцца навуковец.

Сустрэчы выкладчыкаў і студэнтаў БДУ з вучнямі Старадарожскага раёна

Для Анатоля Антонавіча малая ра­дзіма – гэта добрыя, спагадлівыя землякі. Ён часты госць на старадарожскай зямлі. На працягу ўсёй сваёй працоўнай дзейнасці ўдзель­­­нічаў у мерапрыемствах, якія праводзіліся мясцовым райвыканкамам, наладжваў творчыя сувязі са школамі, з вытворчымі калектывамі і арганізацыямі – у прыватнасці, з ААТ «Старадарожскі механічны завод», дзе галоўным інжынерам працаваў яго брат Аляксандр. Пра сваіх землякоў ён гаворыць так:

«Хачу адзначыць увагу да адукацыі ў раёне з боку старшыні райвыканкама М. М. Карповіча, старшыні раённага савета дэпутатаў Д. М. Давыдава. Таксама гэта нача­льнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. Р. Жукавец, якая на працягу 2014–2018 гг. была дырэктарам СШ №2 і супрацоўнічала з фізфакам БДУ. Тады сумесна з дэканатам фізічнага факультэта мы неаднаразова арганізоўвалі сустрэчы выкладчыкаў і студэнтаў з вучнямі старэйшых класаў школ Старадарожскага раёна».

Выкладчыкі і студэнты фізічнага факультэта БДУ сустрэліся з вучнямі СШ №2 і гімназіі г. Старыя Дарогі

Падчас такіх сустрэч выкладчыкі распавядалі пра факультэт, навуковую дзейнасць, міжнародныя сувязі, выпускнікоў, працаўладкаванне, пра правілы прыёму і льготы. Студэнты дэманстравалі фізічныя доследы, распавядалі пра магчымасці для максімальнага раскрыцця талентаў у вучобе, спорце, творчасці, якія даюцца ў ВНУ. Нават тыя школьнікі, хто раней не вельмі сябраваў з фізікай, абяцалі прыкласці больш высілкаў для яе вывучэння ў наступным навучальным годзе.

Выкладчыкі і студэнты фізічнага факультэта БДУ сустрэліся з вучнямі СШ №2 і гімназіі г. Старыя Дарогі

Анатоль Антонавіч тлумачыць, што такія мерапрыемствы накіраваны на прафарыентацыю школь­нікаў і даюць станоўчы эфект – школьнікі Старадарожчыны паступаюць у БДУ. І дадае: «Заўсёды рады магчымасці пабываць у роднай школе. Хочацца перадаць досвед, патрыятызм моладзі. Я распавядаю не толькі пра факультэт, але і пра тое, як трэба ставіцца да старэйшага пакалення, як паводзіць сябе ў складаных сітуацыях. Пасля такой сустрэчы ў школе выпадкова на калідоры пачуў гутарку вучняў малодшых класаў, яны паміж сабой гаварылі: «Слухай, фізіка – гэта так цікава! Давай мы цяпер будзем больш вучыцца і пойдзем потым на фізфак!» Бачу вялікую зацікаўленасць і ў студэнтаў, якія ездзяць са мной у школу. Яны паказваюць тыя доследы, якія не выкладаюць на ўроках. У нас падрыхтаваныя эксперыментальныя мабільныя ўстаноўкі, заказваем аўтобус ва ўніверсітэце і практыкуем выезды ў розныя раёны краіны. Я заўважыў, што маладыя людзі цікавяцца на­вукай, ім трэба толькі паказаць, растлумачыць, натхніць».

А.А. Мінько на 50-­гадовым юбілеі СШ №2 г. Старыя Дарогі

Адметна, на 50-­гадовым юбілеі СШ №2 у 2013 годзе загадчык кафедры А. А. Мінько ад імя міністра ўручаў школе Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі і паабяцаў дапамагчы ў арганізацыі кабінета фізікі. Абяцанне вы­канана, пасля чаго ў школе ажыццявілі рамонт. «Апошні раз я наведаў школу 6 жніўня і быў уражаны зменамі. Хачу яшчэ дапамагчы ў мадэрнізацыі кабінета хіміі і ў набыцці спартыўнага інвентару», – працягвае ён.

«Гонар і слава Старадарожчыны»

За неабыякавасць да жыцця малой радзімы Старадарожчына аддзячыла занясеннем імя Анатоля Антонавіча ў кнігу народнай славы раёна. На пытанне пра тое, што значыць для яго гэта ўзнагарода, ён адказвае: «У першую чаргу мне вельмі прыемна. Лічу, што гэта годна, на стужцы напісана «Гонар і слава Старадарожчыны». Па­другое, гэта дае мне абавя­занне яшчэ больш увагі надаваць Старадарожскай зямлі і ў прыватнасці роднай школе №2. Мяне цягне на малую радзіму. Гэта настальгія, сум па дзяцінстве, родныя месцы даюць сілы і матывуюць на добрыя справы».

Свой 70-­гадовы юбілей ён адзначыў у тым ліку і на сваёй малой радзіме сярод сяброў, родных і блізкіх яму людзей. Круглая да та падкрэслівае актывы юбіляра: багаты на досвед, поўны энергіі, малады душою – усё гэта пра яго.

Анатоль Мінько і Валянціна Жукавец з вучнямі школы № 2

Начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна ЖУКАВЕЦ:

– Старадарожчына – малая радзіма Анатоля Антонавіча, ён у ліку нашых знакамітых выпускнікоў. Навуковец – часты госць у раёне і нашых установах адукацыі. Дапамагае арганізоўваць сустрэчы прафарыентацыйнай скіраванасці, якія павышаюць цікавасць вучняў да навукі. Ён дапамагаў нам з сучасным абсталяваннем кабінета фізікі ў СШ №2. Гэты кабінет стаў раённым рэсурсавым цэнтрам, дзе займаюцца з адоранымі дзецьмі не толькі другой школы, але і цэлага раёна. Дзеці рыхтуюцца да алімпіяд, навукова­практычных канферэнцый, турніраў па фізіцы. І гэта прыносіць плён: нашы вучні актыўна ўдзельнічаюць у навуковых спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, атрымліваюць узнагароды, пахвальныя водгукі, дыпломы. Прафесар Мінько таксама перадае літаратуру ў школьную бібліятэку СШ №2.

Мы ганарымся, што выхадзец са Старадарожчыны дасягнуў такіх высокіх вынікаў у сваёй прафесійнай дзейнасці. Як вядомы навуковец, удзельнік розных праектаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, ён з’яўляецца высокім аўтарытэтам для нашых навучэнцаў, а таксама наглядным прыкладам, што просты чалавек можа дамагчыся высокіх вынікаў дзякуючы стараннасці і працавітасці. Яго навуковыя даследаванні, узнагароды выклікаюць захапленне ў нашых навучэнцаў. Анатоль Антонавіч памятае сваю малую радзіму і дапамагае ёй. Таму ён і стаў адным з ганаровых грамадзян, занесеных у кнігу народнай славы Старадарожчыны.

ДАВЕДКА

А. А. Мінько ў 1971 г. з адзнакай скончыў фізічны факультэт БДУ. З таго часу па 1979 г. працаваў інжынерам, малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам лабараторыі оптыкі кандэнсаваных асяроддзяў, а з 1979 па 2008 г. – намеснікам дырэктара па навуковай рабоце НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі БДУ. У 1977 г. абараніў кандыдацкую, а ў 1990 – доктарскую дысертацыі. У 1993 г. яму прысвоена званне прафесара. З 1993 г. займае пасаду загадчыка кафедры фізічнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі фізічнага факультэта БДУ.

Навуковыя кірункі: фізіка і хімія вадкіх крышталяў, аптычнае прыборабудаванне, стварэнне вадкакрышталічных матэрыялаў і сістэм адлюстравання на іх аснове. Вынікі даследаванняў апісаны ў больш як 280 публіка­цыях, сярод якіх 3 манаграфіі, 6 навучальных дапаможнікаў, 21 патэнт, 20 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы.

Ён заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат прэміі Савета Міністраў БССР і прэміі імя А. Н. Сеўчанкі. Узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, Савета Міністраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ДКНТ і БДУ, а таксама дыпломам Беларускага фізічнага таварыства. Напярэдадні Дня ведаў А. А. Мінько ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі».

Гутарыла

Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: