Найлепшы моладзевы праект–2013» вызначаны ў БДУ. З 14 праектаў журы выбрала 4 найлепшыя. Пераможцам прызнаны «Тыдзень сучаснай беларускай культуры». Лаўрэатамі конкурсу I, II і III ступені сталі праекты «Інфармацыйны цэнтр ГА «Студэнцкі саюз БДУ», «Прафарыентацыя» і «МОСТ-БДУ». Мы пагутарылі з кіраўнікамі і куратарамі студэнцкіх ініцыятыў.
НАГАДВАЕМ ПРА
БЕЛАРУСКУЮ КУЛЬТУРУ
«Тыдні сучаснай беларускай культуры ладзяцца ў БДУ з 2009 г. Праект зараджаўся як невялікае мерапрыемства на пару дзён. Але ў мяне з’явілася ідэя цягам пяці дзён зладзіць для студэнтаў пяць сустрэч або тэматычных вечарын рознах кірункаў беларускай культуры: музыка, літаратура, жывапіс, кіно, палітыка, – дзеліцца натхняльнік праекта-пераможцы пяцікурснік юрфака Яўген ХАРУК. – Па-першае, мы хацелі паказаць, што сучасная беларуская культура актыўна развіваецца. Ёсць усе падставы лічыць, што яна прадстаўлена на годным узроўні. Па-другое, сучасныя студэнты ведаюць і памятаюць нашу культуру, чытаюць і не забываюць класіку, і праект даказвае гэта. Па-трэцяе, нашай мэтай было знаёмства замежных студэнтаў з культурным жыццём беларусаў.
Напрыклад, нас наведаў калектыў групы Litesound. Музыкі правялі аўтографсесію і адказалі на пытанні студэнтаў. У межах «Тыдня» пра ролю сацыяльных сетак у культуры Беларусі распавёў начальнік упраўлення падрыхтоўкі канцэптуальных дакументаў інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Аляксей Мацавіла. Ужо традыцыйна мы праводзім выставу прац мастакоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Свае карціны ў БДУ выстаўляюць як вядомыя мастакі, так і студэнты і выпускнікі БДАМ. У гэтым годзе адбылася таксама фотавыстава «Беларусь у 60–70-я гады ХХ стагоддзя». У рамках праекта мы арганізавалі закрыты паказ беларускага моладзевага фільма «Вышэй за неба», у здымках якога бралі ўдзел студэнты БДУ. Нашы студэнты і выкладчыкі юрыдычнага факультэта правялі дабрачынную кулінарную акцыю: удзельнікі прыгатавалі стравы беларускай кухні, а каб пачаставацца, трэба было пакінуць троху грошай для мінскага дзіцячага дома № 7. А падвёў рысу святочны канцэрт.
Адзначым, мерапрыемства выходзіць за рамкі юрфака. З гэтага года праекту пачалі дапамагаць гістарычны і ваенны факультэты. «Тыдзень» не адбыўся б без падтрымкі і актыўнага ўдзелу нашага куратара – намесніка дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце юрыдычнага факультэта Андрэя Шыдлоўскага і камітэта БРСМ БДУ».
СТУДЭНЦКАЕ
ЖЫЦЦЁ БДУ:
ЗАХОП СЕТКІ ІНТЭРНЭТ
Хто лепш за ўсіх ведае, чым жывуць і дыхаюць студэнты БДУ? Адказ вас здзівіць – гэта студэнты БДУ! Праект «Інфармацыйны цэнтр ГА «Студэнцкі саюз БДУ» створаны студэнтамі для студэнтаў. Самыя цікавыя навіны, фота- і відэасправаздачы з акцый, розныя інтэрв’ю цяпер можна чытаць, глядзець і каментаваць на афіцыйных інфармацыйных платформах. А гэта – партал «Прэс-служба студсаюза БДУ», старонка на Facebook, паблік «Вконтакте» і міні-блог у Twitter. Таксама развіваецца аўтарскі відэапраект Арцёма Русецкага і Паўла Бабкіна StudSoyuz.News. Пра тое, як быць кіраўніком інфацэнтра, расказала студэнтка трэцяга курса Інстытута журналістыкі Вікторыя ВІЦЮГОВА:
– Мы ствараем інфармацыйны прадукт для студэнтаў. Імкнёмся максімальна асвятляць усе студэнцкія мерапрыемствы БДУ. Вядома, атрымліваецца больш культурных падзей, аднак і навуковыя мы таксама наведваем. Працуем пераважна ў інтэрнэце, выконваючы функцыі студэнцкай прэс-службы. Як кіраўнік я сачу за тым, што адбываецца ва ўніверсітэце, праводжу сходы, кірую камандай аўтараў, шукаю новых людзей для працы ў інфацэнтры. Унікальнасць нашага праекта ў тым, што матэрыялы пішуць не толькі студэнты Інстытута журналістыкі, то бок будучыя прафесіяналы – нашы аўтары самі пішуць пра свае факультэты. Мы шчыльна супрацоўнічаем з радыёфізікамі, біёлагамі, гістфакам, геафакам і ФМА. На сёння інфармацыйны цэнтр падтрымлівае музычныя гурты БДУ. У нашых планах ідэя запусціць праект «5 хвілін з музыкам». Можна сказаць, што мы аказваем PR-падтрымку талентам БДУ!
ДАБРАЧЫННАСЦЬ
МІЖНАРОЖНЫХ ЗНОСІН
Добрым сэрцам і самаадданасцю вылучыліся кіраўнік праекта «Прафарыентацыя» студэнтка чацвёртага курса ФМА Наталля ЛОХІНА і куратар – старшы выкладчык кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў Кацярына Грыневіч. Ініцыятыва накіравана на дзяцей са школы-інтэрната горада Ашмяны. Кожны месяц група валанцёраў БДУ наведвае выхаванцаў інтэрната і праводзіць з імі развівальныя заняткі. Гэтым разам студэнты з дзецьмі пяклі прысмакі, ладзілі гурткі ручной працы, вучыліся мастацтву візажу, танцавалі і гулялі ў баскетбол. Акцыя выклікае вялікую цікавасць у студэнтаў з Кітая, якія таксама прыязджаюць у дзіцячы дом, удзельнічаюць у навучальных гуртках і прывозяць малым падарункі:
«Дзеці ўспрымаюць нас як родных і блізкіх, – распавядае Наталля, – цягнуцца, не саромеюцца камунікаваць. Старэйшыя хлопчыкі і дзяўчаткі дзеляцца сваімі перажываннямі, а малыя ставяцца як да бацькоў. Кіраўнікі інтэрната да нас ужо прывыклі і сустракаюць вельмі прыязна».
ГЭТАЯ ПАЛАТА ЛІЧЫЦЬ,
ШТО …
Злапомны цыклон Хаўер не спалохаў удзельнікаў міжнароднага адкрытага студэнцкага турніру па парламенцкіх дэбатах («МОСТ-БДУ»), які разгарнуўся на базе нашага ўніверсітэта. На конкурсе сустрэліся прадстаўнікі з ВНУ Беларусі, Расіі і Украіны. Усяго было 24 каманды па 2 гульцы. Турнір праводзіўся па правілах Брытанскага парламента пад дэвізам: «Універсальнасць каштоўнасцяў і мэтаў». Ці апраўданы фізічны гвалт пры лячэнні наркаманіі? Фемінізм прыносіць шкоду альбо карысць? Ці мае дзяржава права на ўмяшанне ў сямейныя канфлікты? Гэтыя і іншыя тэмы ў палемічнай форме абмеркавалі ўдзельнікі дэбатаў.
«Як вядома, у дэбаты гуляюць людзі з узроўнем інтэлекту вышэйшым за сярэдні. Гэта тыя, хто ў «тэме»: глядзяць навіны, цікавяцца падзеямі ў краіне і свеце, чытаюць сучасную літаратуру. Важна не баяцца людзей, не баяцца гаварыць і не баяцца думаць», – адзначыў кіраўнік праекта пяцікурснік гістфака Яўген СІТКО. Разам з куратарам праекта старшым выкладчыкам кафедры крыніцазнаўства Арцёмам Назаранкам, Яўген плануе і далей развіваць дэбатных рух у Беларусі на базе БДУ.
НАЙЛЕПШЫЯ
Ў ПЕРСПЕКТЫВЕ
Конкурс набірае моц. За найлепшы праект 2014 года будуць змагацца ўжо 20 ініцыятыў. Сярод іх лаўрэат 2013 года – конкурс дэбатаў «МОСТ БДУ–2014». Таксама ўдзельнікамі стануць праекты «Пакінь свой след у гісторыі ўніверсітэта», «Інтэрнэт-універсітэт», «Britain and America in Focus», «Лекторый па эксперыментальнай фізіцы», «Адкрытая інтэлектуальная ліга БДУ», «Фэст Наўруз Байрам», «Літаратурна-тэатральная студыя «Божая кароўка», духоўная праграма «Віталіс», «Дзецям Свету», «Ліга більярда БДУ», «IV Міжнародны фестываль дзіцячай і моладзевай творчасці ў галіне лічбавай фатаграфіі і фотавідэафільмаў «Незвычайная!», «іStarosta», «Mim-BSU», «БрамаМар-юнi», «СТУДАБЕД», «Інтэрактыўная гульня «Форт БДУ», «Факультатыў узаемадапамогі», «Студэнцкая міжнародная грамадская валанцёрская дзейнасць», «Дабрачынны канцэрт «Казкі з дзяцінства–2» і «Майскі калейдаскоп. Вясну і май нам заслужылі».
З кожным годам праектаў становіцца ўсё больш. Для студэнтаў удзел у конкурсе – бясцэнны вопыт. Юныя кіраўнікі распараджаюцца бюджэтам, вырашаюць адміністрацыйныя пытанні і атрымліваюць навыкі кіравання камандай. А разам са студэнцкімі ініцыятывамі расце і мацнее дух БДУ.
Ксенія КАРАВАЯ