Дырэктар НДІ прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі БДУ Юрый ХАРЫН – доктар фізіка-матэматычных навук, членкарэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Юрый Сямёнавіч расказаў пра юнацтва ў Томску, пераезд на працу ў БДУ і галоўныя здабыткі 50-гадовай навукова-педагагічнай дзейнасці.
Пра малую радзіму
– Вы ураджэнец Сібіры. Працавалі ў Томскім універсітэце і былі запрошаны для працы на факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Чаму вырашылі пераехаць у Беларусь?
– Нарадзіўся я 17 верасня 1949 года ў сяле Зыранскае Томскай вобласці. Мой бацька Сямён Макаравіч – паляўніцтвазнавец, а мама Фядосся Пятроўна – статыстык агранасеннай лабараторыі.
У школьныя гады ўсе прадметы вывучаў з цікавасцю, як старшыня савета піянерскай дружыны школы ўзнагароджваўся пуцёўкай у піянер-лагер «Артэк». У сёмым класе мае інтарэсы пачалі факусіравацца: пасля ўручэння мне школьнага падарунка «Збяры дэтэктарны радыёпрыёмнік» глыбока захапіўся тэхнікай, а затым і яе асновай – навукай.
Так і склалася: школу скончыў з залатым медалём у г. Томск у няпростым 1966 годзе, калі быў здвоены выпуск 10-х і 11-х класаў; далей – вучоба ў Томскім дзяржуніверсітэце (адным з вядучых навуковых і навучальных цэнтраў Расіі), які з адзнакай скончыў і паступіў у аспірантуру на кафедру прыкладной матэматыкі. З другога курса пачаў займацца навуковадаследчай працай пад кіраўніцтвам прафесара Генадзя Аляксеевіча Мядзведзева. На 4 курсе быў прыняты на працу па сумяшчальніцтве выканаўцам НДР па матэматычных метадах распазнання складаных сігналаў, якая захапіла мяне і лягла ў аснову дыпломнай працы і кандыдацкай дысертацыі. Пасля заканчэння Томскага ўніверсітэта і датэрміновай абароны дысертацыі ў 1974 годзе быў адразу залічаны старшым выкладчыкам факультэта прыкладной матэматыкі і кібернетыкі.
Але затым у маім гладкім жыцці наступіў рэзкі паварот. Мой навуковы кіраўнік Г. А. Мядзведзеў быў запрошаны ў 1976 годзе ў Белдзяржуніверсітэт на новы факультэт прыкладной матэматыкі для стварэння кафедры тэорыі верагоднасцяў і матэматычнай статыстыкі, ён і запрасіў мяне на гэту кафедру.
Пра Беларусь я шмат чуў ад майго бацькі, які ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны вызваляў тэрыторыю Беларусі і Прыбалтыкі, дайшоў да Берліна, быў тройчы паранены, мае шмат баявых узнагарод. Таму Беларусь мне ўжо тады была блізкая, і я прыняў гэта запрашэнне.
Пра працу ў БДУ
– Як пачыналася Ваша працоўная дзейнасць ва ўніверсітэце?
– 1 верасня 1976 г. 26-гадовым дацэнтам я пачаў актыўную навукова-педагагічную працу на ФПМ. Глыбока ўдзячны першаму дэкану членукарэспандэнту АН Яўгену Аляксеевічу Іванову за ўцягванне мяне ў факультэцкае жыццё ў якасці старшыні савета маладых навукоўцаў, кіраўніка стажыроўкі групы студэнтаў у Енскім універсітэце і за іншыя адказныя даручэнні.
Пасля абароны доктарскай дысертацыі ў 1986 г. ў Інстытуце прыкладной матэматыкі імя М. У. Келдыша Акадэміі навук (г. Масква) арганізаваў на ФПМ новую кафедру матэматычнага мадэлявання і аналізу даных, якую ўзначальваў на працягу 30 гадоў. Пры ёй дзейнічала навукова-даследчая лабараторыя статыстычнага аналізу і мадэлявання (НДЛ СТАМ), якая з цягам часу павялічвалася па колькасці і ў аб’ёме фінансавання.
На мяжы XX і XXI ст. з прычыны глабалізацыі і лічбавізацыі навакольнага свету інфармацыя ўсё больш становіцца таварам, які неабходна абараняць. Па нашай ініцыятыве пры падтрымцы рэктарата і заказчыкаў Пастановай Савета Міністраў ад 18.08.2000 г. на базе НДЛ СТАМ быў створаны Нацыянальны навукова-даследчы цэнтр прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі, ператвораны ў 2008 годзе ў НДІ прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі (НДІ ППМІ).
Саўмін усклаў на нашу навуковую арганізацыю каардынацыю НДР у галіне крыпталогіі (навукі пра матэматычныя і камп’ютарныя метады абароны інфармацыі), аналізу даных і камп’ютарнага мадэлявання.
– З якімі вынікамі інстытут сустракае 20-годдзе ў бягучым годзе?
– Да свайго 20-годдзя інстытут падыходзіць са шматлікімі значнымі для навукі і практыкі вынікамі. Прывяду прыклады. Распрацаваны: тэорыя рабастнага (устойлівага) распазнання, прагназавання і аналізу даных, якая дазволіла вырашыць новыя прыкладныя задачы тэхнікі, медыцыны, эканомікі, інфармацыйнай бяспекі; тэорыя статыстычнага аналізу малапараметрычных дыскрэтных часавых шэрагаў на аснове ланцугоў Маркава высокага парадку; сістэма 17 дзяржаўных стандартаў у галіне крыптаграфічнай абароны інфармацыі, укаранёная ў электронным дакументазвароце краіны; сістэма эканаметрычных мадэляў для ацэнкі варыянтаў грашова-крэдытнай палітыкі Нацыянальнага банка.
Пра навуку
– Вы маеце ступень доктара фізікаматэматычных навук. Чаму абралі навуку? Ці лёгкі быў для Вас гэты шлях?
– Па-першае, я выбіраў не навуку, а навуковую працу. Па-другое, цяжка зразумець, я выбіраў навуковую працу ці яна мяне. Па-трэцяе, калі і выбіраў навуковую працу, то таму, што яна цікавая мне, моцна захапіла і захапляе дагэтуль.
Атрыманне новага навуковага выніку, які да цябе быў невядомы нікому, які шмат чаго растлумачвае і дазваляе вырашыць важную прыкладную задачу, прыводзіць навукоўца ў захапленне, непараўнальнае ні з чым. Як кажуць, навуковец – гэта не прафесія, а чалавечы лёс… Шлях у навуцы цяжкі, але радасны.
Згодны з вядомым выказваннем акадэміка нашай беларускай Акадэміі навук М. А. Барысевіча: «Я заўсёды лічыў за шчасце займацца навукай».
– Вы зрабілі значны ўнёсак у станаўленне і развіццё ў Беларусі крыпталогіі. Якая яе роля ў штодзённасці?
– Як я ўжо адзначаў, праблема абароны інфармацыі – адна з ключавых праблем XXI стагоддзя. Асноўным метадам абароны інфармацыі з’яўляецца крыптаграфічны. Ён заснаваны на спецыяльна пабудаваных матэматычных пераўтварэннях абараняемай інфармацыі, што хаваюць яе з гарантаванай устойлівасцю ад несанкцыянаванага карыстальніка. У сувязі з лічбавізацыяй эканомікі асновы інфармацыйнай бяспекі павінен ведаць кожны, хто выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі (мабільны тэлефон, банкаўскія аплатныя карткі, інтэрнэт і інш.). ФПМІ сумесна з НДІ ППМІ ў 2002 годзе стварылі ў краіне новую ўніверсітэцкую спецыяльнасць «камп’ютарная бяспека». Крыху пазней з’явілася магчымасць павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па гэтым напрамку ва ўстанове БДУ «Інстытут тэхналогій інфарматызацыі і кіравання».
Пра кар’еру навукоўцаў
– Вы апублікавалі больш за 600 навуковых прац у галіне прыкладной матэматыкі інфарматыкі, у тым ліку 14 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў з грыфам Мінадукацыі. Як запрошаны прафесар выступалі ў замежных універсітэтах. Уключаны ў рэдкалегіі шматлікіх часопісаў. Па Вашым меркаванні, чаму навукоўцу важна публікавацца, удзельнічаць у канферэнцыях і праектах?
– Мы зноў вяртаемся да спецыфікі навуковай працы. Прывяду тут словы амерыканскага матэматыка Норберта Вінера: «Навука – гэта пакліканне і служэнне, але не служба». Навуковец публікуе артыкулы, кнігі, выступае з дакладамі на канферэнцыях не для таго, каб паказаць сябе, а для таго, каб засведчыць праўдзівасць сваіх рашэнняў і адкрыццяў. Бо, паводле М. В. Ламаносава, «навука ёсць яснае пазнанне праўды».
Удзел у навуковых праектах пераследуе гэту ж мэту і, акрамя таго, часта дае магчымасць атрымаць дадатковае фінансаванне на ўдзел у канферэнцыях, а таксама магчымасць практычнага ўкаранення сфармуляваных тэарэтычных вынікаў.
– Вы падрыхтавалі 34 кандыдатаў навук і 1 доктара навук, а яшчэ адна доктарская дысертацыя на стадыі прадстаўлення. З’яўляецеся членам прэзідыума ВАК. На Вашых вачах абаранілася некалькі дзясяткаў навукоўцаў. Як Вы думаеце, якімі якасцямі павінен валодаць навуковы кіраўнік, каб яго падапечны паспяхова абараніўся?
– Пра неабходныя якасці навуковага кіраўніка студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў дам кароткі адказ выслоўем старажытнарымскага навукоўца Катона: «Вялікі настаўнік, які сам займаецца той справай, якой вучыць».
Бліц-апытанне
– Чаму Вас навучыў асабісты досвед?
– Праца – усяму аснова!
– Якая галоўная якасць, якую Вы шукаеце ў калегах і студэнтах?
– Працавітасць і адсутнасць страху перад новай задачай.
– Што самае галоўнае для Вас у жыцці? Што натхняе на працу?
– Хутчэй, не што, а хто. Мая сям’я і мае блізкія.
– Ці ёсць у Вас якінебудзь любімы лік?
– Як гэта ні дзіўна, лік «Пі» = 3,141593… Калі прадставіць гэты лік у дваічным кодзе, то атрымаецца бясконцая дваічная паслядоўнасць, якая праходзіць усе вядомыя статыстычныя тэсты «чыстай выпадковасці», мае бясконцую энтрапію Шэнана і можа разглядацца як рэалізацыя «чыста выпадковай паслядоўнасці», пра якую ў крыпталогіі ўсе мараць!
ФАКТЫ
1. У НДІ ППМІ працуюць звыш 60 навуковых супрацоўнікаў (штатных і сумяшчальнікаў). У тым ліку 8 дактароў навук
і 33 кандыдаты навук. Да выканання НДВКР прыцягнуты аспіранты, магістранты і студэнты. З 2001 года 18 супрацоўнікам НДІ ППМІ Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь прысуджана навуковая ступень кандыдата фізікаматэматычных навук.2. НДІ ППМІ сумесна з факультэтам прыкладной матэматыкі і інфарматыкі фарміруюць навукованавучальнавытворчы кластар.
3. На плошчах НДІ ППМІ працуе студэнцкая навуковадаследчая лабараторыя «Камп’ютарны аналіз даных і мадэляванне», якая тройчы станавілася лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Гутарыла
Алена Ляўшэня