У гонар выбітнага навукоўца-філосафа, акадэміка РАН і ганаровага прафесара БДУ на факультэце філасофіі і сацыяльных навук адкрылі музей у 524 аўдыторыі, якой прысвоілі яго імя. У чым веліч гэтай асобы і значэнне яго інтэлектуальнай спадчыны – гаварылі яго вучні, паплечнікі і сябры.
Стрымаць абяцанне
Год назад, сабраўшыся ўшанаваць Вячаслава Сямёнавіча СЦЁПІНА, які пайшоў з жыцця, кіраўніцтва і выкладчыкі ўніверсітэта вырашылі ўвекавечыць памяць пра акадэміка імянной аўдыторыяй. Яна сімвалічна адкрылася 25 студзеня: у Дзень студэнта і нядаўняга Дня беларускай навукі. Калегі і вучні Сцёпіна – вядомыя філосафы, выкладчыкі і адміністрацыя факультэта – успомнілі акадэміка і абмеркавалі яго важкі ўнёсак у навуку. Пра гэта выказаўся дэкан факультэта Вадзім ГІГІН:
— Гэта выбітны буйны філосаф краіны, чалавек, які стаў сімвалам ФФСН, усяго філасофскага напрамку Беларусі. Адзін з самых цытаваных гуманітарыяў на постсавецкай прасторы, яго кнігі перакладзены на англійскую, іспанскую, французскую, нямецкую. Вячаслаў Сямёнавіч зрабіў велізарны ўнёсак у развіццё ўсіх гуманітарных навук. Год назад яго не стала – гэта вялікая страта, якую мы адчуваем дагэтуль. У будучыні экспазіцыя будзе пашырана экспанатамі, якія не толькі належаць Сцёпіну, але і адлюстроўваюць інтэлектуальную гісторыю нашай краіны і ўніверсітэта.
У аўдыторыі прадстаўлены працы і асабістыя рэчы акадэміка: мантыя, пісьмовы набор, выпускны студэнцкі фотаальбом, па той, мінулай традыцыі, дыпломы, а таксама фатаграфіі, якія адлюстроўваюць шлях Вячаслава Сямёнавіча ад студэнта да ўшаноўвання летась у сценах БДУ. Акрамя таго, сям’я акадэміка перадала ў дар факультэту кнігі з яго асабістай бібліятэкі, ёсць на кніжнай паліцы і яго навуковыя працы.
Аўдыторыя стане ўнікальнай пляцоўкай для арганізацыі педагагічнай і навучальнай дзейнасці з выкарыстаннем фонду навуковых прац акадэміка. З абсталяваннем дапамаглі рэктарат і цэнтр інфармацыйных тэхналогій БДУ. У планах факультэта стварыць паўнавартасныя Сцёпінскія чытанні, бо раней гэта была толькі секцыя на навуковай канферэнцыі. На доме на вуліцы Сурганава, дзе жыў Вячаслаў Сямёнавіч, плануюць павесіць мемарыяльную дошку.
Першаму прарэктару Дзмітрыю МЯДЗВЕДЗЕВУ пашчасціла вучыцца ў Вячаслава Сямёнавіча на 5 курсе. Ім, студэнтам, хацелася быць такімі ж, як Сцёпін, але здавалася, што такімі быць немагчыма. Студэнты, сутыкаючыся з такімі асобамі, растуць: «Гэта быў чалавек, які памерам сваёй асобы пераўзыходзіў універсітэт. Не БДУ маленькі, а Сцёпін быў вялікі». Па словах прарэктара, ён дагэтуль памятае голас акадэміка, які ў 1979 годзе ў першы раз пачуў.
«Кніга стала аддушынай»
Загадчык кафедры сацыялогіі Аляксандр ДАНІЛАЎ лічыць акадэміка сваім настаўнікам і апублікаваў артыкулы, прысвечаныя творчасці Вячаслава Сямёнавіча ад Далёкага Усходу да Лісабона. А сёлета стаў складальнікам кнігі «Акадэмік В. С. Сцёпін. Таямніца доўгага шляху…». У кнізе асвятляецца жыццёвы і творчы шлях філосафа, прадстаўлены размовы, інтэрв’ю, успаміны сучаснікаў, архіўныя дакументы і рэдкія фатаграфіі.
— Гэты год быў цяжкі, сыход Вячаслава Сямёнавіча стаў для мяне трагедыяй, дагэтуль ідзе працэс асэнсавання маштабаў страты, па сутнасці яна яшчэ не ацэнена. Праца над кнігай стала для мяне аддушынай. У навуцы і адукацыі рухае аўтарытэт Настаўніка. Гэта адчуванне аўтарытэту Сцёпіна было і застаецца такім моцным. Кожны, хто мог, уносіў у кнігу свой уклад, тое, з якім жаданнем яны гэта рабілі, гаворыць пра многае. У нас сёння шмат школ, а ідэй няшмат.
Cтары сябар
На адкрыцці аўдыторыі былі не толькі вучні акадэміка, але і сябры. Адзін з іх – Яўген БАБОСАЎ, доктар філасофскіх навук, акадэмік НАН, старшыня Беларускага філасофскага таварыства. Ён пазнаёміўся са «Славам» яшчэ на сваім другім курсе, разам заканчвалі аспірантуру. У іх жыцці былі розныя перыяды: то збліжаліся, то разыходзіліся, але Яўген Міхайлавіч, бываючы ў Маскве, нязменна заходзіў на пасяджэнне да Сцёпіна. Яны ніколі не сварыліся, але часта спрачаліся па—навуковаму – погляды не супадалі. Сапраўдная філасофія спасцігаецца не ў глыбіні і цішыні бібліятэкі, як бы гэта ні здалося дзіўным – яна ўзнікае, калі дыскутуеш з кімсьці, аргументы адразу ўсплываюць, нараджаюцца ідэі. Глыбіня пазнання філасофіі вымяраецца не ў апублікаваных кнігах, а ў сутыкненні меркаванняў, толькі яно прыводзіць да праўды, а не запазычання.
Інтэлект асобы, які стаў універсальным
Пра ролю акадэміка Сцёпіна, яго ўнёсак і асобу распавёў Анатоль ЗЕЛЯНКОЎ, загадчык кафедры філасофіі і метадалогіі навукі:
— Вячаслаў Сямёнавіч Сцёпін належыць сусветнай філасофскай супольнасці. Яго жыццё падзяліла значная прапорцыя: 31 год у Беларусі, і столькі ж у Расіі. Нам выпала велізарны жыццёвая ўдача працаваць, вучыцца ў чалавека, які справядліва ўвайшоў у гісторыю. Рэдка каму з філосафаў, навукоўцаў удаецца стаць сапраўдным лідарам навуковай школы. Яго імя застанецца не толькі ў нашай удзячнай памяці, але і ў гісторыі. Чалавечыя адносіны – гэта рэч у сабе, у іх гэтулькі граняў, і ніколі ўсё не выфарбавана белым колерам. Але на выхадзе мы маем магчымасць успамінаць з пакланеннем перад веліччу яго інтэлектуальнай моцай, называлі «інтэлектуальнай машынай». Ён быў абаяльны, бліскуча ведаў паэзію, мог суперажываць, быў часта па—дзіцячаму наіўным і неабароненым, меў патрэбу ў разуменні. Тое, што мы адкрылі аўдыторыю, азначае пачатак матэрыялізацыі памяці пра Вячаслава Сямёнавіча.
Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар МАРЗАЛЮК звярнуў увагу на настаўніцтва і інтэлект акадэміка:
— У канфуцыянскай этыцы ёсць такое паняцце сяа – сыноўская пачцівасць, павага да настаўніка. Бо настаўнік – гэта не толькі лектар, мерчандайзер ведаў, не абслуговы персанал для тых, хто прыходзіць нешта атрымліваць. Прафесар – гэта заўсёды настаўнік і чалавек, які прадуцыруе сэнсы, рыхтуе інтэлектуальную эліту нацыі. І гэту годную ролю Вячаслаў Сямёнавіч выконваў напоўніцу. Каласальнае дасягненне любой культуры – калі інтэлект асобы становіцца ўніверсальным, як і адбылася са Сцёпіным.
Даведка.
Вячаслаў Сямёнавіч Сцёпін (13.08.1934–14.12.2018) – акадэмік РАН, ганаровы дырэктар Інстытута філасофіі РАН, ганаровы прафесар БДУ, заснавальнік Мінскай метадалагічнай школы, быў прэзідэнтам Расійскага філасофскага грамадства і загадчыкам кафедры філасофскай антрапалогіі філасофскага факультэта МДУ імя М. В. Ламаносава. Вядомы філосаф XX – пачатку XXI стагоддзя, аўтар 779 навуковых прац, у тым ліку 31 манаграфіі.
Нарадзіўся ў мястэчку Наўля Бранскай вобласці. Скончыў аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта БДУ (1956 г.) і аспірантуру БДУ (1959 г.). Зрабіў істотны ўнёсак у даследаванне праблем метадалогіі навукі, тэорыі пазнання, філасофіі культуры. У 70–80—я гг. распрацаваў перспектыўную канцэпцыю структуры і генезісу навуковай тэорыі.
Ганараваны Падзякі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі, узнагароджаны ордэнамі «За заслугі перад Айчынай» (IV ступені), «Дружбы народаў», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, лаўрэат Прэміі памяці мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага Макарыя па прыродазнаўчых навуках за цыкл прац «Чалавек, духоўнасць, тэхналогіі ў глабальнай перспектыве».
Надзея МАРХЕЛЬ