Фізіка – у аснове ўсяго матэрыяльнага. Менавіта гэтай галіне ведаў прысвяціў многія гады прафесар фізічнага факультэта БДУ, заслужаны дзеяч навукі Віктар АНІШЧЫК, якому 19 сакавіка споўнілася 75 гадоў. Мы пагаварылі з навукоўцам пра лёс, каштоўнасці прыродазнаўчых навук, перспектывы аднаўляльнай энергіі і пра паскораны тэмп жыцця.
З біяграфіі
Нарадзіўся Віктар Міхайлавіч у г. п. Наваельня Дзятлаўскага раёна (Гродзенская вобласць). Ён лічыць, што на высокім узроўні фізікам трэба нарадзіцца. Гэта датычыцца класікаў фізікі накшталт Ландау, Бора. «А наогул, кажуць, добрым фізікам можна стаць. Гэта як у спорце, калі ты не трэніруешся, то нічога не будзе. А калі чалавеку падабаецца яго прадмет, то трэба працаваць, тады чагосьці дасягнеш, – лічыць прафесар. – У фізіцы важны талент і колькасць ведаў. Разуменне таго, як усё ўладкавана, дае зірнуць на рэчы па-іншаму. Нездарма кажуць, што законы фізікі – гэта законы прыроды».
Калі б Віктар Анішчык не стаў навукоўцам-фізікам, то хутчэй за ўсё абраў бы ваенную справу. У школе ў яго былі добрыя адзнакі па фізіцы, матэматыцы, хіміі, яшчэ хадзіў у музычную школу, дзе вучыўся іграць на баяне. Але ён сапраўды бачыў сваю будучыню ў прыродазнаўчых навуках. Так склаўся лёс, што дакументы падаў у БДУ. «І не шкадую. Калі пачаў вучыцца, то зразумеў, што трапіў менавіта на сваё месца, – успамінае навуковец. – Два курсы я вучыўся на вячэрнім аддзяленні, падпрацоўваў у той жа час на заводзе. Змену адстаяў і з 7 да 10 вечара быў на занятках ва ўніверсітэце. Памятаю, як на працы гляджу на тумбачку, а там ляжаць зробленыя мною дэталі. Я бачу плён сваёй працы. Тады думалася, што такое сядзець у кабінеце і кнігі пісаць? Зараз разумею значнасць працы навукоўцаў. Цяпер настаў час, калі мае вучні становяцца акадэмікамі, яны паспяхова рэалізаваліся ў жыцці».
Віктар Міхайлавіч з’яўляецца аўтарам больш чым 500 публікацый, у тым ліку 7 манаграфій, 5 навучальных дапаможнікаў, 43 вынаходстваў. Падрыхтаваў 15 кандыдатаў і 3 дактароў фізіка-матэматычных навук.
Шлях у БДУ
Вялікая частка жыцця Віктара Анішчыка прайшла ва ўніверсітэце. Пасля заканчэння ў 1967 годзе фізфака ён паступіў у аспірантуру пры кафедры фізікі цвёрдага цела. Праз год прачытаў сваю першую лекцыю. Пра гэту падзею ён узгадвае так:
– Неяк на пасяджэнні кафедры сяджу ў сваіх думках, мала быў захоплены абмеркаваннем. Раптам надыходзіць цішыня. Падымаю вочы на загадчыка, а ён глядзіць на мяне і кажа: «Аспірант Анішчык, Вам даручаецца чытаць курс». Аказваецца, гаворка ішла пра тое, каб курс лекцый асістэнта, які сыходзіў у аспірантуру, пачаў чытаць я. Быў збянтэжаны такой навіной. Стаў рыхтавацца да першай лекцыі, бачыў, што ўсе выкладчыкі чыталі без паперак. Але мала хто ведае, колькіх намаганняў гэта каштуе, як доўга да гэтага трэба ісці. Імкнуўся раўняцца на іх. На першай лекцыі я сказаў за гадзіну тое, што трэба было сказаць за паўтары. І я не мог адпусціць студэнтаў раней. Мне здавалася, што з мяне сем патоў сышло за гэты час. Але ў выніку праз гады напрацаваў выкладчыцкі вопыт.
З 1970 года Віктар Анішчык працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам фізічнага факультэта БДУ. З 1990 па 2012 гг. – загадчык кафедры фізікі цвёрдага цела. Дэканам фізічнага факультэта БДУ ён стаў у 1997 г. Фізфакам кіраваў 21 год. Зараз прафесар чытае дысцыпліны: крышталяграфія і дэфекты ў крышталях, фізічнае матэрыялазнаўства, матэрыялы ядзернай тэхнікі.
Пры яго дэканстве на факультэце адкрылася новая спецыяльнасць «ядзерная фізіка і тэхналогіі», дзе рыхтуюць персанал на атамную электрастанцыю. Тэма ядзернай энергетыкі актуальная ў нашай краіне. Але наколькі гэта бяспечны прадмет? На пытанне фізік адказвае так:
– Экалагічна чыстых крыніц энергіі практычна няма. Для таго, каб вырабіць сонечныя батарэі, трэба іх зрабіць, а гэта не зусім экалагічна чысты працэс. Экалагічна чыстай крыніцай можна было б назваць вецер, але для гэтага трэба стварыць адпаведную ўстаноўку і жыць каля яе, але мала хто з гэтым змірыцца, таму што частоты, якія ўзнікаюць пры ваганні вялікіх ветракоў, шкодныя для арганізма. Напэўна, самая экалагічна чыстая крыніца энергіі – гэта прыліўныя станцыі, але ў нас няма побач мора. Наступнай крыніцай можна назваць атамную энергію. Так, Чарнобыль быў, ніхто не адмяняе чалавечы фактар. Але іншыя крыніцы не менш небяспечныя. Атамнай энергетыцы ў Беларусі ўсё-такі быць. Магчыма, праз нейкі час будзе яшчэ адна крыніца энергіі – тэрмаядзерная (Такамак), якая значна больш бяспечная.
Навуковы напрамак
Яшчэ студэнтам В. М. Анішчык заняўся даследаваннем структуры і электрычных уласцівасцяў вісмуту. Здабытыя звесткі пра электрычную прыроду гэтага паўметалу склалі аснову кандыдацкай дысертацыі, якую абараніў у 1972 г.
У 1974 г. Віктар Анішчык стажыраваўся ў ЗША, у 1982 г. – у Англіі. «Прапаноўвалі застацца працаваць за мяжой, але я вярнуўся дадому. Беларусь і беларусы мне вельмі падабаюцца. Што тычыцца цяперашняй тэндэнцыі ўцечкі кадраў, то я лічу, што маладым людзям, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі, бясспрэчна, трэба ездзіць за мяжу, завязваць там навуковыя сувязі. А потым вяртацца і ўкараняць атрыманыя веды на радзіме», – кажа фізік.
У сярэдзіне 70-х гг. ён асвойвае новы кірунак у фізіцы цвёрдага цела – іонна-прамянёвую мадыфікацыю крышталяў. Ім выкананы цыкл прац па даследаванні ўласцівасцяў іонна-імплантаваных металічных плёнак, а таксама масіўных узораў пераходных металаў і сплаваў на іх аснове. Адкрыты раней невядомыя структурна-фазавыя ператварэнні пры імплантацыі, якія кантралююць паводзіны механічных уласцівасцяў шэрагу тэхнічна важных металаў і сплаваў на іх аснове. Дасягнутыя ў гэтым кірунку навуковыя і практычныя вынікі ўвайшлі ў яго доктарскую дысертацыю, якую ён абараніў у 45 гадоў. А ў наступным годзе ён атрымаў званне прафесара.
У апошні час Віктар Міхайлавіч з супрацоўнікамі актыўна даследаваў працэсы ўзаемадзеяння плазменных патокаў з крышталямі. У прыватнасці, было выяўлена ўтварэнне мікраструктур на паверхні крышталяў, якія апрацоўваюцца кампрэсійнымі плазменнымі плынямі.
В. М. Анішчык з’яўляўся навуковым кіраўніком навуковаметадычнай лабараторыі «Цвёрдацельныя пераўтваральнікі робататэхнічных сістэм», членам праграмна-кансультатыўнага камітэта па фізіцы кандэнсаваных асяроддзяў у АІЯД (г. Дубна), членам брытанскага Інстытута фізікі. У 1994 г. абраны дзейным членам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, у 1997 г. – дзейным членам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, у 1999 г. – дзейным членам Беларускай інжынернай акадэміі.
Крызіс прыродазнаўчых навук
Навуковец лічыць, што крызіс прыродазнаўчых навук пачаўся даўно. Сёння многія выбіраюць прафесіі дыпламатаў, эканамістаў, юрыстаў. Але ці трэба краіне такая колькасць гэтых спецыялістаў?
– У нас краіна вытворчая, перапрацоўчая. Нам патрэбныя распрацоўшчыкі новых тэхналогій, матэрыялаў, праекціроўшчыкі, а гэта выпускнікі прыродазнаўчых спецыяльнасцяў. Думаю, мы хутка ўсвядомім, што ключавой фігурай павінен стаць усё ж такі інжынер (асабліва на стадыі мадэрнізацыі вытворчасцяў). Наш універсітэт дае добрую адукацыйную базу. Сёння БДУ ўваходзіць у сусветныя аўтарытэтныя рэйтынгі: QS World University Rankings (351 радок), Times Higher Education (1001+ з 1258 УВА), а ў Шанхайскім рэйтынгу БДУ займае 401–500 месца групы сярод найлепшых па фізіцы. Гэта з’яўляецца паказчыкам таго, што фізіка ў Беларусі знаходзіцца на прыстойным узроўні. Зараз у краіне толькі адзін фізічны факультэт, і ён у БДУ. Дзякуючы сваёй універсальнасці, спецыялісты фізфака запатрабаваныя. Яны працуюць усюды, пачынаючы ад школы і заканчваючы ўрадам, – разважае навуковец аб прафесіі.
Віктар Міхайлавіч адзначае, што тыя спецыялісты, якія складаюць навучальны план – гэта людзі з вялікім вопытам. Выпускнік універсітэта – высокаадукаваны чалавек, бо фізіка – адна з інтэлектаўтваральных навук, паколькі вывучае законы прыроды. На яго думку, у сучасным хуткім тэмпе жыцця не варта грэбаваць уменнем аналізаваць і запамінаць. І працягвае:
– Маладым людзям трэба праяўляць цікавасць. Калі студэнт ведае пра прадмет, ведае, дзе шукаць па ім інфармацыю, то гэта добра. Ведаць усё немагчыма. Нават выкладчыкам не трэба саромецца таго, што яны чагосьці не ведаюць. Не лічу сябе строгім выкладчыкам. Нельга дапускаць ні строгасці, ні панібрацтва ў аўдыторыі. І расказваць анекдоты ўсе заняткі не варта. Паміж студэнтам і выкладчыкам павінны быць даверлівыя адносіны. Але не роўныя, усё-такі прафесара трэба паважаць, атрымаць такія веды не так ужо і проста.
Я прайшоў усе прыступкі фізфака. Добра ведаю многіх, разумею, хто над чым працуе. Мяне пераваблівалі ў іншыя ўстановы адукацыі на кіраўнічыя пасады, але я не сыходзіў з БДУ. Таму што гэта марка найвышэйшай якасці. Я задаволены сваім жыццёвым выбарам. БДУ даў мне магчымасць рэалізавацца як асобе, пазнаёміцца з рознымі навукоўцамі, атрымаць міжнародны досвед, я натхняюся энергетыкай моладзі. Удзячны лёсу, які прывёў мяне ва ўніверсітэт.
Гутарыла Алена ЛЯЎШЭНЯ