24 мая 2014 года а 12-й гадзіне адбылося самае доўгачаканае мерапрыемства – патрыятычна-асветніцкая акцыя “Вязынка-2014”. Злёт студэнтаў на малой радзіме народнага паэта Беларусі ў філіяле музея Янкі Купалы ў Вязынцы па праве лічыцца галоўным святам філалагічнага факультэта БДУ і ўсяго Ўніверсітэта.
У гэтым годзе “Вязынка-2014” была прымеркавана да знакавай падзеі – 75-годдзя філалагічнага факультэта БДУ. Свята складалася з 2-х частак. Першая – урачыстая – частка мерапрыемства праходзіла побач з домам-музеем Янкі Купалы.Хрысціянскім гімнам “Магутны Божа” адкрылі канцэртную праграму ўдзельнікі хору парафіі святога Роха ў Мінску, затым у выкананні студэнтак філалагічнага факультэта Юліі Пагосавай і Вольгі Паўлюкевіч прагучаў студэнцкі гімн “Gaudeamus”, пасля якога на святой купалаўскай зямлі ўсіх прывітаў і павіншаваў прарэктар па вучэбнай рабоце А.В. Данільчанка. Дружнымі апладысментамі студэнты сустрэлі дэкана філалагічнага факультэта І.С. Роўду, які таксама павіншаваў прысутных са святам. Пасля традыцыйнага віншавання ён нагадаў, што праз тыдзень пачынаецца сесія, і пажадаў, каб гэты дзень даў студэнтам і выкладчыкам той неабходны зарад энергіі, якога б хапіла на ўсе залікі і экзамены.
Адным з самых яркіх момантаў свята стала выступленне фальклорна-этнаграфічнага гурта “Багач”, які існуе на філалагічным факультэце пры кабінеце-музеі беларускай народнай культуры. Сваімі песнямі парадавалі гледачоў таксама студэнткі філалагічнага факультэта сярэбраны прызёр нацыянальнага інтэрактыўна-забаўляльнага конкурса “Талент на мільён”, пераможца Фестывалю Эстрады БДУ 2013, удзельніца тэлепраекта АНТ “Акадэмія талентаў” Юлія Пагосава і салістка вакальнай студыі “Мара” і рок-студыі “Ad libitum” Алена Патароча. Асобным моцным момантам канцэртнай праграмы можна лічыць чытанне студэнтамі вершаў з грамадзянскай лірыкі Купалы і ўласных твораў. Так, гледачам запомніліся выступленні Аксаны Ючкавіч, Марылі Паўлоўскай, Цімура Буйко, Надзеі Багрыцэвіч і вучня 9 класа Лагойскай школы Антося Паплёўкі.
У БДУ навучаецца шмат замежных студэнтаў. І кожны год яны дэманструюць нам сваё майстэрства ў дэкламацыі беларускіх вершаў. Сёлета нас парадаваў вершам М. Багдановіча Сібато Кэн з Японіі. Знайшлося на свяце месца і інтэрактыўнай гульні пад назвай “Каравай-каравай”. Студэнты, выкладчыкі і госці свята дружна вадзілі карагоды і спявалі песні. Нечаканым сюрпрызам для усіх пасля стала запусканне самалётаў з пажаданнямі для філалагічнага факультэта і яго студэнтаў ад дэкана І.С. Роўды і салодкі торт да юбілея роднага факультэта, які адзначае ў гэтым годзе сваё 75-годдзе.
Святочны канцэрт быў завершаны ўрачыстым ускладаннем кветак да помніка Янку Купалу. Другая частка свята – гара Парнас, дзе чакала смачная “Каша ад рэктара”, “Пенальці дэкану”, перацягванне каната, спартыўнае арыентаванне ад Студэнцкага Саюза філалагічнага факультэта і шмат-шмат чаго іншага. Свята ўдалося на славу!
Вікторыя КУЛЬБІЦКАЯ
Свята філолагаў у Вязынцы
11 Jun, 2014.