ПАГАДНЕННЕ аб супрацоўніцтве паміж БДУ і Банкам развіцця Беларусі падпісалі 6 чэрвеня рэктар Сяргей Абламейка і старшыня БРБ Сяргей Румас. Яно прадугледжвае развіццё навучальнай інфраструктуры і падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў у галінах банкаўскай дзейнасці і эканомікі. Найперш на базе банка будуць створаны філіял кафедры карпаратыўных фінансаў эканамічнага факультэта БДУ, а таксама моладзевая лабараторыя ў БДУ для патрэбаў банка.
* * *
ДЭЛЕГАЦЫЯ Рэспублікі Карэя і прадстаўнікі Сусветнага банка 3 чэрвеня наведалі БДУ. Гасцей прымалі рэктар Сяргей Абламейка, дырэктар ЦІТ Юрый Варатніцкі, дырэктар ППМІ Юрый Харын і дырэктар асацыяцыі «Інфапарк» Уладзімір Басько. Мэта сустрэчы – выпрацоўка новых формаў узаемадзеяння ў сферы інфарматызацыі Беларусі і Карэі. Гэта тычыцца абмену досведам у IT-сферы дзвюх краін. Перспектыўным кірункам павінна стаць сумесная падрыхтоўка, перападрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў – беларускіх у Карэі і карэйскіх у Беларусі.
* * *
ЦЭНТР навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва «Беларусь – Чжэцзян» адкрыўся 23 мая ў БДУ. У цырымоніі ўзялі ўдзел генеральны дырэктар Дэпартамента навукі і тэхналогій правінцыі Чжэцзян (КНР) Чжоу Гуахуэем, рэктар БДУ Сяргей Абламейка, рэктар Чжэцзянскага Шужэн універсітэта Сю Сючын. Цэнтр паспрыяе абмену навуковымі і інавацыйнымі дасягненнямі абедзвюх краін. Першым вынікам працы цэнтра стала стварэнне сумеснай лабараторыі па экалагічна чыстых прадуктах і трансферы «зялёных тэхналогій».
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ