Двухдзённая міжнародная канферэнцыя «Еўрапейскі саюз і Рэспубліка Беларусь: перспектывы супрацоўніцтва» адбылася 5–6 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Арганізаваны форум у рамках праграмы ЕС імя Жана Манэ.
Удзельнікамі канферэнцыі сталі звыш 140 экспертаў і спецыялістаў у галіне еўрапейскай інтэграцыі, навукоўцаў і выкладчыкаў з Беларусі, Балгарыі, Германіі, Іспаніі і Румыніі. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел першы прарэктар БДУ Міхаіл Жураўкоў, кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мору, начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС нашай краіны Дзяніс Сідарэнка, а таксама супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў у Беларусі. У рамках канферэнцыі працавалі чатыры секцыі: «Знешняя палітыка ЕС»; «Сацыяльна-эканамічная палітыка ЕС»; «Прававое рэгуляванне еўрапейскай інтэграцыі» і «Адукацыя і культура ў ЕС». Былі абмеркаваны пытанні, якія тычацца знешняй палітыкі, сацыяльна-эканамічнага развіцця, прававога рэгулявання, рэфармавання адукацыі ў краінах Еўрапейскага саюза. Пасяджэнні секцый прайшлі на базе факультэта міжнародных адносін БДУ. Па выніках працы форуму будуць апублікаваны зборнікі тэзісаў дакладаў удзельнікаў канферэнцыі і каталог беларускіх спецыялістаў у галіне еўрапейскіх даследаванняў.
Даведка
Праграма ЕС імя Жана Манэ заснавана Еўрапейскім саветам універсітэтаў з мэтай вылучэння грантаў ВНУ і выкладчыкам на навучанне і правядзенне даследаванняў у сферы еўрапейскай інтэграцыі. Адбор праектаў на атрыманне фінансавай падтрымкі праводзіцца пасродкам штогадовых конкурсаў, заснаваных Еўрапейскай камісіяй па пытаннях адукацыі і культуры. З 2001 года дзейнасць праграмы імя Жана Манэ распаўсюдзілася на ўвесь свет. Адукацыйная сетка ахоплівае ў наш час 68 краін пяці кантынентаў.
Паводле інфармацыі ўпраўлення міжнародных сувязяў
Фотарэпартаж з міжнароднай канферэнцыі «Еўрапейскі саюз і Рэспубліка Беларусь: перспектывы супрацоўніцтва» глядзіце тут: http://www.bsu.by/ru/main.aspx?guid=585803