Нядаўна прайшоў першы адборачны тур у чэмпіянаце «БДУ–100», прысвечаны юбілею ўніверсітэта. Арганізатарам выступіў клуб інтэлектуальных гульняў. Распавядзём, як праходзяць трэніроўкі і ці магчыма патрапіць на чэмпіянат звычайнаму студэнту.
Клуб быў заснаваны ў 1997 годзе Віктарам і Сцяпанам Цемушавымі. На той момант яны былі выпускнікамі гістарычнага факультэта. У 2007–2015 гадах клуб узначальваў Павел Свярдлоў.
У 2012 годзе да яго далучыўся Дзмітрый Штукацер. Пры ім у 2017 годзе БДУ прыняў фінал адкрытага чэмпіянату ВНУ Расіі, а з 2018 года стаў пастаяннай пляцоўкай для чэмпіянату Еўропы сярод студэнцкіх каманд. Штогод праводзіцца цэлая серыя інтэлектуальных спаборніцтваў: студэнцкі чэмпіянат Мінска і моладзевы чэмпіянат БДУ, фэст «Студэнцкія гульні БДУ», школьны фэст інтэлектуальных гульняў «ТрЭК». У наш час клуб інтэлектуальных гульняў БДУ – гэта цэлая каманда прафесіяналаў, трэнерамі працуюць шматразовыя прызёры чэмпіянатаў Беларусі Уладзімір Асіпчук і Ксенія Вараб’ёва.
Традыцыя перамагаць
Сезон пачынаецца ўвосень і доўжыцца з верасня па май. Большасць мерапрыемстваў з’яўляюцца адкрытымі, у тым ліку і для навучэнцаў іншых ВНУ. Студэнцкі чэмпіянат Мінска складаецца з васьмі тураў. Чатыры гульні прымае БДУ, чатыры – БДУІР. Асаблівасць моладзевага чэмпіянату ў тым, што ў ім ёсць абмежаванне па ўзросце. Ён прызначаны для студэнтаў 1–2 курсаў і школьнікаў (гэта значыць для гульцоўпачаткоўцаў, якім спецыяльна распрацаваны прасцейшыя пытанні). Для дасведчаных гульцоў ёсць шмат іншых гульняў, але заўсёды трэба з чагосьці пачынаць.
Фэст «Студэнцкія гульні БДУ» прайшоў ужо ў сёмы раз. Ёсць цікавая традыцыя, звязаная з дадзеным мерапрыемствам. Так атрымліваецца, што каманда, якая перамагае на фэсце ў БДУ, потым выйграе кубак «Што? Дзе? Калі?» усёй Беларусі. Пакуль што была толькі адна асечка, калі ў 2020 годзе выйгралі ўдзельнікі з Украіны, але спадзяёмся, што сёлета «традыцыя» адновіцца.
Як праходзяць трэніроўкі?
Трэніроўкі ладзяцца ўвесь час, нягледзячы на тое, ідзе падрыхтоўка да чэмпіянату ці не. Праходзяць яны некалькі разоў на тыдзень, мінімум два. На іх можа прыйсці любы ахвотнік. Трэніроўка адрозніваецца ад гульні тым, што пытанні гуляюцца з разборам. Яны бываюць тэматычнымі: напрыклад, спецыялізацыя на кнопкавых гульнях («Свая гульня» ці «Брэйнрынг») ці разбор пытанняў пэўнага рэдактара (аўтара пытанняў), у якога свая логіка, свая асаблівасць напісання. Усе вышэйпералічаныя дзеянні павышаюць верагоднасць правільнага адказу.
Як патрапіць на чэмпіянат?
Калі ёсць каманда – адразу прыходзіць на турнір. Калі ж вы адзіночка – гэта часова! Трэба ўсяго толькі хадзіць на трэніроўкі. На іх з’яўляюцца аднадумцы, з якіх у выніку і ствараюцца каманды. Такая практыка асабліва папулярная ў пачатку сезона. Тлумачыцца гэта тым, што навучацца прыходзяць дзеці, якія нядаўна скончылі школу ці ліцэй. Усе паступілі ў розныя УВА, і папярэднія склады распаліся.
Падчас фарміравання можа быць усякае: напрыклад, калі палова каманды ёсць, а палову яшчэ трэба дабраць, бываюць і выпадкі, калі старшакурснікі набіраюць маладых гульцоў.
У клуба інтэлектуальных гульняў ёсць розныя сумоўі па пошуку гульцоў у сацыяльных сетках. Там трэба пісаць штосьці накшталт: «Я вось такі і хачу гуляць, вазьміце мяне». І наадварот: «Я капітан каманды, і нам патрэбны гулец». Увогуле, клуб робіць усё магчымае для абмену кантактамі будучых саюзнікаў.
Што такое «БДУ–100»?
Чэмпіянат «БДУ–100» – гэта разавае карпаратыўнае мерапрыемства. Спецыяльны турнір, які задумваўся як святочны, прысвечаны стагоддзю ўніверсітэта. Ён з’яўляецца закрытым, у ім могуць удзельнічаць толькі тыя, хто адносіцца да БДУ: студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі. Арганізатары закладваюць асноўную думку: трэба падаць глебу для знаёмства паміж пакаленнямі. Адпаведна, прыярытэт у каманд, у ліку якіх больш супрацоўнікаў і студэнтаў. Улічваючы маштаб мерапрыемства, трэба разумець, што ў фінал патрапяць не ўсе склады, якія падалі заяўкі. Ёсць тры адборачныя туры. Нядаўна прайшла толькі першая зімовая гульня, вядучым якой стаў уладальнік крыштальнай савы, вядучы тэлепраграмы «Што? Дзе? Калі?» Алесь Мухін. Пройдуць яшчэ дзве аналагічныя гульні: вясновая і летняя. Адна каманда можа паўдзельнічаць толькі ў адным адборачным туры. Па выніках кожнага будуць адабраны каманды, якія трапяць у фінал (мінімум 4 склады з адной адборачнай гульні). Некаторыя каманды будуць дабірацца за пэўныя дасягненні. Напрыклад, каманду «Матрыярхат» арганізатары запрасілі на фінальны тур, таму што яны сталі найлепшымі ў першай частцы адборачнай зімовай гульні. Увосень будзе фінал чэмпіянату, бо менавіта ў гэту пару года БДУ спаўняецца 100 гадоў.
Пра рэкардсменаў
Пра турнір «БДУ–100»
Пра падрыхтоўку да чэмпіянатаў
Што я магу параіць пачаткоўцам? Гуляць ва ўсё, што варушыцца, а што не варушыцца – варушыць і гуляць! Форма ў інтэлектуальных гульнях напрацоўваецца амаль заўсёды выключна колькасцю згуляных пытанняў.
Удзел у абмеркаванні пытання моцна раскрывае чалавека, прымушае яго браць адказнасць, не саромецца таго, што можаш памыліцца.
Праводзіць трэніроўкі мне не цяжка. Папершае, ходзяць на заняткі па ўласным жаданні, таму нікога не трэба матываваць. Падругое, на гульнях паза трэніроўкамі мы можам быць супернікамі, але між намі і студэнтамі існуюць вельмі здаровыя сяброўскія адносіны, і мы разам спрабуем знаходзіць адказы – гэта вельмі яднае. Патрэцяе, праводзіць трэніроўкі вельмі карысна, бо прапускаеш праз сябе шмат пытанняў і сам вучышся гуляць лепш.
З пытаннямі ўсё проста: існуе вельмі карысны сайт, куды выкладаюцца амаль усе бягучыя турніры. Звычайна я выбіраю некалькі тураў тых рэдактараў, якія хутка сустрэнуцца студэнтам на найбліжэйшых гульнях.
У моманты, калі я бачу, што адзін з маіх вучняў развіваецца, не стаіць на месцы, адчуваю, што праводжу трэніроўкі не дарма. І, шчыра кажучы, пачынаю крыху баяцца, бо такія студэнты адразу становяцца тваімі канкурэнтамі ў інтэлектуальных гульнях. Але больш за ўсё для мяне важна не тое, што студэнты вырастаюць, пачынаюць перамагаць і браць медалі, а тое, што яны пры гэтым развіваюцца як асобы. Бо «ШДК» – гэта не проста гульня дзеля гульні, гэта яшчэ і вельмі добрая школа: і міжасобасных стасункаў, і ўласнага развіцця.
Аляксандра ПЕРАВОЗНІКАВА