Ў БДУ правядуць адборачны этап XXIII Міжнароднай алімпіяды па філасофіі сярод школьнікаў. Да ўдзелу запрашаюцца навучэнцы 10-х і 11-х класаў рэспубліканскіх сярэдніх навучальных устаноў.
Адзначым, што ў гэтым змаганні Беларусь упершыню выступіла толькі сёлета. Фінал праходзіў 15-18 траўня ў Вільнюсе (Літва). Ад нашай краіны дэбютавалі адзінаццацікласнікі Ліцэя БДУ Аляксандра Гвоздзева і Павел Калінін. Падрыхтоўкай дзяцей займаліся выкладчык грамадазнаўства Ліцэя БДУ Надзея Кушнер і дацэнт факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Андрэй Дудчык.
Міжнародная алімпіяда па філасофіі сярод школьнікаў з’яўляецца штогадовай і праводзіцца Міжнароднай асацыяцыяй філасофскіх грамадстваў пры падтрымцы ЮНЭСКА. У яе праграму ўключаны шматлікія культурна-адукацыйныя мерапрыемствы, сярод якіх асноўным з’яўляецца конкурс эсэ. Умовы гэтага змагання прадугледжваюць выбар удзельнікам аднаго з чатырох прапанаваных выказванняў мысляроў старажытнасці ці сучаснасці. На яго аснове школьнік пісьмова расчыняе праблематыку гэтага філасофскага афарызму на ангельскай, французскай, нямецкай ці іспанскай мове. Пры гэтым не абавязкова валодаць тэарэтычнымі філасофскімі ведамі ці складанай тэрміналогіяй. На выкананне задання адводзіцца 4 гадзіны.
Цяперашняя XXII алімпіяда стала рэкорднай па колькасці ўдзельнікаў. У ёй былі прадстаўлены дэлегацыі з 40 краін свету. Ліцэісты БДУ падрыхтавалі эсэ, у якім разважалі пра значэнне падробленага прадмета ў мастацтве, а выкладчыкі вну працавалі ў якасці чальцоў міжнароднага журы. Нажаль, нашы школьнікі не ўвайшлі ў лік прызёраў. Але, як сцвярджае іх настаўнік Андрэй Дудчык, дэбют гэтых дзяцей, несумнеўна, стане пачаткам гісторыі шматлікіх перамог юных беларускіх філосафаў на міжнароднай арэне.
Адборачны тур запланаваны на кастрычнік бягучага года. Лепшыя дзве працы вызначыць экспертная камісія ў складзе выкладчыкаў факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Аўтары гэтых эсэ прадставяць Беларусь на XXIII Міжнароднай алімпіядзе па філасофіі сярод школьнікаў, якая пройдзе ў траўні 2015 году ў г. Тарту (Эстонія).
“На ФФСН БДУ вядзецца велізарная праца па папулярызацыі філасофіі сярод моладзі. Таму мы і ініцыявалі арганізацыю адборачнага тура алімпіяды на факультэце з мэтай пошуку лепшых школьнікаў, здольных паслядоўна і лагічна разважаць, пераканаўча і аргументавана адстойваць сваё меркаванне”, — дадаў дацэнт ФФСН БДУ Андрэй Дудчык.
Аліна ЮДЗІНА