Код поспехаў і перамог: студэнты БДУ распавядаюць пра кібербяспеку і камп’ютарную лінгвістыку

10 Jun, 2022.

Май у БДУ выдаўся насычаным на падзеі, звязаныя з IT-сферай. У гэтай галіне кожны дзень адбываецца нешта новае, і важна паспяваць развівацца ў розных напрамках, каб заставацца ў трэндзе. Наш універсітэт паспяхова здаў экзамен па рэагаванні на выклікі часу і на адпаведнасць сучасным стандартам адукацыі.

Адзін з самых яскравых паказчыкаў якаснасці навучальных праграм – дасягненні студэнтаў за межамі ўніверсітэта. Таленавітыя навучэнцы БДУ дамагліся значных поспехаў на міжнароднай арэне. Так, напрыклад, студэнт 2 курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Анатоль ГАРБУНОЎ у складзе зборнай Bulba Hackers заваяваў бронзавы медаль на турніры па кібербяспецы InnoCTF. Разам з камандай БДУ за перамогу спаборнічалі яшчэ 168 студэнцкіх каманд з Беларусі, Расіі і Казахстана.

Праблема кібератак у апошнія гады значна актуалізавалася ва ўсім свеце, таму кожнай краіне важна мець добра падрыхтаваных спецыялістаў у гэтай галіне. Спаборніцтва і рознага кшталту турніры не толькі добрая пляцоўка для абмену досведам сярод студэнтаў і выкладчыкаў, але і магчымасць для ўніверсітэта прадэманстраваць узровень падрыхтоўкі будучых кадраў. Спецыяльнасць «камп’ютарная бяспека» – адна з самых папулярных на ФПМІ, таму ў лік студэнтаў апрыёры трапляюць найлепшыя з лепшых. Анатоль згадвае, што ў год яго паступлення прахадны бал быў каля 340. Агульная колькасць балаў складалася з дыплома і вынікаў трох ЦТ (руская/беларуская мова, фізіка, матэматыка).

Студэнт 2 курса ФПМІ БДУ Анатоль Гарбуноў

– Я аддаў перавагу БДУ, а не, падавалася б, профільнаму БДУІР, таму што мне спадабалася назва спецыяльнасці, – расказвае Анатоль. – Мне падавалася, што яна вельмі цікавая і ўключае ў сябе ўсе тэмы, звязаныя з гэтай сферай. Для мяне важна ведаць як мага больш і карыстацца навыкамі праграмавання толькі як інструментам. Камп’ютарная бяспека – гэта тая сфера, дзе трэба вывучаць літаральна ўсё і ўвесь час сачыць за абнаўленнямі, рэагаваць на змены. Менавіта таму цяжка асобна вылучыць нейкія веды, якімі абавязкова трэба валодаць кожнаму спецыялісту. Пакуль што, на другім курсе навучання, у праграме шмат базавых дысцыплін і матэматыкі, профільнае – наперадзе.

Турнір уяўляў сабой спаборніцтва тыпу Attack/Defense, сутнасць якога ў тым, што каманды ў рэжыме рэальнага часу атакуюць і абараняюць сэрвісы, прычым у кожнай зборнай ёсць свой сервер ці нават некалькі сервераў (хостаў / камп’ютараў). Галоўныя задачы – ліквідаваць слабыя бакі свайго сервера, абараніць яго ад кібератак і скарыстацца знойдзенымі недахопамі сервера суперніка, каб атрымаць яго «сцяг». Якраз тая каманда атрымлівае перамогу, у якой найбольшая колькасць сабраных «сцягоў». Безумоўна, да такіх спаборніцтваў трэба рыхтавацца: вывучаць умовы заданняў падобных турніраў і рашаць задачы мінулых гадоў, а калі нешта не атрымліваецца, то можна паглядзець рашэнні – іх выкладваюць арганізатары пасля абвяшчэння пераможцаў. Кібербяспека не можа не вабіць, яна мяне надзвычай захапляе. Яшчэ ў дзяцінстве, калі я глядзеў тэлеперадачу «Як гэта працуе?», у меня з’явілася цікавасць да тэхналогій, да складаных працэсаў.

Ёсць меркаванне, што ў IT-сферы гуманітарыям не месца, аднак гэты стэрэатып даўно разбураны кафедрай камп’ютарнай лінгвістыкі і лінгвадыдактыкі факультэта сацыякультурных камунікацый. Упершыню была праведзена квест-алімпіяда па камп’ютарнай лінгвістыцы «The Attempt», удзельнікамі якой сталі студэнты, магістранты, аспіранты і нават выкладчыкі з БДУ, МДЛУ, БрДУ імя А.С. Пушкіна і ГрДУ імя Я. Купалы.

Арганізатары квест-алімпіяды прапанавалі ўсім пераўтварыцца ў лінгвіста-распрацоўшчыка, які займаецца праектам па стварэнні «разумнай краіны» і намагаецца забяспечыць дабрабыт людзей краіны N. Удзельнікі квесту рашалі лінгвістычныя задачы, якія патрабавалі ведаў па тэмах узроўняў мовы, марфалагічнага кадзіравання, сістэм машыннага перакладу і інш. Для паспяховага выканання задач таксама былі патрэбныя крэатыў і аналітычныя навыкі.

Квест-алімпіяда «The Attempt» – дыпломны праект студэнткі спецыяльнасці «сучасныя замежныя мовы (выкладанне)» факультэта сацыякультурных камунікацый Марыі Ерафеевай. Абсалютнай пераможцай квесту стала пяцікурсніца ФСК Валерыя ПЯРВАК:

Студэнтка 5 курса ФСК БДУ Валерыя Пярвак

– Я вучуся на спецыяльнасці «сучасныя замежныя мовы (выкладанне)», але ў рамках праграмы мы вывучаем камп’ютарную лінгвістыку і камп’ютарнае вывучэнне замежных моў. Пры паступленні я планавала абраць напрамак «пераклад» у рамках гэтай жа спецыяльнасці, але камісія парэкамендавала зрабіць выбар на карысць «выкладання», бо яго моцным бокам было вывучэнне камп’ютарнай лінгвістыкі. Гэта мяне зацікавіла. Пасля я не пашкадавала пра свой выбар: мяне чакалі такія цікавыя дысцыпліны, як «Матэматычныя метады ў лінгвістыцы», «Матэматычная логіка», «Дыскрэтная матэматыка», а таксама «Квантытатыўная лінгвістыка» і інш. Гэта можа гучаць як нешта далёкае і адцягнутае ад рэальнага жыцця, але ўсе мы кожны дзень карыстаемся прадуктамі камп’ютарнай лінгвістыкі, напрыклад, галасавымі дапаможнікамі кшталту Сіры ці Алісы. Таксама ствараюцца і мабільныя дадаткі для дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Забяспечыць добрую працу ўсіх праграм, звязаных з тэкстам (Word, Exсel і г. д.), чат-ботаў у сацыяльных сетках немагчыма толькі з дапамогай праграмавання, без лінгвістычных ведаў тут ніяк не абысціся. А як можна ўявіць сабе наша жыццё без электронных слоўнікаў, перакладчыкаў? Заданні квест-алімпіяды ў асноўным супадалі з тым, што мы рабілі на практычных занятках, але былі і новыя. Напрыклад, нам давялося расшыфроўваць з дапамогай кода пасланне.

Супрацоўнікі БДУ кожны раз напярэдадні новага навучальнага года актуалізуюць адукацыйныя праграмы, уводзяць новыя дысцыпліны і нават спецыяльнасці згодна з патрабаваннямі сучаснасці. Так, зусім хутка ў нашым універсітэце рэалізуюць унікальны навучальна-метадычны комплекс па курсе «Мадэляванне і праграмаванне ў асяроддзі ROS робататэхнічных прылад». Яе на працягу года распрацоўвалі супрацоўнікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ сумесна са спецыялістамі Інстытута прыкладной інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Комплекс уключае лекцыйныя матэрыялы, навучальныя, лабараторныя і практычныя заняткі з падрабязнымі інструкцыямі, а таксама стэнды для візуальнай дэманстрацыі ўнутранага аснашчэння робатаў. Акрамя асноў робататэхнікі студэнтам прапануецца знаёмства і вывучэнне падыходаў да мадэлявання падобных прылад. Такім чынам, новы комплекс аб’яднае веды па робататэхніцы і праграмаванні ў адзіны базавы курс. Ён будзе даступны для навучэнцаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, механіка-матэматычнага і фізічнага факультэтаў ужо ў наступным годзе. Зараз элементы робататэхнікі выкладаюцца ў рамках іншых дысцыплін.

 

 

Ксенія СІТНІК

print

Вам таксама можа спадабацца: