Адзін з першых пасляваенных выпускнікоў факультэта журналістыкі БДУ прафесар Іван Іосіфавіч Церашкоў нарадзіўся 30 кастрычніка 1922 у г. Буда-Кашалёве Гомельскай вобласці. Да вайны скончыў васьмігадовую школу і чыгуначны тэхнікум. У 1941 годзе быў скіраваны ў разведвальную школу. З 1942 па 1944 гг. выконваў заданне Беларускага штаба партызанскага руху ў складзе спецыяльнай групы, што арганізавала рэйкавую вайну на Віцебшчыне. Пазней ваяваў у партызанскім атрадзе імя Ленінскага камсамола.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём «За баявыя заслугі», знакам «Ветэран вайны 1941 – 1945 гг.».
Пасля вайны Іван Іосіфавіч быў першым сакратаром Чыгуначнага райкама ЛКСМБ г. Гомеля (1944-1946), слухачом Вышэйшай партыйнай школы на аддзяленні журналістыкі (1946-1948), адказным рэдактарам Рагачоўскай газеты «Камунар» (1948-1950), лектарам Мінскага абласнога камітэта КПБ (1953-1957). Скончыў факультэт журналістыкі БДУ ў 1951 годзе, пасля – аспірантуру. Выяўляў вялікую цікавасць да палітычнай эканоміі, таму даследаванне праблем палітэканоміі стала справай усяго яго жыцця.
Шмат сіл аддаў падрыхтоўцы эканамічных кадраў. Выкладаў палітычную эканомію ў ВНУ г. Мінска. З 1961 года – дацэнт Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі. З 1984 па 1993 – прафесар кафедры палітычнай эканоміі БДУ.
Стаж педагагічнай дзейнасці складае 40 гадоў. За гэты час прафесар Церашкоў прыняў актыўны ўдзел у напісанні трох падручнікаў па палітычнай эканоміі, чытаў курсы палітычнай эканоміі капіталізму і сацыялізму, быў членам спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх дысертацый і савета Інстытута эканомікі АН БССР па абароне доктарскіх дысертацый.
Іншым важным кірункам сваёй дзейнасці Іван Іосіфавіч заўсёды лічыў даследчую працу. Сфера яго навуковых інтарэсаў – праблемы палітэканоміі, аграрнай эканомікі, тэорыя і практыка ажыццяўлення гаспадарчай рэформы. У маі 1954 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сацыялістычнае ўзнаўленне». Праца выклікала вялікую цікавасць, і ўжо на другі дзень пасля абароны, 26 мая 1954 г., газета «Чырвоная змена» апублікавала артыкул «Іван Церашкоў абараняе дысертацыю».
У 1975 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную праблемам адносін уласнасці, узаемадзеяння формаў уласнасці і перспектыў іх развіцця. Па гэтай праблематыцы апублікавана дзве манаграфіі, дванаццаць брашур, дзясяткі навуковых артыкулаў.
Іван Іосіфавіч падрыхтаваў 12 кандыдатаў эканамічных навук, кансультаваў і рэцэнзаваў дзясяткі кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.