Вышэйшая адукацыя з ухілам на практычны досвед: кафедра крыміналістыкі

30 Nov, 2022.

Большасць абітурыентаў і студэнтаў БДУ разлічваюць атрымаць падчас вучобы тут неабходныя для старту ў прафесіі кампетэнцыі і навыкі. Універсітэт паступова стварае ўмовы для практыка-арыентаванага навучання, напрыклад, спецыялізаваныя кабінеты і лабараторыі для заняткаў. У лістападзе карэспандэнты газеты завіталі на заняткі студэнтаў кафедры крыміналістыкі юрыдычнага факультэта.

«Фантазія, якая стала навуковым фактам» 

Менавіта так сказаў пра крыміналістыку прафесар Аляксандр Васільевіч Лапін. Яго выслоўе знаёмае кожнаму студэнту юрыдычнага факультэта, які хоць раз наведваў крыміналістычны палігон.

Кафедра крыміналістыкі юрыдычнага факультэта БДУ створана ў 1972 годзе заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь, доктарам юрыдычных навук, прафесарам Андрэем ДУЛАВЫМ. Ён кіраваў кафедрай да 1990 года, падрыхтаваў больш за 50 кандыдатаў і дактароў юрыдычных навук. Апублікаваны звыш 600 яго навуковых прац.

З 1990 па 2016 год кафедрай загадваў кандыдат юрыдычных навук дацэнт Рыгор ШУМАК. У сваёй працы ён надаваў вялікую ўвагу падрыхтоўцы маладых супрацоўнікаў кафедры, пераемнасці навуковых традыцый і метадычнага досведу прадстаўнікоў старэйшага пакалення выкладчыкаў.

Доктар юрыдычных навук прафесар Вячаслаў ШАБАНАЎ узначальвае кафедру з красавіка 2016 года.

Філіял кафедры крыміналістыкі таксама створаны на базе цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Усе 20 супрацоўнікаў кафедры валодаюць шырокімі тэарэтычнымі ведамі і маюць не менш за пяць гадоў практычнага досведу, а навукоўцы з’яўляюцца членамі навукова-кансультатыўных саветаў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. Выкладчыкі вядуць такія дысцыпліны, як: крыміналістыка, юрыдычная псіхалогія, судовая бухгалтэрыя, судовая экспертыза, судовая медыцына і псіхіятрыя, расследаванне злачынстваў у сферы эканамічнай дзейнасці, асновы аператыўна-вышуковай дзейнасці, а таксама шэраг спецыяльных дысцыплін магістратуры.

Кафедра крыміналістыкі – адзін з вядучых навуковых і крыміналістычных цэнтраў краіны. Адной з найважнейшых яе структур з’яўляецца крыміналістычны палігон, які быў заснаваны ў 2016 годзе па ініцыятыве цяперашняга загадчыка кафедры.

Сёлета, з нагоды 50-годдзя кафедры, палігону прысвоілі імя прафесара Андрэя Васільевіча Дулава. Акрамя таго, да гэтай знамянальнай падзеі зняты невялікі дакументальны фільм пра гісторыю кафедры.

– Мы прадаўжальнікі ідэі Андрэя Васільевіча пра практыка-арыентаванае навучанне крыміналістыцы студэнтаў юрыдычнага факультэта. Выкарыстанне толькі тэорыі пры падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы юрыспрудэнцыі не адпавядае сучасным рэаліям, таму мы даём і візуальную, і тактыльную інфармацыю. Пасля пераходзім да такога навучання, калі студэнты могуць самі паспрабаваць, адчуць і прадметна ўбачыць сваю будучую працу. Так, напрыклад, на крыміналістычным палігоне, які з’яўляецца часткай працоўнай пляцоўкі кафедры, яны могуць разгледзець імітаваныя сітуацыі: месца забойства, крадзяжу, разбойнага нападу, няшчаснага выпадку і да т. п. Гэта значыць такія сітуацыі, калі трэба разабраць тып здарэння і выканаць неабходныя дзеянні. Спецыфіка работы супрацоўніка праваахоўнай сферы заключаецца ў тым, што яму даводзіцца дзейнічаць у інфармацыйна і эмацыйна насычанай прасторы. Напрыклад, сустрэчы са сваякамі і блізкімі пацярпелых, з ахвярамі, з падазраванымі ці абвінавачванымі. Таму на крыміналістычным палігоне будучыя спецыялісты атрымліваюць практыку такога ўзроўню, вучацца заставацца эмацыйна стабільнымі ў стрэсавых сітуацыях, – распавядае загадчык навучальнай лабараторыі крыміналістычнай тэхнікі і судовых экспертыз Іван Лузгін.

На палігоне студэнтаў вучаць працаваць з тэхнічнымі сродкамі для правільнай выемкі розных відаў слядоў, аналізаваць і рабіць высновы, каб забяспечыць працэс даказвання. Крыміналістычны палігон уяўляе сабою некалькі імітаваных памяшканняў, дзе можна за 10-15 хвілін памяняць становішча ў залежнасці ад той задачы, якую хоча паставіць выкладчык перад навучэнцамі. Памяшканне можа стаць змадэляваным месцам забойства, махлярства, самагубства і інш.

З мінулага года студэнты навучаюцца таксама ў кабінеце дактыласкапіі, які абсталяваны спецыялізаванымі следчымі наборамі для выяўлення, замацаванні і выемкі папілярных узораў слядоў чалавека. У набор уваходзяць спецыяльныя пэндзлі, парашкі, дактаплёнкі, дактакарта, дактыласкапічная фарба, павелічальныя лупы, а таксама абсталяванне для электроннага сканіравання слядоў рук і інш.

У складзе крыміналістычнага палігона яшчэ 4 лабараторыі, кабінет дакументазнаўства, кабінет крыміналістычнай методыкі, дзе вывучаюцца методыкі раскрыцця, расследавання і папярэджання злачынстваў. Ёсць таксама кабінет методыкі раскрыцця, расследавання і папярэджання злачынстваў, звязаных з наркатычнымі рэчывамі.

У навучальнай лабараторыі крыміналістычнай тэхнікі і судовых экспертыз нам паказалі цікавае абсталяванне. Усяго на кафедры налічваюцца сотні разнастайных прыбораў. Нашу ўвагу прыцягнуў відэакампаратар, які здольны з дапамогай пэўных спектраў асвятлення выявіць утоеныя і забруджаныя элементы на фатаграфіях, дакументах і запісках. А яшчэ – мікраскоп для даследавання мікрачасціц і люмінісцэнтны мікраскоп для даследавання дакументаў, грашовых сродкаў, гільзаў, патронаў. На гэтым мікраскопе ў мікраструктурах пашпарта грамадзяніна РБ можна нават убачыць подпісы распрацоўшчыкаў дызайну пашпарта!

Апрача абсталявання на сценах кабінетаў можна ўбачыць ілюстрацыі і навучальныя схемы. Але і яны маюць свой сакрэт. Гэта інтэрактыўныя ілюстрацыі, студэнт, паднёсшы да іх смартфон, можа атрымаць пашыраную інфармацыю пра той ці іншы аспект крыміналістыкі, які яго цікавіць.

– Крыміналістыка вельмі дарагая сфера. Бо шэраг інфармацыі, які ўтрымлівае сляды злачынства, выходзіць далёка за межы ўспрымання органаў пачуццяў чалавека. Злачынствы здзяйсняюцца ў мінулым, а расследуюцца – у сучаснасці і будучыні. Абсталяванне дапамагае паскорыць працэс раскрыцця і расследавання злачынстваў. Акрамя таго, крыміналістыка з дапамогай адпаведных тэхнічных сродкаў дазваляе папярэджваць злачынствы і не даваць ім здзяйсняцца. Гэта дорага, але чалавечае жыццё несувымерна даражэйшае, – гаворыць Іван Іванавіч. – Мы не проста навучаем студэнтаў крыміналістыцы, мы навучаем крыміналістычнаму мысленню і аналізу. Каб яны не толькі глядзелі, але і бачылі. Мы імкнёмся падрыхтаваць такога спецыяліста, які зможа якасна выкарыстоўваць крыміналістычныя веды для прадухілення злачынстваў, напрыклад, зможа вызначыць падробленыя дакументы, пячаткі і да т. п. Веды такога роду аднолькава карысныя і будучаму юрысту на прадпрыемстве, і следчаму, і адвакату, і іншым. Мы ўвесь час папаўняем і развіваем навучальную базу нашага крыміналістычнага палігона, закупляем для яго новае сучаснае абсталяванне, дакументы. Да прыкладу, кафедра валодае поўным комплексам усіх відаў пашпартоў і ўсіх грашовых знакаў свету.

Вядома, і да з’яўлення крыміналістычнага палігона для студэнтаў-юрыстаў былі арганізаваны асобныя формы практыкі, лабараторныя працы. Але яго наяўнасць дазваляе комплексна навучаць студэнтаў і развіваць іх прафесійныя навыкі. Акрамя таго, студэнты абавязкова атрымліваюць практычныя веды ў рэальных умовах: наведваюць суды, выязджаюць на месцы здарэнняў.

На факультэце пашыраецца практыка выкладання юрыдычнай псіхалогіі. І пачынаецца яна з растлумачэння таго, хто такі аператыўны работнік, пракурор. Паказваецца, якім чынам трэба правесці тыя ці іншыя следчыя дзеянні. На палігоне студэнты могуць нават адпрацаваць мадэль допыту. Гэта адбываецца ў асобным памяшканні, у якім адзін студэнт выконвае ролю следчага, а іншы – падазраванага. Астатнія студэнты па відэакамерах сочаць за працэсам. Вывучаецца псіхалогія паводзін падазраванага і яго схема абароны сябе.

– Для таго, каб развівацца ў прафесіі, студэнт павінен сам быць псіхалагічна падрыхтаваным і ўстойлівым, павінен мець добры ўзровень арганізацыі сябе і навакольных. Таму мы з калегамі і фарміруем гэту стрэсаўстойлівасць у студэнтах. Яшчэ адна важная якасць – высокі ўзровень адаптыўнасці да ўмоў, бо падчас працы маладыя спецыялісты могуць сутыкнуцца з самымі непрыемнымі рэчамі, – гаворыць загадчык кафедры крыміналістыкі Вячаслаў Шабанаў.

На крыміналістычным палігоне заняткі праводзяцца галоўным чынам для студэнтаў 3 і 4 курсаў. Для студэнтаў, якія жадаюць вывучаць і практыкавацца ў крыміналістыцы, на кафедры арганізаваны гурток. У ім на дадзены момант займаюцца каля 60 чалавек.

Крыміналістычны палігон з’яўляецца не толькі пляцоўкай для практыкі, але і гісторыка-прававой прасторай для вывучэння гісторыі выкладання крыміналістыкі ў Рэспубліцы Беларусь і развіцця крыміналістычнай тэхнікі. Тут можна ўбачыць даволі старыя «савецкія» дыктафоны і фотаапараты, а таксама сапраўдныя прылады, вынятыя ў злачынцаў. У год на палігоне праходзіць каля сарака экскурсій.

Загадчык кафедры крыміналістыкі падзяліўся планамі пра стварэнне на палігоне памяшкання для мадэлявання месцаў злачынстваў, звязаных з рабаваннем, разбоем, разнастайнымі відамі крадзяжу, злачынствамі супраць чалавека. Асобную ўвагу кафедра мае намер надаць паглыбленаму практычнаму навучанню студэнтаў раскрыццю і расследаванню кіберзлачынстваў і злачынстваў у сферы эканамічнай бяспекі.

Ганна КАЗАКОВА

print

Вам таксама можа спадабацца: