Вышэйшая адукацыя з ухілам на практычны досвед: кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін

25 Jan, 2023.

Што-што, а трымаць у руках старажытнасць дакладна ўмеюць на кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістфака БДУ. Пра атмасферу археалагічных раскопак, магчымасць знайсці скарб у наш час і прыметы археолагаў гутарым з загадчыцай падраздзялення кандыдатам гістарычных навук Палінай КУРЛОВІЧ.

Большасць месца на працоўных сталах супрацоўнікаў гэтай кафедры займаюць скрынкі, пакуначкі і пакецікі, на якіх красуюц­ца нумары, умоўныя знакі і апісанні. Тут віруе работа над вопісам знаходак, якія студэнты і выкладчыкі кожны год прывозяць з раскопак і палявой студэнцкай практыкі. За кожным з апісаных прадметаў не толькі стаіць вялікая работа дзясяткаў людзей, але і хаваюцца стагоддзі гісторыі.
Археалогія, як і гісторыя, вывучае мінулае чалавека. Аднак яна вывучае мінулае пераважна не па пісьмовых крыніцах, а па матэрыяльных сведчаннях. Археалагічныя даследаванні закранаюць розныя эпохі, пачынаючы ад з’яўлення чалавека каля 3 мільёнаў гадоў таму. Таксама навука займаецца старажытнасцямі, блізкімі да нашых дзён (археалогія сучаснасці) і даследуе прадметы матэрыяльнай культуры з дапамогай спецыяльных і міждысцыплінарных метадаў. Акрамя таго, археалогія займаецца захаваннем матэрыяльнай спадчыны (вырата­валь­ная археалогія) – калі ёсць пагроза знішчэння помніка ці калі помнік можа быць знішчаны пасля ўздзеяння на яго гаспадарчай дзейнасці чалавека, спецыялісты павінны захаваць пра яго максімальную коль­касць інфармацыі (вызначаюць месца помніка, інвентарызуюць яго, акрэсліваюць плошчу ахоўваемай тэрыторыі і да т. п.).

Паліна Курловіч

Па словах Паліны Сяргееўны, археолагі сёння – запатрабаваныя спецыялісты, аднак у Беларусі іх няшмат – чалавек 60-80. І хоць апошнія гады да гэтай дзейнасці далучаецца ўсё больш маладых людзей, кваліфікаваных кадраў пакуль недастаткова.
У Беларусі 118 раёнаў. І нават калі лічыць, што ў нас 80 археолагаў-практыкаў, атрымліваецца, што нават не на кожны раён знаходзіцца спецыялісту. А ў кожным з іх могуць знаходзіцца дзясяткі помнікаў. І гэта калі не лічыць раней выяўленых артэфактаў, звесткі пра якія патрабуюць уводу ў навуковы зварот, – тлумачыць загадчыца кафедры.

«Выпадковасць» як справа жыцця
Сама Паліна Курловіч даведалася пра прафесію з кніжак – прачытала, здзівілася і паціху забылася пра яе. Навуковец гаворыць, што ў археалогію яе прывяла выпадковасць: у 10 класе яна з сяброўкай наткнулася на аб’яву, што на раскопкі запрашаюцца школьнікі і студэнты. У той час раскопкі вяліся ў гістарычнай частцы Мінска – па лініі сучаснай вуліцы Зыбіцкай. Пётр Русаў, пад кіраўніцтвам якога вяліся даследаванні, адправіў дзяўчат упарадкоўваць і апісваць знаходкі.
У той год мы займаліся афармленнем артэфактаў, у раскоп нас пускалі толькі паглядзець. Але гэта ўжо зацягвала! Мала таго, што ты трымаеш у руках стара­жытнасць, дык яшчэ кожны дзень Пётр Аляксандравіч, пад дыктоўку якога мы складалі вопісы, расказваў нешта цікавае пра гэтыя прадметы, – узгадвае навуковец.
Выкладчыца прызнаецца, што на гіста­рычным факультэце ўвагу першакурснікаў амаль адразу на сябе звярнуў тагачасны загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Егарэйчанка. Ён не толькі змястоўна, дакладна і ілюстратыўна падаваў свой прадмет, але і быў патрабавальны да студэнтаў: Аляксандр­ Андрэевіч імкнуўся, каб яны скрупулёзна запаміналі навучальны матэрыял. Так, крыху пабойваючыся, але сабраўшыся з духам, першакурсніца Паліна разам з сяброўкай прыйшлі ўпершыню на кафедру, дзе іх добразычліва, хоць і вельмі сур’ёзна сустрэў загадчык. Ён пасля не аднойчы слухаў выступленні студэнткі на канферэнцыях, каментуючы іх.


Уражанне ад раскопак, жаданне выкладчыкаў кафедры падказаць і скіраваць, першая летняя практыка ў «палявых» умовах, куды гістфак выязджае штогод, – і жаданне застацца ў гэтай справе сфарміравалася ў дзяўчыны канчаткова. Яшчэ б – такія выезды ў экспедыцыі для першакурснікаў – цэлы свет! Школьная і студэнцкая зацікаўленасць­ археалогіяй перарасла для Паліны Курловіч у шлях навукоўца. Дысертацыю кандыдат гістарычных навук абараніла па тэме, прысвечанай шкляным вырабам другой паловы XVI – XIX стагоддзяў на тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі, таксама працяглы час займалася мануфактурай сярэдзіны XVIII – пачатку XIX стагоддзяў. Зараз да яе даследчыцкіх інтарэсаў далучыліся даследаванні матэрыяльных помнікаў часоў рассялення славян.

Каштоўнасць – гэта не пра золата
Паліна Сяргееўна гаворыць, што немагчыма вылучыць больш цікавую ці каштоўную сярод знаходак. Гэта даследчык тлумачыць тым, што для розных археолагаў каштоў­насць і цікавасць маюць розныя артэфакты: многае залежыць ад характарыстык, асаблівасцяў кожнага асобнага прадмета і комплексу звестак пра месца, дзе ён быў зной­дзены. Так, некалькі гадоў калектыў спецыялістаў кафедры шукаў прарадзіму славян. На гэтых землях навукоўцы знайшлі шмат статусных рэчаў – каштоўных з матэрыяльнага пункту гледжання. Але для археолагаў больш важна было знайсці цэласныя фрагменты керамікі, таму што керамічныя вырабы кансерватыўныя ў тэхналагічным плане і могуць падказаць, як фарміравалася насельніцтва на вывучаемай тэрыторыі.
Калі знаходка існуе сама па сабе, без апісання культурнага пласта, дзе была зной­дзена, яе інфарматыўная каштоўнасць для даследчыкаў страчваецца, паколькі пакідае пасля сябе шмат нявысветленага. Таму археолагаў вельмі засмучвае дзейнасць «чорных» капальнікаў, паколькі яны разбураюць цэласнасць культурнага слоя мясцовасці. Нават калі знаходкі капальнікаў пасля трапляюць у музейныя ўстановы, навуковая праца з артэфактам ускладняецца, ды і звесткам пра прадмет, якія пакідае «здатчык», да канца верыць нельга.


Ёсць яшчэ некаторыя складанасці ў працы археолагаў – найперш гэта, як гаворыць загадчыца кафедры, «адсутнасць дадатковых гадзін у сутках». Матэрыялаў для даследаванняў заўсёды шмат і яны пастаянна папаўняюцца, а вось часу на працу з імі, натуральна, не дадаецца. Таксама немалаважны аспект – недастатковая колькасць вузкапро­фільных спецыялістаў: астэолагаў, археазаолагаў, археабатанікаў, даследчыкаў, што вывучаюць асобныя катэгорыі матэрыялаў спецыяль­нымі метадамі, і інш. Некаторыя напрацоўкі айчынныя даследчыкі павінны накіроўваць на аналіз замежным калегам, што займае пэўны час і патрабуе большых матэрыяль­ных выдаткаў.

Наступнікі Адама Кіркора
Ужо каторы год Паліна Курловіч курыруе студэнцкую практыку. З 2021 года факультэт выязджае ў экспедыцыю на раскопкі недалёка ад вёскі Рэчкі Вілейскага раёна. Навуковае даследаванне гэтых мясцін пачалося ў сярэдзіне XIX стагоддзя па ініцыятыве Адама Кіркора. За час шчыравання на аб’екце гістарычнага факультэта (з 2020 года) было знойдзена нямала артэфактаў: нажы, фрагменты бранзалетаў, фібулы, грузікі для верацяна, фрагменты керамікі і інш. Студэнты і выкладчыкі прыйшлі да высновы, што тут знаходзяцца грунтавыя пахаванні, якія адносяцца да банцараўскай археалагічнай культуры. Па словах Паліны Сяргееўны, на тое, каб даследаваць помнік на дастатковым узроўні, спатрэбіцца яшчэ некалькі гадоў. У перспектыве даследчыкаў – знайсці адказы на пытанні, якую гаспадарку вялі насельнікі мясцовасці, якія расліны тут сеялі, удакладніць даты, да якіх адносіцца аб’ект. Загадчыца кафедры лічыць, што два тыдні практыкі недастаткова для таго, каб цалкам уліцца ў свет археалогіі, тым не менш першакурснікі паспяваюць адчуць атмасферу раскопак і спасцігнуць асновы археалагічнай дзейнасці.
Першасная мэта выкладчыкаў – навучыць студэнтаў розным відам працы, паказаць, што такое экспедыцыя, навучыць наладжваць быт. Штогод набіраецца група людзей з ліку студэнтаў, якія дапамагаюць нам як валанцёры. Гэта, канешне, асаблівыя людзі, – адзначае загадчыца кафедры.


У «палявых» умовах студэнты знаёмяцца з традыцыямі «бывалых» археолагаў. Гістфакаўскія даследчыкі, напрыклад, штогод святкуюць новы год улетку. Гэты звычай упадабаўся не толькі моладзі, але і жыхарам блізкіх вёсак: мясцовыя ніколі не абмінуць выпадку, каб не спытаць: «Ну як там ваш новы год?» Таксама не абыходзіцца ў гэты час без «прысвячэння» ў археолагі (са спаборніцтвамі і традыцыйным тортам з пернікамі) і без асабістых «тытулаў»: штогод экспедыцыя вызначае караля і каралеву раскопак, найлепшага дзяжурнага (узнагарода за самага ўмелага кухара) і званне «Радыё-раскоп» (уручаецца самаму гаварліваму студэнту). Усё гэта адбываецца ў апошнія дні практыкі і ператвараецца ў маленькае свята.

Цікавае адкрываецца ў канцы
Паліна Курловіч гаворыць, што археолагі не прымхлівы народ, але, як бы ні шчыравалі ўдзельнікі на раскопках, самая цікавая, важ­ная ці незвычайная знаходка з’яўляецца ў апошні дзень.
Калі трэба засыпаць раскопы, збіраць рэчы і ўсе рыхтуюцца да ад’езду – заўсёды знаходзіцца нешта, што ўзбагачае вынікі работы за ўсю змену, – дзеліцца назіраннямі куратар.
Пасля даследчыкаў чакае этап справа­здач, падрыхтоўка артэфактаў і сабраных матэрыялаў да далейшых даследаванняў. Знаходкі патрэбна пачысціць, апісаць і па магчымасці зрабіць так, каб яны захаваліся. Падчас раскопак студэнты і выкладчыкі робяць­ вопісы знаходак, апісанні, малюнкі і чарцяжы мясцовасці, фотаздымкі. Пасля гэтыя дакументы пойдуць у справаздачу для Акадэміі навук, якая штогод выдае дазвол на правядзенне археалагічных работ. Трэба каля года, каб знойдзеныя матэрыялы і прадметы апісаць, упарадкаваць, перадаць на захаванне. Апошнія гады ўсе артэфакты перадаюцца ў навучальную лабараторыю музейнай справы гістфака. Тут гэтыя рэчы даступныя не толь­кі навукоўцам факультэта, але і ўсім, хто мае да іх інтарэс. Калі пэўная калекцыя даследавана цалкам, пры патрэбе яна можа быць перададзена ў краязнаўчы музей мясцовасці, дзе рэчы былі знойдзены.

Памятаючы, што ў дзяцінстве Паліна Сяргееўна марыла пра неадкрытыя землі і схаваныя скарбы, напрыканцы сустрэчы пытаемся, ці рэальна знайсці скарб у наш час.
Вельмі рэальна! Асабліва ўлічваючы, колькі войнаў і навал ішло праз Беларусь. Таксама праз нашу краіну праходзіла шмат гандлёвых шляхоў. Мяркую, у такіх умовах людзі сутыкаліся з сітуацыяй, калі патрэбна было зберагчы нейкія рэчы, – упэўнена даследчыца. – Але ў розныя часы скарбамі лічыліся розныя рэчы. Калі ў наш час так мы называем нешта матэрыяльна каштоўнае, то ў іншыя эпохі скарбам лічылі жалеза ці, напрыклад, асаблівы від крэмнію. Таксама можна знайсці скарб, які быў апушчаны ў зямлю не для таго, каб яго схаваць, а з сакральнымі мэтамі – культура язычніцтва на беларускіх землях была вельмі моцная. Так што скарбаў на Беларусі, думаю, безліч!

 

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: