Аматар біялогіі з банка даных адорнай моладзі краіны — другакурсніца Настасся Сяменавых

21 Aug, 2023.

Другакурсніца біялагічнага факультэта Настасся СЯМЕНАВЫХ (спецыяльнасць «біялогія», напрамак – біятэхналогія) мае сярэдні бал 9,6, займаецца самаразвіццём і актыўнічае ў ССЯАН на факультэце. А яшчэ яна ўваходзіць у банк даных адоранай моладзі краіны.

Выдатніцай мая суразмоўца была заўсёды: жодзінскую СШ №6 дзяўчына скончыла з залатым медалём і «дзясятачным» атэстатам. Аднак большую частку яе вучнёўскага жыцця займаў удзел у школьных, раённых, абласных і рэспубліканскіх этапах алімпіяды па біялогіі. А ў 2021 годзе яна стала студэнткай БДУ.

Знаёмыя Насці вылучаюць такія яе якасці, як розум, красамоўства і пачуццё гумару. А яшчэ яна любіць расказваць цікавыя факты. Сама студэнтка жартуе, што яе блізкія нешта ведаюць з біялогіі толькі з яе рэплік: «А вы ведалі…».

Другакурсніца кажа, што прыродазнаўчыя навукі даваліся ёй заўсёды і нібыта самі па сабе. Інтарэс выклікалі і дакладныя навукі – асабліва матэматыка (яе Насця называе «жвачкай для мозгу на ўсе часы»), таму і вучылася яна ў фізіка-матэматычным класе. Калі прыйшоў час выбіраць профіль, дзяўчына вырашыла, што вывучаць англійскую мову на ўзмоцненым узроўні ёй не хочацца, а стасункі з фізікай могуць cкласціся. Акрамя таго, гэты прадмет добра перасякаўся з любімай біялогіяй. Цікава, што адчуванне не падвяло: тэрміны і формулы адораная дзяўчына запамінае за 2-3 паўтарэнні. Добрая памяць і лагічнасць мыслення не раз выручала яе, бо Насці лёгка звязваць факты паміж сабой. Таксама яна можа падаць любы матэрыял так, як быццам яна профі ў тым, пра што вядзе аповед.

– У мяне з гуманітарнымі дысцыплінамі адносіны звычайна больш складаныя, чым з астатнімі, таму даводзіцца шмат працаваць на семінарах. Адзіны прадмет, які мне сапраўды спадабаўся, – філасофія. А вось біялогія для мяне – гэта моцная база ўяўленняў пра свет, якая заўсёды папаўняецца.

Гісторыя сяброўства Настассі з гэтай навукай пачалася у часы, калі яна хадзіла ў пачатковую школу – з навуковай працы пра вожыкаў. Там яе заўважыла настаўніца, якая выкладала ў Насці ў далейшым. І з 6 класа дзяўчына стала невылечным аматарам біялогіі.

– За 6-7 клас мы прайшлі асноўныя паняцці школьнай праграмы, наганялі план 8-га класа. У 9-м я ўпершыню паўдзельнічала ў гарадскім этапе. Там заняла першае месца, прайшла на вобласць, там узяла дыплом ІІІ ступені. Канешне, я была шчаслівай, але ў той жа час разумела, што ўзровень падрыхтоўкі яшчэ вельмі нізкі. На канікулах мы займаліся ўлетку, разбіралі праграму 10 класа, чыталі трохтомнік Альбертса (зборнік па малекулярнай біялогіі, што вывучаюць на 3 курсе), – узгадвае Настасся Сяменавых. – А ў новым навучальным годзе ўжо тлумачыла дзесяцікласнікам на занятках задачы па генетыцы. Пасля, праз год, я трапіла на курсы ад Інстытута развіцця адукацыі. І пасля суботніх заняткаў на біяфаку БДУ, дзе спадабаліся адносіны выкладчыкаў, я ўпершыню ўбачыла якасныя мікраскопы і ўдзельнічала ў вопытах, сказала бацькам, што заняткі таго былі вартыя. Я ў той год атрымала першы дыплом на вобласці.

У 11 класе дзяўчына хвалявалася, што атрымае на алімпіядзе толькі падзячны ліст.

– З аднаго боку, ты добра папрацаваў і твае намаганні адзначылі, з другога – ніякіх ільгот пры паступленні дакумент не дае. Таму я выдыхнула толькі тады, калі пачула сваё прозвішча на ўзнагароджанні ўдзельнікаў, якія атрымалі дыплом ІІІ ступені, – тлумачыць дзяўчына.

Дыплом на рэспубліканскім этапе алімпіяды стаў прыступкай, дзякуючы якой Настасся апынулася ў банку даных адоранай моладзі, а таксама стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, гэта дазволіла ёй без экзаменаў паступаць на любую біялагічную спецыяльнасць. Так Настасся Сяменавых апынулася на біяфаку, з якім ужо паспела зрадніцца.

– Шчыра кажучы, я не думала пра біяфак з дзяцінства. Хутчэй разглядала будучую прафесію праз прызму медыцынскіх спецыяльнасцяў: мама ў мяне – медсястра, па татавай лініі шмат родных – стаматолагі. І класа да 10-га думала, што буду паступаць у медыцынскі ўніверсітэт на стаматолага. Яшчэ бачыла сябе лагістам ці праграмістам. Але, як бачыце, жыццё ўсё расставіла на патрэбныя месцы, – заўважае студэнтка.

Цікавыя факты пра Настассю Сяменавых:

  1. Дзяўчына любіць фантастычную літаратуру. Апошні прачытаны ёй твор – «Панядзелак пачынаецца ў суботу» братоў Стругацкіх.
  2. Настасся займае пасаду намесніка старшыні ССЯАН біяфака. Гэта арганізацыя, па словах другакурсніцы, блізкая ёй па сваёй філасофіі.
  3. Дзяўчына не ахвяруе сном: толькі двойчы за час навучання Настасся спала меней за 6 гадзін.
  4. Другакурсніца аддае перавагу наземнаму транспарту, а найлепшым транспартам да факультэта ўвогуле лічыць электрычку.
  5. Ужо год студэнтка не купляе пластыкавыя пакеты.
  6. Настрой дзяўчыны паляпшаецца, калі яна заўважае «люстраныя» лічбы: напрыклад, 02.02 на календары ці 13:13 на гадзінніку.
  7. Настасся не верыць у прыкметы, але перад здачай важных экзаменаў «на ўсялякі выпадак» кладзе падручнік пад падушку і просіць сваякоў пасварыцца на яе адрас падчас здачы.

 

Галоўным матыватарам адораная студэнтка лічыць цікаўнасць да таго, чым яна займаецца. Кіруючыся гэтым, яна будуе планы: у перспектыве Настасся хацела б паглыбіцца ў біяінфарматыку і даследаванні фізіялогіі раслін. Раней другакурсніца думала кампанаваць свае планы так, каб можна было займацца біялогіяй у розных напрамках. Але цяпер разумее, што ў прыярытэце ўсё ж навука.

Яшчэ адной крыніцай натхнення для Настассі стала налепка-пажаданне, якую яна прывезла з жодзінскай кавярні з надпісам: «Што розум можа спасцігнуць і ў што ён можа паверыць, таго чалавек здольны дасягнуць». Гэту думку дзяўчына падзяляе цалкам і пераконвае, што рамкі для кожнага чалавека толькі ў яго галаве.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: