Трэцякурсніца з банка даных адоранай моладзі Караліна Лапунова: «Аснова поспеху – мы самі»

21 Nov, 2023.

Караліна Лапунова ўключаная ў банк даных адоранай моладзі Беларусі. Бацькі маёй гераіні хацелі аддаць яе ў гімназію з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы, але дзяўчына выбрала гімназію з эстэтычным ухілам. Яна марыла быць кандуктарам і дызайнерам, а пасля палюбіла грамадазнаўства і паступіла на юрыдычны факультэт БДУ.

Караліна вучыцца на трэцім курсе па спецыяльнасці «паліталогія (палітыка-юрыдычная дзейнасць)». У дзяцінстве студэнтка марыла стаць кандуктарам: ёй падавалася, што кандуктар – гэта самы галоўны кіраўнік, які ў дадатак да ўсяго сочыць за парадкам у салоне аўтобуса. Дзяўчына лічыць, што ў гэтым жаданні ўжо тады праявіліся яе схільнасці да кіраўніцтва.

У старэйшых класах студэнтка зацікавілася грамадазнаўствам. Трэцякурсніца кажа, што гэты прадмет фарміруе асобу праз знаёмства з эканамічнай, культурнай, сацыяльнай і палітычнай сферамі жыцця. Таму яна падзяліла вывучэнне прадмета на этапы, каб адточваць валоданне ім. Таксама дзяўчына пачала ўдзельнічаць у навуковых канферэнцыях і конкурсах даследчых работ. Паралельна займалася ў музычнай школе па класе фартэпіяна і выступала ва ўзорным вакальна-харэаграфічным ансамблі «Перапёлачка». Віцебскую гімназію №3 імя А. С. Пушкіна яна скончыла з залатым медалём і сярэднім балам атэстата 9,8. У 11 класе таксама стала пераможцай заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, дзякуючы чаму трапіла ў банк даных адоранай моладзі.

– За 11 гадоў у школе горш за ўсё скончыла першы клас. У пачатковых класах я была дастаткова неардынарнай асобай. Аднойчы бацькоў выклікалі ў школу за тое, што я выпраўляла сабе ў дзённіку адзнакі – дзявяткі замазвала карэктарам і ставіла сямёркі. Гэта быў спосаб пакараць сябе за кляксы і неакуратныя запісы, – дзеліцца адораная студэнтка.

Выбар будучай спецыяльнасці Караліна зрабіла ў 10 класе. Тады ў палітыка-юрыдычнай дзейнасці школьніца захацела разбірацца на прафесійным ўзроўні. Зразумела, што найлепш у гэтым дапаможа вучоба ў БДУ. І, апынуўшыся на юрыдычным факультэце, дзяўчына амаль адразу ўключылася ў яго жыццё: стала прафаргам групы, валанцёрам, удзельніцай дыялогавых пляцовак, дэбатаў, навуковых канферэнцый і інш. Таксама паглыбілася ў вучобу. Сёння сярэдні бал студэнткі – 9,0.

– Я эрудзіраваны чалавек: магу падтрымаць дыялог у розных кампаніях, што, як мне падаецца, прываблівае людзей. Таксама я высокаарганізаваная і крэатыўная. Першая рыса дала мне здольнасць не толькі скіроўваць сябе, але і каардынаваць дзейнасць іншых. Другая – дазволіла аб’ядноўваць цікавыя і карысныя ідэі для далейшага ўвасаблення, – апісвае сябе дзяўчына.

Ад актыўнасцяў і заняткаў Караліна адпачывае, займаючыся любімымі справамі. Хобі, па яе словах, гэта асабістае асяроддзе людзей, дзе яны могуць развіваць свае таленты і адпачываць ад мітусні. Сама ж студэнтка знаходзіць аддушыну ў маляванні і ў ігры на фартэпіяна. Таксама дзяўчына доўгі час спрабавала сябе ў візажы і фатаграфіі. Апошнія захапленні выйшлі з жадання стаць дызайнерам. Цяпер творчыя здольнасці Караліны знайшлі прымяненне ў рабоце інфармацыйнага напрамку мэт устойлівага развіцця студэнцкага савета БДУ. Яна ўдзельнічае ў мерапрыемствах і праектах, прысвечаных МУР, паколькі хоча зрабіць уласны ўнёсак у іх рэалізацыю і быць прыкладам для іншых.

– Гэта дадае яркасці ў жыццё, бо любімыя заняткі, як свежы ветрык, прымушаюць сэрца стукаць хутчэй. А ў складаных сітуацыях мне дапамагаюць блізкія людзі – бацькі і сябры. Да іх звычайна прыходжу па параду, калі не магу вырашыць нейкае цяжкае пытанне. А яшчэ я натхняюся прыкладам вядомых людзей з падобнымі да маіх інтарэсамі, – разважае трэцякурсніца.

– Так, напрыклад, вельмі захапляюся моцнымі жанчынамі, якія не толькі вядуць за сабой іншых, але і ўплываюць на фарміраванне грамадства і культуры. Адной з такіх асоб, як мне падаецца, з’яўляецца Сімона дэ Бавуар. Мне б хацелася калі не пабыць у яе амплуа, то хаця б пазнаёміцца з дэталёвымі сведчаннямі пра яе. Бачу сябе ў будучыні звязанай з вывучэннем правоў жанчын. Хачу праводзіць гендарныя даследаванні і ўдзельнічаць у праграмах і праектах у гэтай галіне.

Па жыцці дзяўчына кіруецца прынцыпам, што кожны чалавек – каваль свайго шчасця. Ці, як кажа сама Караліна, «ніхто не ўздыме нас да вышынь, акрамя нас саміх, як і ніхто не палепшыць наша жыццё. Аснова поспеху – мы самі».

– Рацыянальнае размеркаванне часу – гэта сакрэт таго, як паспяваць амаль усё і браць патрэбныя прыступкі. І яшчэ важна ў роўнай ступені сумяшчаць працу і адпачынак, бо гэта не толькі максімізуе плён, але і спрыяе эмацыйнаму пад’ёму, псіхалагічнай стабільнасці. Добры эмацыйны стан, як вядома, дае чалавеку многае, – рэзюмуе студэнтка.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: