Навукоўцы ходзяць у школу: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт стаў пляцоўкай для школы маладога вучонага

4 Jan, 2024.

Першы сезон мерапрыемства, накіраванага на развіццё інтарэсу маладых людзей да навукі і падтрымку іх даследаванняў, праходзіў 13-15 снежня на базе факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі. Арганізатарамі адукацыйнага інтэнсіву выступілі саветы маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі і БДУ.

Геаграфія ўдзельнікаў падзеі ахапіла сталічныя УВА, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна, а таксама Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай. Колькасць маладых даследчыкаў перавысіла сто чалавек.

У першы дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё школы маладога вучонага. Гасцямі цырымоніі сталі першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Таццяна Сталярова, акадэмік-сакратар аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі Сяргей Шчарбакоў, старшыня савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Настасся Кісялевіч і старшыня савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Станіслаў Юрэцкі. Удзельнікам падзеі таксама прэзентавалі дзейнасць Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі і пазнаёмілі з магчымасцямі падтрымкі адоранай моладзі.

У свеце, дзе веды і навука становяцца драйверам развіцця грамадства, заўсёды патрэбна ствараць спрыяльныя ўмовы для выхавання новага пакалення даследчыкаў. Школа маладога вучонага – гэта ўнікальная адукацыйная прастора, што будзе служыць адпраўной кропкай для моладзі, якая імкнецца да атрымання навуковых ведаў, – заўважыла старшыня савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Настасся Кісялевіч. – Дзякуючы школе, маладыя навукоўцы змогуць зразумець, якой павінна быць структура даследавання, як пазбегнуць неправамерных запазычванняў, навучацца правільна прэзентаваць вынікі сваіх даследаванняў, што ў сваю чаргу зможа паспрыяць атрыманню фінансавай падтрымкі для іх рэалізацыі.

Другі «школьны» дзень пачаўся з практычных парад ад запрошаных спецыялістаў. Вучоных-пачаткоўцаў чакала 5 лекцый, прысвечаных публікацыйнай дзейнасці, менеджменту навуковай работы, некарэктным запазычванням, моладзевым ініцыятывам у галіне міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама заняткі па асновах інтэлектуальнай уласнасці. Выступоўцы падзяліліся з удзельнікамі прыёмамі планавання часу, дадаткамі для арганізацыі навуковай дзейнасці, акрэслілі памылкі пры напісанні і публікацыі вынікаў даследавання і інш.

Заключны дзень падзеі ўвабраў у сябе майстар-класы па прамоўніцкім майстэрстве, медыйнай пісьменнасці даследчыка, прэзентацыі навуковых вынікаў, а таксама метадалогіі і методыцы дысертацыйнага даследавання. Экспертамі выступілі выкладчыкі факультэта журналістыкі, старшыня савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі і прадстаўнік Рэспублі-канскага інстытута вышэйшай школы.

– Хацелася б, каб вынікам нашага мерапрыемства стала стварэнне новых навуковых калектываў, павышэнне якасці і эфектыўнасці даследаванняў, а таксама далучэнне большай колькасці моладзі да навукі. Спадзяёмся, што школа стане традыцыйнай і будзе праводзіцца адзін-два разы на год у розных універсітэтах, – выказалася Настасся Кісялевіч.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: