7 аспірантаў БДУ атрымалі стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У гэтым спісе даследчыкі, якія дасягнулі значных навуковых і практычных поспехаў у галіне тэхнічных, фізіка-матэматычных, палітычных, філалагічных і гістарычных навук.
Аспірант механіка-матэматычнага факультэта Яўген Аўдзейчык удастоены ўзнагароды за распрацоўку мадэляў руху кропель на дыску, які круціцца, і алгарытму рашэння ўраўненняў раўнавагі абмежаваных восесіметрычных пластоў вадкасці. Ён заняўся гідрамеханікай на трэцім курсе. Гэта галіна мае шэраг нявырашаных праблем, вывучэнне якіх неабходнае для паляпшэння разумення шырокага класа прыродных і тэхналагічных працэсаў. Аспірант развіваў задачу ў курсавой працы, затым – у дыпломнай, потым у магістарскай дысертацыі, а зараз у кандыдацкай.
– Задачы раўнавагі і руху вадкіх пластоў на паверхнях, якія круцяцца, з’яўляюцца аднымі з базавых пры праверцы мадэляў капілярнай гідрамеханікі. У прыватнасці, я разглядаю выпадак абмежаваных пластоў – кропель – і плоскай цвёрдай падкладкі – гарызантальнага дыска, які круціцца. Гэтыя мадэлі ўяўляюць сабой сістэмы ўраўненняў. І сутнасць маёй распрацоўкі заключаецца ў прапанове новага алгарытму колькаснага рашэння такіх ураўненняў для выпадку адноснага пакою вадкасці, а таксама ў прапанове новых мадэляў руху малых кропель па плоскай паверхні. У абодвух выпадках мэта заключалася ў спрашчэнні і паскарэнні разлікаў, – тлумачыць Яўген. Акрамя гэтага, ён удасканаліў алгарытмы ацэнкі ўстойлівасці кропель, якія круцяцца, паколькі стандартныя метады вызначэння ўстойлівасці абмежаваных пластоў даюць вынікі не адпаведныя эксперыментальным даным. Тут пад устойлівасцю маецца на ўвазе здольнасць пластоў захоўваць стан раўнавагі адносна працяглы час.
Задача мае і прыкладное прымяненне, у прыватнасці, пры распрацоўцы рэкамендацый па аптымізацыі цэнтрабежна-дыскавых тэхналогій нанясення змазак і пакрыццяў, вытворчасці мінеральных, металічных, харчовых і іншых парашкоў і ват. У першым выпадку вадкасць (змазка або незастылы матэрыял пакрыцця) змяшчаецца на дэталь, якая круціцца, і размяркоўваецца па ёй за кошт цэнтрабежных сіл, у другім – на дыск падаецца расплаў, разбіваецца на струі і кроплі, утвараючы пры застыванні парашкі і ваты.
У далейшым Яўген плануе дапаўняць мадэлі, уключаючы ў іх усё больш параметраў, якія дазваляюць улічыць максімальную колькасць розных эфектаў. Пры гэтым для поўнага даследавання апісаных тэхналагічных працэсаў неабходна будзе нават выйсці за межы чыстай гідрадынамікі – дадзеная задача стане міждысцыплінарнай у галіне механікі. А ўскладненне мадэляў запатрабуе яшчэ мацней аптымізаваць алгарытмы лікавага рашэння, каб выконваць адпаведныя разлікі без выкарыстання суперкамп’ютараў.
Аспірант факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Ігар Чыжоў распрацаваў новыя метады фарміравання звышцвёрдых нанаструктураваных пакрыццяў на аснове тытану (TiAlN, TiAlCuN, TiAlSiN) з высокімі трыбамеханічнымі ўласцівасцямі, якія дазваляюць павысіць надзейнасць функцыянавання вузлоў і апаратуры малых касмічных апаратаў.
– У 2021 годзе, пасля навучання ў магістратуры, я вырашыў паступіць у аспірантуру і распачаў пошукі навуковага кіраўніка. Для мяне важна, каб тэматыка навуковага даследавання была цікавай і актуальнай. Мне прапанавалі навуковы кірунак, звязаны з фарміраваннем і даследаваннем керамічных пакрыццяў з палепшанымі ўласцівасцямі, што я палічыў перспектыўным, – расказвае навуковец.
Распрацоўка і атрыманне нанаструктураваных пакрыццяў, якія валодаюць высокай цвёрдасцю, зносаўстойлівасцю, устойлівасцю да ўздзеяння радыяцыйнага выпраменьвання – адзін з найважнейшых напрамкаў даследаванняў у галіне матэрыялазнаўства. Пакрыцці TiAlN, TiAlCuN, TiAlSiN – перспектыўныя матэрыялы для прымянення ў механічных вузлах касмічнай тэхнікі. Актуальным з’яўляецца атрыманне зносаўстойлівых пакрыццяў, якія захоўваюць свае эксплуатацыйныя ўласцівасці ў касмічных умовах. Дадаванне вугляроду, медзі і крэмнію ў склад пакрыццяў TiAlN дазваляе палепшыць мікрамеханічныя ўласцівасці матэрыялу, паменшыць каэфіцыент трэння і павысіць надзейнасць і даўгавечнасць пакрыцця, якое трэцца.
– Фарміраванне звышцвёрдых нанаструктураваных пакрыццяў мы вырабляем метадам рэактыўнага магнетроннага распылення пры дапамозе мадэрнізаванай устаноўкі УВН – 2М на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, – дапаўняе Ігар.
Распрацаваныя пакрыцці могуць быць карысныя і эфектыўныя ў якасці ахоўных і механічна-ўстойлівых у касмічных апаратах. Акрамя гэтага яны могуць выкарыстоўвацца як умацавальныя пакрыцці для рэжучай прылады, вузлоў машын і станкоў, у якасці дэкаратыўных ахоўных пакрыццяў.
Распрацоўкай мабільнага апаратна-праграмнага комплексу назірання за касмічнымі аб’ектамі аспірантка факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Васіліна Баранава пачала займацца яшчэ на чацвёртым курсе бакалаўрыята. Гэтая тэма яе зацікавіла ў кантэксце выяўлення і маніторынгу касмічнага смецця аптычнымі метадамі. Як аказалася, неабходных незалежных аптычных даных для даследаванняў характарыстык руху касмічных аб’ектаў не было ў адкрытым доступе. Ды і ў цэлым, з прычыны шматлікіх запускаў касмічных апаратаў на калязямную арбіту маніторынг касмічнай прасторы – актуальная задача.
У выніку арбітальных сутыкненняў і выбухаў утвараецца вялікая колькасць абломкаў, якія трэба адсочваць. Таму з’явілася неабходнасць стварыць уласную аптычную сістэму назірання, з дапамогай якой можна валодаць актуальнай інфармацыяй як пра каталагізаваныя, так і невядомыя касмічныя аб’екты. Распрацаваны прататып мабільнага апаратна-праграмнага комплексу назірання дазволіць незалежна ад міжнародных баз даных вызначаць арбітальныя параметры нізкаарбітальных касмічных апаратаў, весці ўласны каталог дзейных спадарожнікаў і касмічнага смецця, мець незалежную інфармацыю пра колькасныя характарыстыкі і параметры руху.
– Магчыма, гэты маленькі пачатак для развіцця распрацовак сістэм маніторынгу калязямной касмічнай прасторы і стварэнне адзінай сеткі як аптычных, так і радыётэхнічных наземных станцый для сітуацыйнай касмічнай дасведчанасці ў нашай краіне.
На дадзены момант сістэма ў сваім першародным выглядзе ўкаранёна ў навучальны працэс, але актыўна вядзецца праца над яе больш сур’ёзнай версіяй у частцы тэхнічнага абсталявання і алгарытмаў функцыянавання. Плануецца стварэнне аўтаномнай сістэмы аптычных назіранняў, якая будзе здольная збіраць даныя арбіт касмічных аб’ектаў рознага тыпу і прызначэння, а таксама больш дэталёвае вывучэнне касмічнага смецця, падзей распаду і выбухаў на калязямной арбіце.
Стыпендыю аспірантцы юрыдычнага факультэта Вользе Кандыбе прызначылі за распрацоўку і тэарэтыкаметадалагічнае абгрунтаванне прапаноў па ўдасканаленні інстытутаў прамой і прадстаўнічай дэмакратыі ў Беларусі шляхам укаранення новых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у мэтах актывізацыі ўдзелу грамадзян у кіраванні справамі дзяржавы і эфектыўнай рэалізацыі іх канстытуцыйных правоў.
– Цяпер я працую ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі, адной з задач якога з’яўляецца правядзенне навуковых даследаванняў у галіне, якая мяне зацікавіла. Таму пры паступленні ў аспірантуру і сумоўі з маім навуковым кіраўніком, загадчыкам кафедры канстытуцыйнага права Рыгорам Васілевічам мы палічылі гэтую тэму перспектыўнай. Рыгору Аляксеевічу я вельмі ўдзячная за каштоўныя парады і дапамогу, за ўсе тыя навучанні і кансультацыі, без іх у мяне не было б такога выніку!
Актыўнае ўкараненне ў прававую рэальнасць мадэлі электроннай дэмакратыі як асаблівай формы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў з народам з’яўляецца сучаснай тэндэнцыяй дэмакратычнага развіцця краіны. Перспектыўнасць рэалізацыі ідэй па ўключэнні грамадзян у працэс кіравання справамі дзяржавы ўяўляе вялікую цікавасць для прадстаўнікоў экспертнага і акадэмічнага грамадства. У сувязі з гэтым Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва» абвешчана неабходнасць маштабнага развіцця магчымасцяў лічбавых платформаў для выбудоўвання эфектыўнага ўзаемадзеяння і партнёрства паміж дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі, прадстаўнікамі юрыдычных асоб.
Аспірантка прапанавала шляхі ўдасканалення інстытута зваротаў грамадзян пасродкам стварэння на базе дзяржаўнай адзінай (інтэграванай) рэспубліканскай інфармацыйнай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб магчымасці стварэння анлайн-петыцый. Гэта забяспечыць шырокую даступнасць і зручнасць для грамадзян у ажыццяўленні грамадска-палітычный дзейнасці.
Цяпер даследавана сутнасць электроннага галасавання як інавацыйнай формы рэалізацыі права грамадзян на кіраванне справамі дзяржавы і распрацавана мадэль «электроннага парламента». Ён з’яўляецца эфектыўным інструментам, пры дапамозе якога грамадскасць можа выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для выканання асноўных функцый прадстаўнічай улады.
Аспірантка філалагічнага факультэта Ганна Яфіменка распрацавала класіфікацыю жанравых форм дэтэктыва і тыпалогію ўзаемадзеяння жанраў у французскай літаратуры мяжы XX – XXI стагоддзяў.
– Тэма зацікавіла мяне з першага курса. Тады мне захацелася пачытаць нешта пра тое, як называецца дэтэктыўны раман, і аказалася, што ў інтэрнэце няма пра гэта ні слова. Пры напісанні курсавой працы я ўзяла тэму, якая б дазволіла мне пашукаць важную інфармацыю больш старанна ў навуковай літаратуры, але зноў не знайшла нічога пад свой запыт. Тады і стала зразумела, што давядзецца высвятляць гэта самастойна, – дзеліцца Ганна.
Тэма дазваляе выявіць спецыфіку жанравага ўзаемадзеяння ў беларускай і замежнай літаратурах, сістэматызаваць аўтарскія варыянты жанравых трансфармацый і актуалізаваць стратэгіі аналізу мастацкага тэксту ў беларускім літаратуразнаўстве.
– Калі мы чытаем кнігу, мы амаль заўсёды ўспрымаем яе праз прызму сваіх асабістых чаканняў ад жанру. Прасцей кажучы, добрыя якасці прыгодніцкага рамана могуць стаць недахопамі дэтэктыўнага і наадварот.
Сістэматызацыя змен, якія пастаянна адбываюцца ў жанравай літаратуры, карысная як для разумення тэкстаў і сацыяльна-антрапалагічных працэсаў у грамадстве, так і ў практычных мэтах пры напісанні раманаў, сцэнарыяў ці п’ес. Ганне хацелася ўбачыць рэалізацыю гэтых магчымасцяў у сучаснай беларускай літаратуры.
– Працытую Уладзіміра Караткевіча, які лічыў, што лепш за ўсё мова развіваецца, калі на ёй пішуць жывыя, папулярныя рэчы. Дэтэктыў – адзін з тых жанраў, якія людзі любілі заўсёды, і наўрад ці разлюбяць. Так што практычную карысць свайго даследавання я бачу галоўным чынам у выкарыстанні мадэляў трансфармацыі жанравага кода сучаснымі таленавітымі аўтарамі, якіх, безумоўна, шмат.
Дзмітрый Драгун, аспірант юрыдычнага факультэта, удастоены стыпендыі Прэзідэнта за выяўленне і тэарэтычнае абгрунтаванне змястоўных і структурных прыкмет радыкалізму і экстрэмізму ў сучасным палітычным дыскурсе.
У выніку дыскурсіўнага аналізу электаральных праграм палітычных партый радыкальнага і экстрэмісцкага кшталту ён выявіў маркеры, якія характарызуюць камунікатыўныя практыкі падобных грамадскіх фарміраванняў па апісанні сацыяльных, палітычных, эканамічных і культурных праблем грамадства. Дзмітрый распрацаваў рэкамендацыі па ўдасканаленні асноўных напрамкаў супрацьдзеяння радыкальным і экстрэмісцкім праявам. Яго цікавасць да тэмы ўзнікла яшчэ ў студэнцкія гады, калі ён усвядоміў важнасць падтрымання палітычнай стабільнасці і бяспекі ў грамадстве. Паступова гэтая цікавасць перарасла ў сур’ёзнае імкненне зрабіць свой уклад у забеспячэнне нацыянальнай бяспекі Беларусі, і ён пачаў прымаць актыўны ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці.
– Тэарэтычнае асэнсаванне радыкалізму і экстрэмізму – важны крок у забеспячэнні нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. Атрыманыя вынікі могуць быць выкарыстаны ў дзейнасці суб’ектаў супрацьдзеяння экстрэмізму, напрыклад, для ўдасканалення методык правядзення лінгвістычных экспертыз пры расследаванні крымінальных спраў экстрэмісцкага характару ў мэтах іх усебаковага даследавання, у тым ліку з пазіцый навуковых ведаў, – лічыць аспірант.
Таксама гэтыя распрацоўкі могуць дапоўніць назапашаныя ў палітычнай навуцы веды па пытаннях радыкалізму і экстрэмізму і стаць асновай для пашырэння даследчых магчымасцяў далейшага навуковага абгрунтавання праблемы.
Тэма кандыдацкай дысертацыі аспіранта гістарычнага факультэта Максіма Сямёнава – «Этнакультурная спадчына ордэна базыльян у Беларусі ў XVII – першай палове XIX стст.». За два гады навучання ў аспірантуры ён даследаваў розныя кампаненты этнакультурнай спадчыны ордэна базыльян: адукацыйную дзейнасць, кнігавыдавецкую дзейнасць, бібліятэчную справу гісторыю базыльянскай архітэктуры. У выніку вылучаны перыяды ў развіцці культурна-асветніцкай дзейнасці ордэна базыльян, вызначаны яе галоўныя цэнтры: школы, друкарні і бібліятэкі. Прааналізаваў арганізацыю адукацыйнага працэсу, тэматычныя групы выданняў з базыльянскіх друкарняў, асартымент кніжных збораў базыльянскіх бібліятэк. Таксама вылучаны перыяды ў развіцці базыльянскай архітэктуры і іх мастацкія характарыстыкі.
– Гэтай тэмай я пачаў займацца яшчэ на трэцім курсе. Мой навуковы кіраўнік – доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры этналогіі, музеалогіі і гісторыі мастацтваў БДУ Тадэвуш Навагродскі на сваіх лекцыях адзначаў, што этналогія Беларусі вывучае шмат розных пытанняў, у тым ліку канфесійную гісторыю Беларусі і культуру прывілеяваных саслоўяў, да якіх адносіцца духавенства.
Актуальнасць дысертацыйнага даследавання заключаецца ў тым, што ў ім распрацоўваецца новы перспектыўны кірунак этналагічнай навукі – этнаканфесіялогія. Яна з’яўляецца сінтэзам класічнай этнаграфіі і канфесійнай гісторыі.
– На тэрыторыі Беларусі ў XIV – XIX стст. дзейнічала мноства каталіцкіх манаскіх ордэнаў, але ўніяцкі быў толькі адзін – базыльяне. Таму я вырашыў засяродзіць сваю навукова-даследчую дзейнасць менавіта на гэтым ордэне, а дакладней на яго этнакультурнай спадчыне.
Гэтае даследаванне можа быць выкарыстана для распрацоўкі лекцыйных курсаў па канфесійнай гісторыі Беларусі і для фарміравання архіўных і бібліятэчных фондаў. Таксама архітэктурныя помнікі ордэна базыльян могуць быць уключаны ў новыя турыстычныя маршруты, што будзе спрыяць развіццю турызму ў Беларусі.
Ганна Казакова