Дэлегацыя БДУ ў Маскве: «Дні сяброўства», «Універсітэты і будучыня» і новыя вектары развіцця ў адукацыйным працэсе

24 Apr, 2024.

На мінулым тыдні дэлегацыя на чале з рэктарам БДУ Андрэем Каралём наведала Маскву. Мэты афіцыйнага візіту: пошукі новых пунктаў судакранання ў пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва не толькі з расійскімі ўніверсітэтамі, але і ВНУ далёкага замежжа. У прыватнасці, 16 красавіка адбыўся цыкл мерапрыемстваў, прысвечаны «Дням сяброўства БДУ і МДУ імя М. В. Ламаносава». А 17 красавіка прайшоў маштабны форум «Універсітэты і будучыня», на якім рэктары з краін СНД, Азіі і Афрыкі абмеркавалі пытанні ўплыву ўніверсітэтаў на гарманізацыю навукова-адукацыйнай, тэхналагічнай і сацыяльна-гуманітарнай прасторы, а таксама ўмовы развіцця паміж краінамі-ўдзельніцамі форуму.

Правядзенне «Дзён сяброўства» накіравана на ўмацаванне гістарычных сувязяў і традыцый, развіццё міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва ў галіне адукацыйных і навукова-даследчых адносін. Тэматычная праграма ўключае сустрэчы кіраўніцтва ВНУ і факультэтаў, навуковыя канферэнцыі і форумы, уручэнне ўзнагарод сумесных конкурсаў, абмеркаванне вынікаў шматгадовага супрацоўніцтва і вызначэнне будучых вектараў развіцця партнёрскіх адносін.

Вітаў гасцей маштабнага мерапрыемства рэктар МДУ Віктар Садоўнічы. У сваім звароце ён распавёў пра гісторыю стварэння свята «Дні сяброўства БДУ і МДУ»:

– За мінулыя гады мы нарасцілі тэмпы нашага супрацоўніцтва, і магу сказаць з упэўненасцю: «Дні сяброўства» вызначаюць трэнды фарміравання адзінай расійска-беларускай сацыягуманітарнай прасторы, – зрабіў выснову кіраўнік расійскай ВНУ.

Дадзеную думку падтрымаў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў:

– Для мяне гонар быць датычным да практыкі правядзення «Дзён сяброўства» вядучых ВНУ братэрскіх дзяржаў. Рэалізацыя дадзенага свята – гэта крок, які безумоўна ўпісваецца ў гістарычную схему развіцця беларуска-расійскіх адносін, якія на цяперашнім этапе прэзідэнтамі нашых краін адзначаюцца як асаблівыя, даверныя, звернутыя ў будучыню.

Таксама з вітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся рэктар БДУ Андрэй Кароль. У сваім выступленні кіраўнік беларускай ВНУ акцэнтаваў увагу на агульных нематэрыяльных каштоўнасцях, векавых традыцыях і трывалых адносінах паміж БДУ і МДУ, якія застаюцца непахіснымі на працягу больш чым 100 гадоў супрацоўніцтва:

– Наша сувязь прайшла выпрабаванне часам, – падкрэсліў рэктар. – Значнасць захавання раўнапраўнага дыялогу на аснове агульнай гісторыі, сяброўства і пабрацімства, пачуцця пляча і падтрымкі мы асабліва востра адчуваем сёння, ва ўмовах паскоранага свету і бесперапынных змен у глабальным сацыяльнпалітычным асяроддзі. Менавіта з гэтай прычыны так важна не страчваць кантакт, падтрымліваць партнёрскія адносіны паміж ВНУ і з дапамогай сумесных ідэй і праектаў разам фарміраваць ствараль ную будучыню.

Ключавой падзеяй «Дзён сяброўства» стала падпісанне шэрагу дакументаў, накіраваных на ўмацаванне сувязяў паміж ВНУ. У прыватнасці, падпісаны мемарандум аб намеры ў перспектыве адкрыць сумесную магістарскую праграму «Саюзная дзяржава ў свеце палітыкі» ў рамках спецыяльнасці магістратуры «міжнародныя адносіны». Заснавальнікамі праграмы выступілі факультэт міжнародных адносін БДУ і факультэт сусветнай палітыкі МДУ. Другі аналагічны дакумент прадугледжвае сумесную дзейнасць факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ і геаграфічнага факультэта МДУ па заснаванні магістарскай праграмы «Інаватыка і ГІС у турыстычнай і прыродаахоўнай дзейнасці» ў рамках спецыяльнасці магістратуры «геаграфія».

Таксама дасягнуты дамоўленасці паміж эканамічным факультэтам БДУ і Вышэйшай школай дзяржаўнага аўдыту МДУ пра сумесную падрыхтоўку на I ступені вышэйшай адукацыі спецыялістаў па дзяржаўным аўдыце.

Дадзеныя дакументы прадугледжваюць умацаванне і пашырэнне двухбаковага шматвектарнага супрацоўніцтва беларускай і расійскай ВНУ. Выпускнікі магістратур і бакалаўрыята атрымаюць два дыпломы: БДУ і МДУ. Сумесная падрыхтоўка спецыялістаў дазволіць студэнтам здабыць унікальны досвед навучання ў двух розных універсітэцкіх асяроддзях, пашырыць веды і навыкі, а таксама палепшыць кар’ерныя перспектывы. У выніку заканчэння праграм студэнты атрымліваюць не толькі два прэстыжныя дыпломы ад вядучых універсітэтаў, але і шырокія магчымасці для паспяховай кар’еры ў сваіх прадметных галінах.

На цырымоніі падпісання Андрэй Кароль распавёў, што БДУ і МДУ як вядучыя ВНУ краін вызначаюць трэнды і тэндэнцыі сумеснай падрыхтоўкі кадраў. Таксама кіраўнік беларускай ВНУ звярнуў увагу на важнасць развіцця сумесных міждысцыплінарных праграм, паколькі цяпер на гэта ёсць запыт сучаснасці. Акрамя таго, ён адзначыў, што падпісанне мемарандумаў з’яўляецца лагічным працягам досведу гістарычных факультэтаў БДУ і МДУ па рэалізацыі з 2019 года першай сумеснай магістарскай праграмы «Гісторыя беларускай дыяспары». Дарэчы, паспяховасць яе рэалізацыі і перспектывы далейшага развіцця рэктары дзвюх ВНУ заверылі ў адпаведнай дэкларацыі.

Таксама на пляцоўках «Дзён сяброўства» быў падпісаны дакумент аб пралангацыі Дамовы пра навуковае і навучальнае супрацоўніцтва і наданні ёй статусу бестэрміновай. Акрамя таго, упершыню Ганаровы знак Дружбы МДУ і БДУ ўручылі рэктарам універсітэтаў Віктару Садоўнічаму і Андрэю Каралю. На думку кіраўніка беларускай ВНУ, супрацоўніцтва дзвюх ВНУ з’яўляецца яркім прыкладам пабудовы новай даследчай супольнасці з глыбокім і фундаментальным разуменнем цэласнай карціны свету.

Дарэчы, адукацыйныя і навуковыя сувязі паміж сяброўскімі ўніверсітэтамі налічваюць больш за 100 гадоў. Станаўленне і фарміраванне БДУ як магутнага інтэлектуальнага цэнтра Беларусі адбывалася на розных гістарычных этапах пры падтрымцы МДУ. Так, адкрыццю ў 1921 годзе беларускай ВНУ папярэднічала праца Маскоўскай камісіі, у складзе якой быў рэктар МДУ Вячаслаў Волгін. Першым рэктарам БДУ таксама стаў выпускнік гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ, у далейшым яго выкладчык, прафесар Уладзімір Іванавіч Пічэта. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны пры ўдзеле МДУ ў 1943 годзе пасля двухгадовага перапынку ў БДУ на падмаскоўнай станцыі «Сходня» аднавіліся заняткі на шасці факультэтах. Аказаная дапамога ў матэрыяльнай базе, навучальна-метадычнай літаратуры, харчаванні была неацэнная ў гэты складаны час.

На сучасным этапе супрацоўніцтва ўмацоўваецца і паглыбляецца. З 2014 года праводзіцца штогадовы Міжнародны расійска-беларускі конкурс студэнцкіх навуковых прац па гісторыі «Агульны шлях да Вялікай перамогі. Подзвіг народаў бессмяротны». Прафесарска-выкладчыцкі склад дзвюх ВНУ рэгулярна выступае ўдзельнікам і арганізатарам сумесных навуковых і грамадскіх мерапрыемстваў, у тым ліку патрыятычнай скіраванасці, у суаўтарстве публікуе даследчыя матэрыялы, спрыяе дзейснаму ўзаемадзеянню навуковых школ і фарміраванню адзінай адукацыйнай прасторы Расіі і Беларусі.

Таксама дэлегацыя БДУ стала ўдзельнікам маштабнага форуму «Універсітэты і будучыня» ў МДУ імя М. В. Ламаносава. У спісе экспертаў – рэктары расійскіх і замежных універсітэтаў, прадстаўнікі навуковых арганізацый, інавацыйных кампаній і органаў дзяржаўнага кіравання з Расіі, Беларусі, Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана, Кітая, Саудаўскай Аравіі, Эфіопіі, В’етнама, Лівана і інш.

На ўрачыстым адкрыцці форуму гасцей павіталі міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі Валерый Фалькоў, генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, кіраўнік Федэральнага агенцтва па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве Яўгеній Прымакоў, першы намеснік старшыні Камітэта Дзяржаўнай Думы па навуцы і вышэйшай адукацыі Уладзімір Сіпягін.

Ганаровыя госці падкрэслілі важнасцьтакіх сустрэч, якія ствараюць умовы для развіцця агульнай сацыяльна-гуманітарнай прасторы краін-удзельніц форуму, дазваляюць абмяняцца ідэямі па эфектыўным узаемадзеянні ў галіне адукацыі і навукі. Таксама спікеры акцэнтавалі ўвагу на тым, што за гісторыю форуму ў ім прыняло ўдзел некалькі тысяч рэктараў. Гэта паказвае маштаб пляцоўкі і шырокі ахоп яе ўдзельнікаў, іх уцягнутасць у пошук і рэалізацыю эфектыўнай мадэлі адукацыі з улікам запытаў чалавецтва.

На канферэнцыі было разгледжана пытанне ўплыву універсітэтаў на гарманізацыю навукова-адукацыйнай, тэхналагічнай і гуманітарнай прасторы. Мадэраваў пленарнае пасяджэнне рэктар МДУ Віктар Садоўнічы. З тэматычным дакладам «Дыялагічнасць адукацыі як метадалогія, змест і практыка ўніверсітэта будучыні» выступіў рэктар БДУ Андрэй Кароль. Ён падняў тэму росту стэрэатыпаў у грамадстве, маналагічнасці адукацыі, неабходнасці раскрыцця творчага патэнцыялу навучэнцаў, навучання ставіць мэты, прымаць рашэнні там, дзе няма загадзя вядомых шаблонаў і вынікаў. Па меркаванні рэктара БДУ, маналог у адукацыі прыводзіць да павелічэння дыстанцыі паміж чалавекам і іншымі людзьмі, паміж чалавекам знешнім і ўнутраным і да страты чалавекам самога сябе. Вялікі патэнцыял у рашэнні гэтых пытанняў закладзены ў дыялагічнасці адукацыі як здольнасці вучня адкрыць сябе і знайсці свае сэнсы. Адным з прыкладаў такога падыходу выступае адукацыя эўрыстычнага тыпу.

Праграма візіту дэлегацыі БДУ ў Маскву ўключала таксама ўдзел у працы XV савета Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў (ЕАУ). У гэтым годзе адно з прыярытэтных пытанняў тычылася развіцця супрацоўніцтва з універсітэтамі Вялікай Еўразіі. Таксама на пасяджэнні падвялі вынікі працы асацыяцыі за 2023 год, вызначылі ключавыя напрамкі ўдасканалення супрацоўніцтва ўніверсітэтаў-членаў ЕАУ, разгледзелі перспектыўныя шляхі развіцця дзейнасці асацыяцыі.

Даведка:
ЕАУ была створана на Устаноўчым з’ездзе ў 1989 годзе як Асацыяцыя ўніверсітэтаў СССР па ініцыятыве МДУ імя М. В. Ламаносава, падтрыманай 20 найбуйнейшымі ўніверсітэтамі Савецкага Саюза, у тым ліку і БДУ. У 1992 годзе асацыяцыя ператворана ў Еўразійскую асацыяцыю ўніверсітэтаў. Сваю дзейнасць асацыяцыя ажыццяўляе праз шматлікія канферэнцыі, форумы, міжуніверсітэцкія сувязі і кантакты.

На дадзены момант у склад ЕАУ ўваходзіць 140 ВНУ з 13 краін. Рэктар БДУ Андрэй Кароль з’яўляецца дзейным віцэ-прэзідэнтам асацыяцыі з 2019 года.

Таксама прайшоў шэраг перамоў кіраўніцтва БДУ і ВНУ-членаў ЕАУ па пытаннях сумесных адукацыйных і навуковых праграм, правядзення навуковых даследаванняў, акадэмічнай мабільнасці. У прыватнасці, вынікам сустрэч стала падпісанне шэрагу дакументаў. Трохбаковая дамова аб супрацоўніцтве заверана паміж МДУ імя М. В. Ламаносава, БДУ і Дагестанскім дзяржаўным універсітэтам. Подпісы пад дакументамі паставілі рэктары трох універсітэтаў Віктар Садоўнічы, Андрэй Кароль і Муртазалі Рабаданаў адпаведна. Дасягнутыя дамоўленасці дазволяць узмацніць развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці і акадэмічнай мабільнасці паміж ВНУ-партнёрамі. Так, дакумент прадугледжвае абмен навукоўцамі, дактарантамі, аспірантамі, магістрантамі і студэнтамі, рэалізацыю сумесных адукацыйных праграм, узаемную дапамогу ў павышэнні навуковай кваліфікацыі навукоўцаў і выкладчыкаў, абмен публікацыямі і матэрыяламі і інш.

Таксама ў гэты дзень падпісаны мемарандум аб намерах пра стварэнне міжнароднага аддзялення Маскоўскага грамадства даследчыкаў прыроды (МГДП) у Рэспубліцы Беларусь паміж БДУ і МГДП. Дакумент зацверджаны Андрэем Каралём і Віктарам Садоўнічым. Заключэнне мемарандума паказвае ўзаемную зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва і важнасць сумеснай дзейнасці для фарміравання высокай культуры ведаў. Плануецца, што дзейнасць аддзялення МГДП будзе накіравана на стратэгічнае развіццё і каардынацыю навукова-адукацыйнага супрацоўніцтва.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: