Прапановы БДУ па супрацоўніцтве ў галіне біятэхналогій, моўнай падрыхтоўкі і рэгіёназнаўства прадставілі ў Кітаі

24 Jun, 2024.

Прапановы БДУ па супрацоўніцтве ў галіне біятэхналогій, аховы здароўя, моўнай падрыхтоўкі і рэгіёназнаўства прадставілі ў Кітаі. З дадзенымі ініцыятывамі выступіў рэктар БДУ Андрэй Кароль на пасяджэнні беларуска-кітайскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. Маштабная падзея прайшла ў г. Далянь (КНР). Беларускую дэлегацыю ўзначаліў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец.

Удзельнікамі пасяджэння асацыяцыі сталі рэктары каля 60 ВНУ Беларусі і Кітая. Дадзенае аб’яднанне створана ў лістападзе 2023 года з мэтай пастаяннага паглыблення абмену і супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў паміж кітайскімі і беларускімі ўніверсітэтамі. У прыватнасці, прадугледжваецца садзейнічанне шматбаковаму міжуніверсітэцкаму ўзаемадзеянню, сумеснай падрыхтоўцы прафесійных і міждысцыплінарных спецыялістаў, публікацыі навуковых прац, арганізацыі мерапрыемстваў і інш.

Вынікам сустрэчы рэктараў ВНУ дзвюх краін стала стварэнне ў складзе асацыяцыі шасці тэматычных кластараў. Яны арыентаваны на сумеснае навуковае і адукацыйнае супрацоўніцтва ў разрэзе актуальных інавацыйных напрамкаў. Гэта лічбавыя тэхналогіі; інтэлектуальная вытворчасць; біятэхналогіі і ахова здароўя; эканамічная палітыка і кіраванне; дыялог цывілізацый і развіццё кітайскай і беларускай моў і рэгіёназнаўства. Ад беларускага боку Андрэй Кароль выступіў сумадэратарам секцыі па абмеркаванні пытанняў супрацоўніцтва ў галіне біятэхналогій і аховы здароўя. Кіраўнік БДУ адзначыў, што на дадзеным этапе чакаецца рэалізацыя чатырох сумесных праектаў з кітайскімі ВНУ і навуковымі інстытутамі. Гаворка ідзе пра структурную біялогію ацэтылхалінавых рэцэптараў; выяўленне малекулярных механізмаў раку крыві ў дзяцей; стварэнне мікраўгнаенняў на аснове квантавых кропак; даследаванне ўзаемадзеяння бактэрыя- і фітапланктону праз няклетачныя візікулы.

У перспектыве бачыцца магчымым пашырэнне партнёрства з Пекінскім універсітэтам, Кітайскай акадэміяй навук, універсітэтамі ў Фашані і Чжэньшэні за кошт адкрыцця сумесных аспірантур і магістратур. У БДУ ў цяперашні час толькі на біялагічным факультэце праходзяць падрыхтоўку шэсць аспірантаў з Кітая на спецыяльнасцях батаніка, мікрабіялогія, фізіялогія і біяхімія раслін, малекулярная біялогія, біяфізіка.

Адносна ўзаемадзеяння БДУ і кітайскіх ВНУ ў галіне моўнай падрыхтоўкі і рэгіёназнаўства на форуме прагучалі прапановы па ўкараненні інавацыйных тэхналогій навучання кітайскай мове і рускай мове як замежнай; рэалізацыі двухбаковага абмену магістрантамі; стварэння сумесных аўтарскіх калектываў па напісанні і выданні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па кітайскай мове, міжкультурнай камунікацыі, лінгва-краіназнаўстве і мастацкім перакладзе.

Акрамя таго, у рамках правядзення форуму адбудуцца міжуніверсітэцкія сустрэчы. У прыватнасці, рэктар БДУ правёў перамовы з калегамі з Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта, Далянскага ўніверсітэта замежных моў, Гуйчжоўскага педагагічнага ўніверсітэта. Вынікам абмеркавання стала падпісанне мемарандума аб паразуменні паміж БДУ і Далянскім універсітэтам замежных моў. Заверылі дакумент кіраўнікі ВНУ Андрэй Кароль і Лю Хун адпаведна.

Мемарандум прадугледжвае развіццё абмену навучэнцамі па праграмах навучання ўсіх узроўняў, запрашэнне выкладчыкаў і даследчыкаў, стварэнне сумесных адукацыйных праграм, абмен інфармацыяй, вучэбнымі матэрыяламі і навуковымі справаздачамі і інш. Таксама дасягнуты афіцыйныя дамоўленасці з Гуйчжоўскім педагагічным універсітэтам па абмене навучэнцамі. Падпісаная дамова стала лагічным працягам мемарандума аб паразуменні, заверанага бакамі ў красавіку 2022 года.

Нагадаем, сёння Кітай з’яўляецца для БДУ адным са стратэгічных партнёраў, актыўна развіваюцца навуковыя, экспертныя і культурныя кантакты. Усяго ў БДУ дзейнічае 112 дамоў з 73 кітайскімі ўстановамі. Гэта больш за 18 % ад агульнай колькасці ўсіх міжнародных дамоў. Пры гэтым супрацоўніцтва з Кітаем мае станоўчую дынаміку. У канцы кастрычніка мінулага года на базе ФМА адкрылі Даследчы цэнтр ШАС, тут жа ўпершыню ў Беларусі былі створаны кафедры ўсходазнаўства і комплекснага вывучэння развіцця КНР.

Важным для ўмацавання беларуска-кітайскіх адносін стаў удзел БДУ ў якасці аднаго з заснавальнікаў новай Універсітэцкай сеткі навукова-даследчага супрацоўніцтва (iUNRC, Кітай). Яе адкрыццё адбылося напачатку лістапада 2023 года ў рамках I Міжнароднага кангрэса па навукова-тэхнічных абменах «Адзін пояс, адзін шлях». Акрамя таго, БДУ вельмі папулярны сярод кітайскіх грамадзян.

На сёння з больш чым пяці тысяч замежных студэнтаў самую важкую долю складаюць навучэнцы з Кітая – каля 3,4 тысяч.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: