Паварот на права

24 Jun, 2024.

Равесніца стагоддзя – менавіта так называюць Юрыдычную клініку ў БДУ, дзе за 24 гады атрымалі дапамогу тысячы людзей і набылі прафесійныя навыкі сотні студэнтаў. Пра работу падраздзялення і яго ролю ў станаўленні будучых прафесіяналаў пагутарылі з кіраўніком аддзела – намеснікам начальніка Цэнтра адукацыйных інавацый юрыдычнага факультэта Таццянай Навумовіч і самімі клініцыстамі.

Гісторыю Юрыдычнай клінікі ў БДУ прынята адлічваць з 2000 года, калі выйшла пастанова Савета міністраў аб з’яўленні пры УВА грамадскіх прыёмных, куды маглі б звяртацца па юрыдычную дапамогу людзі з уразлівых катэгорый насельніцтва. Белдзяржуніверсітэт падтрымаў гэту ідэю адным з першых, і 1 снежня таго ж года падраздзяленне пачало працу.

Першы час юрклініка функцыянавала як практычная лабараторыя, дзе адшліфоўваліся прафесійныя навыкі студэнтаў. А ў 2020 годзе падраздзяленне прайшло рэарганізацыю і стала самастойным аддзелам Цэнтра адукацыйных інавацый юрыдычнага факультэта.

– Дзейнасць клінікі ахоплівае некалькі напрамкаў: адказ на пісьмы, вочныя кансультацыі грамадзян, праект «Права на кожны дзень» (прафарыентацыйныя сустрэчы са школьнікамі і іх бацькамі), а таксама прававое забеспячэнне працы стартап-напрамку БДУ. У межах «Права на кожны дзень» мы наведваем розныя навучальныя ўстановы Мінска, Віцебска, Свіслачы і іншых гарадоў, – тлумачыць Таццяна Навумовіч.

Летась юрыдычная клініка БДУ дала 89 кансультацый (178 сустрэч). Сюды звяртаюцца супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта, пенсіянеры, шматдзетныя сем’і, людзі, што знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Клініцысты нават паспелі набыць пастаянных кліентаў. Пра дзейнасць студэнтаў нярэдка можна пачуць па «сарафанным радыё»: іх рэкамендуюць сябрам, пра іх расказваюць у некаторых судах горада, органах сацыяльнай апекі, натарыяльных бюро.

Значная частка работы юрыдычнай клінікі прыпадае на вядзенне YouTube-канала «Паварот на права». Ідэя стварэння электроннай пляцоўкі ўзнікла ў кіраўніка падраздзялення ў 2021 годзе, а студэнты з энтузіязмам падхапілі задуму. Дарэчы, тэмы клініцысты выбіраюць самастойна – нярэдка зыходзячы з сітуацый, у якіх пабывалі яны ці іх знаёмыя. Затым студэнты пішуць сцэнарыі, выбіраюць лакацыі, здымаюць і манціруюць. Напрыклад, на канале юрклінікі можна знайсці адказы на пытанні, што рабіць кіроўцу, калі ён збіў лася, што чакае чалавека, калі ён сарваў расліну, занесеную ў Чырвоную кнігу, як здаць квіткі на канцэрт і інш.

– Мы зразумелі, што многія пытанні, з якімі да нас звяртаюцца, дублююцца, таму на самыя папулярныя запыты сталі здымаць адукацыйныя відэаролікі. Так і нам не трэба марнаваць сілы на непатрэбную кансультацыю, і з кантэнтам можа пазнаёміцца любы ахвочы. Лічыце, колькі праглядаў на «юцюбе» – столькі і кансультацый. А іх больш за пяць тысяч, – заўважае дырэктар канала трэцякурсніца Валерыя Кухарчык. – Працягласць ролікаў не перавышае дзесяці хвілін, што робіць іх інфарматыўнымі і не рассейвае ўвагу гледачоў. Таксама стараемся, каб яны былі не кабінетнымі: каб лакацыі адпавядалі тэме роліка, а людзі адчувалі эфект прысутнасці. Самы папулярны, мабыць, ролік пра чэкі «Маёмасць».

У 2022 годзе канал стаў найлепшым медыйным рэсурсам, аднойчы праект атрымаў грант. Таксама ў скарбонцы юрклінікі быў грант на развіццё «Права на кожны дзень», які адзначаўся як бронзавы і сярэбраны пераможца конкурсаў «Найлепшы моладзевы праект БДУ» ў 2022 і 2023 годзе адпаведна.

Пра эфектыўнасць «Павароту на права» сведчаць водгукі тых, хто звяртаецца па кансультацыю («Глядзелі вашы відэа – дапамагло»). Некаторыя кліенты кажуць, што пасля прагляду адпадае патрэба сустракацца са студэнтамі- кансультантамі юрклінікі вочна. Былы дырэктар канала выпускнік юрыдычнага факультэта Даніла Штрапаў, да прыкладу, прыводзіць ролік пра выдачу бальнічнага ліста. У свой час хлопца прыемна здзівіла, што водгук пра актуальнасць відэа пакінуў нават яго бацька, якому яно дапамагло.

– Стварэнне кантэнту для канала таксама развівае ў нас прамоўніцкія навыкі, уменне прэзентаваць сябе. Мы юрысты, і, калі не зможам даходліва даносіць нашы думкі да людзей, у прафесіі будзе складана. Цікава сачыць, як першы раз многім дыскамфортна, а пасля ўсе шукаюць дадатковыя магчымасці, каб зноў трапіць у кадр, – кажа Валерыя. Сёння ў юрклініцы задзейнічана 80 студэнтаў (хаця яшчэ пару гадоў таму іх колькасць не перавышала дзесяці). Гэта стала магчымым, паколькі, стаўшы куратарам падраздзялення, Таццяна Навумовіч задумалася, чаму моладзь тут не затрымліваецца. Так нарадзілася ідэя ўвядзення ўнутры клінікі інстытута ментарства. З той пары за кожным «навічком» замацоўваецца старэйшы студэнт, які дапамагае ўліцца ў працу юрклінікі.

Сёння на 12 ментараў прыходзіцца ад 2 да 6 новых удзельнікаў. Таксама вопытныя клініцысты займаюцца адборам «навабранцаў»: сочаць, як малодшакурснікі падыходзяць да кансультацыі і наколькі сур’ёзна ставяцца да пытанняў. Але самае прыемнае, па словах Таццяны Уладзіміраўны, тое, што ў юрыдычнай клініцы застаюцца чацвёртакурснікі і магістранты, бо, калі студэнты адчуваюць сябе на сваім месцы – курс выбраны правільна.

– Таццяна Уладзіміраўна прымяншае сваю ролю, але з яе прыходам колькасць студэнтаў, задзейнічаных у юрклініцы, павысілася нават не ў два, а ў дзесяць разоў. І калі раней многія са скепсісам ставіліся да нашай дзейнасці (маўляў, вы яшчэ існуяце?), то зараз клініцыст – гэта званне, узровень адказнасці. Выкладчыкі кажуць, што, калі ты клініцыст, значыць, твой узровень ведаў значна вышэйшы. На факультэце вельмі паважаюць, калі акрамя вучобы ты яшчэ практычна замацоўваеш веды, – звяртаюць увагу маладыя людзі.

На сталах у працоўным кабінеце юрклінікі можна ўбачыць інструкцыю «Як размаўляць з кліентам». Тут прапісаны алгарытм камунікацыі, пачынаючы з «ало» і заканчваючы магчымымі адказамі суразмоўцы і адказамі на яго запыты. Перад першай кансультацыяй заўсёды разыгрывацца дзелавая гульня, дзе ролю кліента выконвае Таццяна Навумовіч. Падчас яе «навічкам» падказваюць наконт танальнасці голасу, фармулёўкі адказаў, магчымых форс-мажораў (дрэнны слых кліента, нядобразычлівасць і да т. п.). Студэнты пасля жартуюць, што кліенты слова ў слова паўтараюць, як на гульні.

Многім прафесійным правілам тут вучацца «з юрыдычнага маленства»: не бяруць арыгіналы дакументаў, не выносяць матэрыялы справы, не зацягваюць тэрміны падрыхтоўкі. І ніколі не сварацца – што б ні адбывалася паміж студэнтамі за межамі юрклінікі, гэта не павінна ўплываць на іх прафесійную дзейнасць.

Дарэчы, каб атрымаць дапамогу ад клініцыстаў, трэба патэлефанаваць па тэлефоне 209-55-23 і лаканічна апісаць праблему. Затым, калі пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі студэнтаў, вам прызначаць кансультацыю. Так, напрыклад, за выпадак не возьмуцца, калі ўзбуджана крымінальная справа, патрэбна даць ацэнку дзеянняў дзяржаўных органаў, трэба пісаць касацыйную скаргу і г. д.

Адказ на кожны зварот складаецца з дзвюх частак: апытання-інтэрв’ю, дзе студэнты разглядаюць абставіны справы, збіраюць дакументы, і самой кансультацыі, якая праходзіць праз тыдзень – калі студэнты падрыхтуюць разгорнуты аналіз сітуацыі. Як правіла, адказы рыхтуюць ад 2 да 4 чалавек. Ёсць тут правіла: за адзін зварот кліент можа ўзняць не больш за пяць праблем.

Падчас размовы высвятляецца, што кожны ўдзельнік юрклінікі мае нейкую прафесійную адметнасць. Напрыклад, трэцякурсніца Настасся Савончык – унікальны студэнт у плане камунікацыі. Як толькі пачала гаварыць з першым кліентам – прысутным падалося, што яна займалася гэтым заўсёды. Мала хто ведае, але сюды дзяўчына прыйшла за кампанію з сяброўкай, а засталася, бо першае пісьмо яе вельмі ўразіла.

Пра чацвёртакурсніка Яна Кавалёва кажуць, што ён «чалавек-знаходка» – ува многім праз тое, што хлопец умее працаваць са складанымі кліентамі (дарэчы, у юрклініцы ён застаўся пасля праходжання практыкі яшчэ на 2 курсе). А ў мінулым годзе разам са сваім партнёрам па кансультацыях Ахмедам Тарсалтанавым быў прызнаны найлепшым клініцыстам. Студэнтка другога курса Аляксандра Рыбакова вучыцца на спецыяльнасці «паліталогія» і да прававых дысцыплін не мела прамога дачынення, але адразу ж загарэлася працай у юрклініцы менавіта таму, што тут вельмі паглыбляюцца ў глыбіні права.

– Калі трапляюцца складаныя кліенты, бывае, думаеш: «А яно мне трэба? Не буду болей браць кансультацыі». Падыходзіш да Таццяны Уладзіміраўны: «Мы што, дрэнныя юрысты?» – здараецца, плачаш нават. А пасля пачуеш добрыя водгукі людзей, іншыя калегі падтрымаюць: «Ды колькі яшчэ такіх здарэнняў будзе!» – і ўсё зноў добра, – не без усмешкі расказваюць дзяўчаты. – Зараз, канешне, не рэагуем так, як спачатку. Таму вопыт рознага ўзаемадзеяння лепей пачынаць атрымліваць у студэнцтве, а не з прыходам на першае працоўнае месца. Гэта дазволіць не расчаравацца ў прафесіі. Нездарма Таццяна Уладзіміраўна любіць паўтараць формулу, што ідэальных кліентаў не бывае.

Здараюцца, канешне, і анекдатычныя выпадкі ў працы. Аднойчы звярнуўся мужчына, які сказаў, што хоча развесціся з жонкай, бо яна шлюбная махлярка, і ўсе 35 гадоў іх сумеснага жыцця цягнула з яго грошы. Пасля быў званок ад жанчыны з праблемай: «У мяне ў іншай краіне знік муж. Вашы студэнты могуць дапамагчы яго знайсці?»

– За ўвесь час не траплялася аднолькавых кансультацый. Мы заўсёды пашыраем свае веды, хаця яшчэ на другім курсе не маглі сабе ўявіць, што хутка зможам аказваць настолькі кваліфікаваную дапамогу. Пры гэтым не важна, хто да цябе звяртаецца, важна, што ты дапамагаеш, – дзеліцца Насця Савончык. – Да таго ж, клініка шмат дапамагае і ў вучобе. Неяк кліент задаў пытанне, ці можна адначасова атрымліваць пенсію ў Беларусі і Расіі пры розным стажы ў кожнай краіне. Прайшоў месяц – мне гэта задача трапіла на занятках па прадмеце «Сацыяльнае забеспячэнне». Я выдыхаю, успамінаю гэту сітуацыю, адказваю – атрымліваю добрую адзнаку. Паверце, пытанні кліентаў ніколі не забываюцца.

У юрклінікі існуе свая калекцыя – калі студэнты недзе вандруюць, з падарожжа заўсёды прывозяць званочак. Зараз ужо ніхто не памятае, хто прывёз першы з 56 «экспанатаў», але бачыцца, што нездарма менавіта званочак стаў негалосным сімвалам Юрыдычнай клінікі БДУ: гэты атрыбут часта дысцыплінуе гэтак жа, як студэнты дапамагаюць арыентавацца ў прававым полі. Таму не дзіўна, што яны, апісваючы сваю дзейнасць, кажуць, што без юрыдычнай клінікі не ўяўляюць студэнцкага жыцця.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: