Каля 90 артыстаў з Пекінскага ўніверсітэта сталі гасцямі БДУ. 25 і 26 чэрвеня на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў прайшлі канцэрты, якія адзначылі візіт кітайскай дэлегацыі ў Беларусь і стварэнне Дзён дружбы і адзінства БДУ і ПКУ (Пекінскага ўніверсітэта). У гэтыя вечары творчыя калектывы ВНУ стварылі сапраўдную палітру з нацыянальнай музыкі і танцаў дзвюх культур.
Студэнцкі творчы калектыў ПКУ вядомы з 1916 года. На сёння ён уключае ў сябе ансамбль народных інструментаў, сімфанічны аркестр, танцавальную групу і хор, які сабраў больш за 400 студэнтаў з самых розных факультэтаў.
Сцэну з калегамі з Паднябеснай падзялілі харавая студэнцкая капэла, аркестр народных інструментаў і ансамбль танца «Крыжачок». Вядучыя вялі канцэрт адразу на дзвюх мовах, расказваючы гісторыі кожнага творчага нумара.
Першае аддзяленне прайшло пад назвай «Зоркі і месяц спяваюць ва ўнісон». У ім студэнцкі ансамбль народных інструментаў Пекінскага ўніверсітэта выканаў некалькі нацыянальных твораў. Прагучала музыка, якая адлюстроўвае каларыт і ўсё багацце культуры Кітая. «Святочная ўверцюра», «Скачок дракона і скачок тыгра» і старажытная народная песня «Жасмін», якая стала цытатай у знакамітым творы Джакама Пучыні «Турандот». Гледачы пачулі старадаўні сяміструнны музычны інструмент гуцінь, флейты, гонгі, барабаны, двухструнную кітайскую скрыпку – эрху.
Наш універсітэт прывітаў гасцей харэаграфічнай кампазіцыяй «Мора сустракае» на матывы матроскага танца «Яблычак» ад народнага ансамбля танца «Крыжачок» і беларускай песняй «Ой, рана на Івана» ад студэнцкай харавой капэлы.
Пазнаёмілі публіку і з сучасным кітайскім мастацтвам. Выканаўцы спявалі пра сваю любоў да радзімы, надзею на светлую будучыню. Каб зразумець гэта, не патрэбны быў перакладчык. На відэароліку, які суправаджаў песню «Кітай, заліты святлом», студэнты Пекінскага ўніверсітэта наведваюць свае заняткі, абменьваюцца ідэямі, займаюцца спортам. Паказваюць, як кітайская моладзь імкнецца да высокіх стандартаў і поспехаў, не забывае атрымліваць асалоду ад свайго юнацтва. Гэта песня плаўна падвяла гледачоў да другога аддзялення канцэрта, якое называлася «Ода юнацтву».
У ім прагучала некалькі знакамітых рамантычных твораў. У іх ліку «Вальс» і «Раманс» з сюіты «Завеі» ў выкананні аркестра БДУ. А артысты з Пекінскага ўніверсітэта прадэманстравалі музычна-харэаграфічны паказ на знакамітую трагедыю «Лян Шаньбо і Чжу Інтай» і класічны танец з вадзянымі рукавамі, мячом і папяровым веерам «Рытм і мелодыя вады». Таксама госці нашай краіны здзівілі публіку выкананнем вядомай усім беларусам песні «Алеся».
– Было цікава пазнаёміцца з культурай іншай краіны праз творчасць студэнтаў, – дзеляцца ўражаннем гледачы. – Тое, з якім майстэрствам выступалі выканаўцы, паказвае, як яны шануюць і паважаюць сваю культуру і традыцыі. У зале прысутнічала шмат студэнтаў з Кітая, і было бачна, што яны таксама рады быццам аказацца на Радзіме, хоць і ненадоўга.
Завяршыўся канцэрт сумесным беларускакітайскім выкананнем песні «Купалінка» і тэматычнага твора «You and Me», прысвечанага алімпіядзе ў Пекіне 2008 года. «Я і ты з аднаго свету», – гучыць у песні.
Святкаванне Дзён дружбы і адзінства павінна ўмацаваць сувязь з Пекінскім універсітэтам. Плануецца, што гэта імпрэза стане традыцыйнай і будзе праводзіцца штогод. Тэматычная праграма напоўніцца сустрэчамі кіраўніцтва дзвюх ВНУ і іх факультэтаў, навуковымі мерапрыемствамі, форумамі і дыялогавымі пляцоўкамі.
Ганна КАЗАКОВА