Новыя дамоўленасці аб супрацоўніцтве дасягнуты паміж БДУ і Пекінскім універсітэтам у межах Форуму рэктараў універсітэтаў Беларусі і Кітая

24 Jul, 2024.

Новыя дамоўленасці аб супрацоўніцтве дасягнуты паміж БДУ і Пекінскім універсітэтам (ПКУ) у межах Форуму рэктараў УВА Беларусі і Кітая. Урачыстае мерапрыемства адбылося 26 чэрвеня ў Мінску. Маштабная падзея арганізавана сумесна БДУ і Пекінскім універсітэтам з запрашэннем рэктараў з больш як 40 універсітэтаў дзвюх краін. Адпаведныя подпісы пад трыма дакументамі паставілі сакратар партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта Хаа Пін і рэктар БДУ Андрэй Кароль. Усе пагадненні прадугледжваюць садзейнічанне ў арганізацыі абмену навуковай інфармацыяй і студэнтамі, працу над сумеснымі адукацыйнымі і даследчымі праектамі, а таксама інфармаванне аб праграмах навучання, правядзенне навукова-адукацыйных мерапрыемстваў і іншае.

Завераны пакет дакументаў уключае ініцыятыву аб кітайска-беларускім супрацоўніцтве ў галіне фундаментальных навуковых даследаванняў. Дамова прадугледжвае стварэнне Кітайскабеларускага цэнтра фундаментальных навуковых даследаванняў і разглядае магчымасці развіцця вядучымі ўніверсітэтамі дзвюх краін на чале з БДУ і Пекінскім універсітэтам кантактаў па шэрагу напрамкаў. Сярод іх – рэалізацыя навуковых праектаў і работ у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі і медыцыны; узаемныя візіты студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў для забеспячэння абмену ведамі і вопытам; доступ да лічбавых адукацыйных рэсурсаў адзін аднаго; арганізацыя сумесных вытворчых практык, сімпозіумаў, круглых сталоў, канферэнцый і інш. На палях форуму таксама падпісана пагадненне аб абмене навучэнцамі БДУ і Пекінскага ўніверсітэта.

Знакавым стала падпісанне мемарандума аб заснаванні Дзён дружбы і адзінства БДУ і Пекінскага ўніверсітэта. Мяркуецца, што свята стане штогадовай падзеяй і будзе традыцыйна праводзіцца 25 і 26 чэрвеня. Гэта рашэнне накіравана на ўмацаванне гістарычных сувязяў і традыцый, развіццё міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва ў галіне адукацыйных і навуковадаследчых адносін. Тэматычную праграму Дзён дружбы плануюць у будучыні напоўніць сустрэчамі кіраўніцтва дзвюх УВА і іх факультэтаў, навуковымі мерапрыемствамі, форумамі і дыялогавымі пляцоўкамі для абмеркавання вынікаў шматгадовай сумеснай працы і вызначэння будучых вектараў развіцця партнёрскіх адносін.

Па словах міністра адукацыі Беларусі Андрэя Іванца, ініцыятыва аб заснаванні Дзён дружбы і адзінства БДУ і ПКУ і аб супрацоўніцтве ў галіне фундаментальных навуковых даследаванняў з’яўляецца паслядоўным і лагічным працягам актыўнага дыялогу паміж установамі вышэйшай адукацыі дзвюх краін.

– Ва ўмовах сур’ёзных выклікаў сучаснасці мы як ніколі разумеем важнасць рэалізацыі адзіных падыходаў да пытання ўмацавання навуковага супрацоўніцтва, моладзевай палітыкі і ўдасканалення працэсу падрыхтоўкі кадраў з улікам патрэб нацыянальных эканомік дзвюх краін, – адзначыў міністр. – Сфера адукацыі з’яўляецца тым падмуркам, які забяспечвае развіццё кантактаў паміж нашымі навукоўцамі, моладдзю і паказвае высокі ўзровень даверу паміж нашымі народамі, а самае галоўнае – трывалай асновай двухбаковых адносін для будучых пакаленняў.

Сакратар партыйнага камітэта ПКУ Хаа Пін адзначыў, што ў БДУ вялікая ўвага надаецца развіццю фундаментальных навуковых даследаванняў, у тым ліку сумесных з кітайскімі партнёрамі. Ён акцэнтаваў увагу на стварэнні Беларуска-кітайскага цэнтра ў галіне прыродазнаўчага профілю, рэалізацыі на яго базе сумесных адукацыйных праграм і ініцыятыў. Таксама Хаа Пін выказаў спадзяванне, што заснаванае свята дазволіць актывізаваць супрацоўніцтва ў галіне абмену студэнтамі, будзе спрыяць развіццю практык летніх школ, навуковых праектаў.

– Мы – браты, таму павінны разам рухацца і развівацца, – падкрэсліў Хаа Пін.

У сваім звароце да ўдзельнікаў мерапрыемства рэктар БДУ Андрэй Кароль назваў візіт дэлегацыі Пекінскага ўніверсітэта на чале з сакратаром партыйнага камітэта Хаа Пінам у Беларусь сапраўды гістарычным і важным для нашай краіны, паколькі адзначаецца высокая агульнасць поглядаў на далейшае развіццё адукацыі, навукі і супрацоўніцтва дзвюх краін у гэтых напрамках. Таму, са слоў рэктара, дзве вядучыя УВА Беларусі і Кітая выступілі ініцыятарамі заснавання Дзён дружбы і адзінства, што стане дэманстрацыяй эфектыўнага і надзейнага ўзаемадзеяння па розных вектарах, уключаючы далучэнне студэнтаў і выкладчыкаў да розных навукова-адукацыйных, культурных абменных працэсаў. Адным з першых значных і вельмі адказных сумесных мерапрыемстваў у межах свята рэктар БДУ назваў Форум рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Кітая.

– БДУ прымае рэкордную колькасць дэлегацый вядучых універсітэтаў Кітая. Вядома, для нас гэта вялікая адказнасць, але і вялікі гонар, бо нават тыя дамоўленасці, якія прагучалі на сустрэчы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і нашых кітайскіх партнёраў, стануць асновай далейшага прынцыпова новага развіцця ўжо не ў вузкіх лакальных напрамках. Мы рухаемся да будаўніцтва «вялікіх мастоў», якія будуць аб’ядноўваць універсітэты нашых краін і спрыяць папулярызацыі навуковых даследаванняў, адзінай моладзевай палітыцы, – рэзюмаваў Андрэй Кароль.

Акрамя таго, кіраўнік УВА адзначыў эфектыўную работу, якая ўжо склалася, і высокую дынаміку руху беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і навукі. І пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца гісторыя супрацоўніцтва БДУ з кітайскімі ўніверсітэтамі. У прыватнасці, са слоў кіраўніка УВА, у БДУ рэалізуецца 112 дамоў і пагадненняў з 73 універсітэтамі і навуковымі цэнтрамі Кітая. У структуры БДУ працуе Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя, створаны два сумесныя інстытуты з Далянскім політэхнічным універсітэтам, а таксама ў мінулым годзе на базе ФМА быў адкрыты даследчы цэнтр ШАС.

– На цяперашні момант на розных факультэтах БДУ вучыцца 3,5 тысячы кітайскіх студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, што складае каля 70 % ад усіх замежнікаў БДУ, – падзяліўся Андрэй Кароль. Таксама сярод асноўных дасягненняў супрацоўніцтва рэктар назваў адкрыццё ўніверсітэцкай сеткі навукова-даследчага супрацоўніцтва (iUNRC, Кітай), адным з заснавальнікаў якой з’яўляецца БДУ.

Напрыканцы кіраўнік УВА выказаў спадзяванне на тое, што партнёрскае ўзаемадзеянне стане яшчэ больш цесным і ўзаемакарысным, а далейшая выніковая работа ўмацуе двухбаковае беларускакітайскае супрацоўніцтва.

Таксама падчас візіту адбылася сустрэча Андрэя Караля і прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Беларусі з намеснікам міністра адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі Чэнь Цзэ, які высока ацаніў узровень адукацыі і навукі ў БДУ. Гасцям былі прапанаваны тры асноўныя напрамкі супрацоўніцтва: сумесная падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў, правядзенне навуковых даследаванняў па пытаннях вырашэння глабальных сусветных праблем і двухбаковы абмен студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі. Намеснік міністра адукацыі КНР для ўмацавання навуковадаследчага супрацоўніцтва і развіцця навуковага патэнцыялу запрасіў БДУ стаць членам кітайскай Асацыяцыі па лічбавай адукацыі.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: