Аляксей фурса: Ад чэмпіёнаў Беларусі да прадстаўнікоў замежных чэмпіянатаў

24 Jul, 2024.

Аляксей Фурса адказвае за футбол ва ўніверсітэце ўжо некалькі гадоў. Ён атрымаў ліцэнзію УЕФА катэгорыі «А» і выпусціў не адно пакаленне топавых гульцоў. Аляксей распавёў пра найлепшых футбалістаў універсітэта, а таксама пра мэты ФК «БДУ» ў гэтым відзе спорту.

Раскажыце пра сябе. Як пачалася ваша спартыўная кар’ера?

Футболам я пачаў займацца ў даволі дарослым узросце, дзесьці ў 12 гадоў. Першыя трэніроўкі праходзілі на легендарным полі СДЮШАР № 3. Тым самым знакамітым полі з асфальтавым пакрыццём, на якім выраслі такія зоркі беларускага футбола, як Валянцін Бялькевіч, Аляксандр Хацкевіч і Аляксандр Глеб. Затым я выступаў за ФК «Мінск», пасля пагуляў за «Ашмяны-БДУФК» і «Крумкачоў».

Чаму так адносна рана скончылі кар, еру гульца – у 22 гады?

На гэта ёсць шэраг прычын. Па-першае, ва ўзросце, калі павінен адбывацца пераход з дзіцячага футбола ў дарослы, пачаліся траўмы – я перанёс аперацыю на калене. Па-другое, усведамляў, што ёсць пэўная столь: узровень, вышэй за які, як футбаліст, забрацца не змагу. Па-трэцяе, калі я скончыў БДУФК, мне прапанавалі застацца ў клубе «Ашмяны-БДУФК» у якасці памочніка галоўнага трэнера. Узважыўшы ўсе за і супраць, прыняў рашэнне, што варта паспрабаваць сябе ў гэтай ролі.

Які самы памятны момант з вашай кар, еры гульца?

У «Ашмянах» быў добры калектыў. Мы занялі пятае месца ў другой лізе, дамагліся права павышэння ў класе. У «Крумкачах» было цікава. Каманда існавала першы год. Я ішоў туды, каб гуляць у футбол і атрымліваць гульнявую практыку. У выніку мы заваявалі бронзавыя медалі і прайшлі ў першую лігу. Атрымліваецца, два гады – два паспяховыя сезоны.

У 2017 годзе вы сталі выкладчыкам у БДУ. Як прыйшлі да такога варыянту?

Усю сваю гульнявую кар, еру я паралельна дзесьці працаваў і вучыўся. Аднойчы пазнаёміўся з Віталём Васільевічам Валасюком. На той момант ён кіраваў у БДУ ўніверсітэцкімі футбольнымі і міні-футбольнымі зборнымі. Разам ён і прапанаваў перайсці ў ФК «БДУ» – я пагадзіўся. Зараз за футбол у нашым універсітэце адказваюць тры чалавекі: Віталь Валасюк, Дзяніс Тропін і я. Я ўзначальваю жаночую зборную ВНУ па вялікім футболе, трэнірую каманду БДУ, якая гуляе ў другой лізе. За міні-футбол адказвае Віталь Васільевіч. Зона адказнасці Дзяніса Андрэевіча – падрыхтоўка мужчынскай зборнай па футболе да ўніверсіяды.

Раскажыце пра вашу трэнерскую ліцэнзію.

На дадзены момант у мяне ліцэнзія УЕФА катэгорыі «А». У Беларусі навучаннем трэнераў і выдачай ліцэнзій займаецца АБФФ (Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола»). Існуюць катэгорыі «D», «C», «B», «А» і «Pro». Студэнты і выкладчыкі БДУ маюць магчымасць адвучыцца і атрымаць трэнерскія навыкі і адпаведную ліцэнзію. Зараз я таксама з , яўляюся інструктарам АБФФ. Навучаю людзей на катэгорыі «D» і «C».

Вы ўжо пяць гадоў за рулём ФК «БДУ». Раскажыце пра гэту каманду.

Ініцыятарам стварэння клуба быў Віталь Валасюк. Ідэя заключалася ў тым, каб у калектыў уваходзілі студэнты БДУ, а таксама іншыя зацікаўленыя футбалісты. Першапачаткова каманда выступала ў аматарскай лізе Мінска – АЛФ. З 2011 года БДУ прайшоў усе ступені ад базавай лігі да вышэйшай.

З маім прыходам ва ўніверсітэт Віталь перадаў кіраванне камандай мне. Паколькі ў мяне на той момант ужо быў трэнерскі вопыт у другой і першай лізе краіны, з, явілася жаданне паспрабаваць сілы ў спаборніцтвах больш высокага ўзроўню, чым проста аматарскі. Сумесна з Аляксеем Радзюком у 2020 годзе мы ініцыявалі заяўку ФК «БДУ» ў другую лігу Беларусі. Універсітэт падтрымаў нас.

Пры камплектацыі складу стаўка робіцца на студэнтаў БДУ. Часам запрашаем выпускнікоў або абітурыентаў. Штогод у верасні праводзім турнір сярод першакурснікаў. Выступаючы за каманду факультэта, хлопцы маюць магчымасць праявіць сябе і трапіць у каманду ВНУ.

Каго са сваіх падапечных маглі б вызначыць?

У БДУ вучацца і вучыліся хлопцы, за плячыма якіх ёсць досвед працы ў вышэйшай лізе, але яны не гулялі за ФК «БДУ». Напрыклад, Андрэй Кудравец – галкіпер маскоўскага «Дынама», наш студэнт. З выпускнікоў адзначыў бы Ілью Лукашэвіча і Мікіту Нікалаевіча з салігорскага «Шахцёра», Ягора Багамольскага, які выступае ў чэмпіянаце Азербайджана, чэмпіёна Глеба Жэрдзева («Дынама-Мінск»), уладальніка бронзавых медалёў вышэйшай лігі Аляксея Лаўрыка («Нёман», Гродна). Усе яны вучыліся ў БДУ і гулялі за зборную ўніверсітэта.

З ФК «БДУ» адзначу брамніка Максіма Азарку, які летась выступаў за «Макслайн», а цяпер – за ФК «Мінск», Дзяніса Хвастовіча («Астравец»), Уладзіміра Маслоўскага («Іслач») і Яўгена Война («Энергетык-БДУ»). У цэлым, у першай лізе ўжо дастаткова футбалістаў, якія прайшлі праз ФК «БДУ».

У вышэйшай лізе Беларусі ўдзельнічае «Энергетык-БДУ». Ці ёсць у гэтай каманды сувязь з ФК «БДУ»? «Энергетык-БДУ» – іншая юрыдычная асоба. Я б вызначыў адносіны нашай каманды з клубам як партнёрскія. Яны дапамагаюць нам са стадыёнам для правядзення матчаў, мы – з месцам для трэніровак дзіцячых каманд. Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з кіраўніцтвам клуба. Дарэчы, дзякуючы гэтым сувязям галкіпер Максім Азарка прыйшоў да нас у арэнду з «Энергетыка», а цяпер выступае ў вышэйшай лізе.

Якія мэты ставіце перад камандай?

Наш трэнерскі штаб накіраваны не толькі на падрыхтоўку і развіццё гульцоў як футбалістаў, але і як асоб. Усё ж такі спорт – гэта ўніверсальны інструмент выхавання чалавека. З футбольных задач для БДУ важна заняць першае месца на Рэспубліканскай універсіядзе.

Футбольны клуб «БДУ» таксама акрамя развіцця футбалістаў і дасягнення спартыўных вынікаў дапамагае спецыялістам у розных галінах, запрашаючы іх працаваць з намі. Яскравым прыкладам з , яўляецца наша супрацоўніцтва са студэнтамі факультэта журналістыкі. Сцяпан Вайцяховіч, Мікіта Юхновіч, Ульяна Шлыковіч – гэта людзі, якія прыходзілі да нас на ранніх курсах, дапамагалі з развіццём сацыяльных сетак і маркетынгам. Яны атрымалі досвед, праверылі сілы на практыцы ў сваёй сферы дзейнасці, здабылі навыкі і ўменні, якія дапамогуць ім у будучыні пры працы ў гэтым кірунку.

Хачу звярнуцца да студэнтаў, асабліва журфака. Калі вы хочаце папрацаваць у спартыўнай сферы, паўдзельнічаць у стварэнні кантэнту, прасоўванні старонак каманды ў сацсетках, то ФК «БДУ» будзе рады супрацоўніцтву. Можаце звязацца з намі, напісаўшы ў сацыяльных сетках каманды альбо наўпрост патэлефанаваць мне.

Ілья ВАРАБ’ЁЎ

print

Вам таксама можа спадабацца: