Шахматнае серабро з Уладзівастока

20 Sep, 2024.

Зборная БДУ заваявала сярэбраны медаль па хуткіх шахматах на I Ìіжнародных моладзевых студэнцкіх летніх гульнях «Ìаладосць Прымор’я», якія прайшлі ў расійскім Уладзівастоку.

За перамогу змагаліся пяць каманд. Кожная з іх сыграла па чатыры матчы. Беларуская зборная, якую прадстаўлялі другакурснікі ФПМІ Раман Архіпаў (ФПМІ), Аляксандр Алішэвіч (юрфак), Арцём Сіняўскі (ФРКТ) і студэнты 3 курса Наталля Мельнікава (ФРКТ) і Міхаіл Каспяровіч (хімфак), саступіла толькі ўдзельнікам з Кітая. А кіраўніком каманды быў выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ Анатоль Кудзін.

Спартсмены прызнаюцца, што высокі ўзровень каманд-удзельніц яны адзначылі адразу ж, тым самым маральна падрыхтаваўшыся да сур’ёзнага супрацьстаяння. Першыя паядынкі прайшлі не на карысць беларускай зборнай: з лікам 4,5:0,5 перамогу забрала кітайская каманда. Аднак апускаць рукі студэнты БДУ не збіраліся – чакалі яшчэ тры паядынкі. І ва ўсіх удача была ўжо на баку нашай зборнай: спартсмены абыгралі дзве каманды з Расіі (5:0; 5:0) і адну з Узбекістана (3:2). Дарэчы, па выніках турнірнай табліцы Наталля Мельнікава і Арцём Сіняўскі паказалі на сваіх дошках найлеп шы вынік. Як аказалася, не выпадкова – адбіўся іх вялікі вопыт: дзяўчына з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту, а хлопец – майстрам спорту.

Цікава, што самыя раннія ўспаміны Наталлі Мельнікавай пра шахматы адносяцца да пачатковай школы. Тады малая за кампанію з сябрамі трапіла на факультатыў. Там, паставіўшы на другой гульні першы мат, адчула ў сабе інтарэс да гульні. Дзякуючы трэнеру, які браў школьніцу на розныя спаборніцтвы, звычайны інтарэс паціху трансфармаваўся ў адточаную тэхніку. На I Міжнародных моладзевых студэнцкіх летніх гульнях дзяўчына адыграла партыі з прадстаўніцамі зборных Кітая, Узбекістана і Расіі (за яе выступілі студэнты Далёкаўсходняга федэральнага ўніверсітэта і Уладзівастоцкага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі і сэрвісу).

Арцёма Сіняўскага ва ўзросце 5 гадоў з шахматамі пазнаёміў дзядуля. Гульні праходзілі на старой дошцы, дзе ў чорнага караля не было вярхушкі. Дзед і ўнук праседжвалі за партыямі цэлыя вечары, і бацькі пачалі падаграваць заўважаны інтарэс сына да гэтага віда спорту.

– Хутка я пайшоў на сваю першую секцыю. Трэнер разглядзеў ува мне здольнасці і парэкамендаваў маме і тату адвесці мяне ў СДЮШАР, дзе б можна было займацца больш сур’ёзна. Так паступова і выйшаў у прафесіянальныя шахматы, – дзеліцца другакурснік. – Не магу сказаць, што жадання кінуць не было ніколі. Дзякуй маім бацькам, якія засцераглі мяне ад неабдуманых дзеянняў напачатку. Цяпер ужо, калі падганяюць поспехі і канкурэнцыя, такія думкі нават не прыходзяць у галаву.

Сярэбраныя прызёры ў адзін голас узгадваюць сяброўскія адноcіны на ўсіх гульнях і высокі ўзровень арганізацыі.

– Уразіў, безумоўна, і сам Уладзівасток. Востраў Рускі, дзе мы гулялі, злучаны з горадам вялікім мостам, на які з пірса бухты Аякс адкрываўся цудоўны выгляд. Асабліва калі яго ахутваў ранішні туман, і адтуль выглядвалі толькі верхавіны пілонаў, – кажуць студэнты. – Немагчыма таксама не адзначыць гасціннасць арганізатараў, прыгажосць цырымоній і прадуманасць вольнага часу спартсменаў. Хацелася б, каб такія спаборніцтвы праходзілі як мага часцей.

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: