У БДУ для замежных першакурснікаў прайшоў традыцыйны праект Welcome Week BSU арганізаваны саветам зямляцтваў і УВРМ.
Савет зямляцтваў ужо доўгі час з’яўляецца буферам паміж студэнтамі з іншых краін і кіраўніцтвам універсітэта ў самых розных пытаннях. Ён штогод арганізоўвае такія святы, як Дзень нацыянальных культур, фестываль «Наўруз», заўсёды падтрымлівае студэнтаў у іх пачынаннях і імкненнях – робіць усё, каб навучанне ў чужой для іх краіне праходзіла камфортна.
У савет уваходзяць зямляцтвы 8 краін: Туркменістан, Кітай, Узбекістан, Таджыкістан, Казахстан, Азербайджан, Расія і Краіны Афрыкі.
Welcome Week BSU праходзіць ужо чацвёрты год. Ініцыятыва накіравана на дапамогу ў адаптацыі замежных навучэнцаў у час знаходжання ў Беларусі, а таксама ўмацаванне ўзаемаразумення і сяброўства паміж студэнтамі.
Удзельнікамі акцыі сталі 45 першакурснікаў з розных факультэтаў. Яны прадстаўляюць Азербайджан, Расію, Кітай, Казахстан і Туркменістан.
На працягу чатырох дзён яны наведвалі сустрэчы і дыялогавыя пляцоўкі з прадстаўнікамі ўпраўленняў па выхаваўчай рабоце з моладдзю, міжнародных сувязяў, справах культуры і Студэнцкага гарадка БДУ.
У першы дзень у сценах факультэта міжнародных адносін першакурснікі пазнаёміліся з саветам зямляцтваў і яго асноўным кіраўніцтвам, даведаліся пра структуру арганізацыі і мерапрыемствы, якія іх чакаюць.
– Для нас важна праводзіць Welcome Week BSU яшчэ і таму, што так мы знаходзім новых удзельнікаў савета зямляцтваў, якія працягнуць нашую справу і пасля будуць дапамагаць іншым замежным першакурснікам, – дзеліцца старшыня савета Ахмед Таўсуланаў.
Потым для ўдзельнікаў правялі дыялогавую пляцоўку з начальнікам упраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю Аляксеем Шавелем, які расказаў пра ідэалагічную працу ўніверсітэта.
Таксама куратары праекта правялі тымбілдынг з інтэрактыўнымі гульнямі, каб хлопцы і дзяўчаты лепш пазнаёміліся адзін з адным.
Не ўсе першакурснікі з Кітая добра размаўляюць па-руску, але гэта ім не перашкодзіла, бо ўсю інфармацыю для іх перакладаў намеснік старшыні савета зямляцтваў Вэй Юйкэ.
Пад канец дня першакурснікі адправіліся на экскурсію ў музей землязнаўства БДУ, дзе ім паказвалі ўніверсітэцкую калекцыю мінералаў.
Другі дзень быў не менш насычаным. З самай раніцы студэнты падключыліся да дыялогу з намеснікам начальніка аддзела міграцыйнага ўліку і суправаджэння замежных навучэнцаў Аляксеем Багамазавым. Яны даведаліся пра юрыдычныя тонкасці жыцця ў Беларусі, абавязкі і правы грамадзян іншых краін.
Пасля студэнты накіраваліся ў музей гісторыі БДУ. Там іх пазнаёмілі з экспазіцыяй і расказалі пра жыццё ўніверсітэта з самых першых дзён заснавання.
На вывучэнні мінулага не спыніліся. Потым у навучэнцаў была магчымасць даведацца пра сучаснае культурнае жыццё навучальнай установы. Намеснік начальніка ўпраўлення па справах культуры Аксана Чупрына расказала ім пра творчыя аб’яднанні, мерапрыемствы, святы і падзялілася, як можна паўдзельнічаць у іх арганізацыі.
На наступны дзень удзельнікам традыцыйна расказалі пра правілы пражывання ў інтэрнатах. Намеснік начальніка студэнцкага гарадка і старшыня савета інтэрнатаў студгарадка адказалі на пытанні студэнтаў і папярэдзілі пра наступствы правапарушэнняў.
Пасля гэтага са студэнтамі сустрэліся прадстаўнікі псіхалагічнай і сацыяльна-педагагічнай службы БДУ. На сустрэчы ўдзельнікі мерапрыемства даведаліся, якую падтрымку і дапамогу яны могуць атрымаць і правялі квест-гульню.
– З году ў год у нас праходзяць дыялогавыя пляцоўкі на самыя важныя тэмы, у якіх варта разбірацца першакурснікам. Наш праект дапамагае замежнікам адаптавацца да жыцця ў БДУ. Але акрамя знаёмства са структурай універсітэта, вывучэння патрэбных рэчаў, студэнты проста размаўляюць, знаёмяцца і ў далейшым падтрымліваюць кантакты, дапамагаюць адзін аднаму, – распавядае сакратар савета зямляцтваў чацвёртакурсніца юрыдычнага факультэта Вераніка Заблоцкая.
У заключны дзень для ўдзельнікаў арганізавалі экскурсію ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
Завяршыўся Welcome Week BSU урачыста. Студэнты падзяліліся сваімі ўражаннямі, расказалі, што ім больш за ўсё спадабалася, што было карысным, а пасля атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў.
– Больш за ўсё запомніліся экскурсіі, на якія мы хадзілі. Асабліва наведванне Нацыянальнай бібліятэкі. Мяне ўразіў яе маштаб. Такіх бібліятэк няма ў нас на радзіме. Мне ўвогуле падабаецца краіна. Да паступлення я тут не бывала, але чытала пра Беларусь у інтэрнэце. Усё аказалася так, як расказвалі. Тут чыста і вельмі талерантны народ, – распавядае першакурсніца з Туркменістана Ірада Якубава.
Першакурснікі прызнаюць, што Welcome Week BSU – важнае мерапрыемства для тых замежнікаў, якія толькі знаёмяцца з краінай, у якой будуць вучыцца некалькі гадоў. Яны ўдзячныя арганізатарам за магчымасць пасябраваць з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі, абмяняцца сваім вопытам і абмеркаваць актуальныя пытанні, звязаныя з навучальным працэсам і іх культурнай інтэграцыяй. Бо веды, атрыманыя на сустрэчы, дапамогуць ім лягчэй адаптавацца і больш упэўнена пачувацца ў новым адукацыйным асяроддзі.
Ганна Казакова