Студэнцкае жыццё – гэта не толькі лекцыі і экзамены, але і мноства новых уражанняў, выклікаў, стрэсаў. Не заўсёды маладыя людзі могуць справіцца з імі самастойна. У такім выпадку на дапамогу прыходзіць сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба ўпраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю БДУ. Мы пагаварылі, як спецыялісты дапамагаюць студэнтам справіцца з цяжкасцямі і што робіць працу псіхолага ва ўніверсітэце асабліва важнай. А расазала аб гэтым Кацярына Панцялеева – педагог-псіхолаг, якая курыруе факультэт журналістыкі і факультэт філасофіі і сацыяльных навук.
Як тлумачыць Кацярына, існуе мноства фактараў, характэрных для студэнцкага жыцця, якія ўплываюць на звароты да спецыяліста.
Першы год універсітэта – гэта перыяд адаптацыі да самастойнасці, што часта выклікае цяжкасці. Новае асяроддзе, новыя адносіны, пошук месца ў калектыве могуць выклікаць няўпэўненасць і трывожнасць. Некаторыя маюць цяжкасці ў адносінах з бацькамі, сябрамі, што можа пагаршаць працэс адаптацыі.
– Студэнты сутыкаюцца з высокімі патрабаваннямі і пастаяннымі дэдлайнамі падчас адукацыйнага працэсу. Акрамя таго, яны часта адчуваюць фінансавую нестабільнасць, – адзначае псіхолаг. – Праца псіхалагічнай службы мае вялікае значэнне для жыцця кожнага чалавека. Мы вучым , як спраўляцца са стрэсам, трывогай і іншымі негатыўнымі эмоцыямі, а таксама адаптавацца да новага асяроддзя і паспяхова вучыцца. Уся дапамога аказваецца бясплатна, уключаючы кансультацыі, групавую працу і прафілактычныя праграмы.
Найбольш актуальнай тэмай для групавой працы з’яўляецца камандаўтварэнне. Тут спецыялісты службы дапамагаюць маладым людзям знаёміцца адзін з адным, умацоўваць сваю прыналежнасць да ўніверсітэцкай супольнасці і ўдзельнічаць у грамадскім жыцці.
Акрамя таго, тэмы прафілактыкі стрэсу і трывогі, кіравання часам і нармалізацыі здаровага ладу жыцця таксама цікавяць нашых навучэнцаў.
Нягледзячы на тыповасць большасці праблем, не існуе адзінага рэцэпта, які дапаможа ўсім. Адаптацыя да ўніверсітэцкага жыцця – гэта індывідуальны працэс, таму важна прымяняць і агульныя стратэгіі, і індывідуальны падыход.
Існуе меркаванне, што псіхолаг можа вырашыць усе праблемы чалавека. Але гэта не так. Педагог-псіхолаг дапамагае чалавеку ўсвядоміць праблему, або накіроўвае да іншых спецыялістаў, калі гэта неабходна. Як адзначае Кацярына, важна зразумець пачуцці чалавека і пры гэтым не ставіцца адмоўна да яго стану.
Важна памятаць, што клопат аб ментальным здароўі – гэта цяжкая, але вельмі важная місія.
Поспех у працы педагога-псіхолага заключаецца ў супрацоўніцтве з іншымі спецыялістамі з мэтай падтрымаць студэнта.
Псіхолагу важна клапаціцца і пра сваё ўласнае псіхічнае здароўе. Спецыяліст не можа працаваць, калі сам адчувае моцны стрэс або ператамленне.
– Прафесіяналізм і багаты вопыт практычнай работы спрыяюць пошуку вырашэнняў няпростых праблем, бо галоўная ўзнагарода для мяне – бачыць, як людзі становяцца больш упэўненымі і шчаслівымі, – менавіта так Кацярына Міхайлаўна бачыць сэнс сваёй працы.
Гераіня адзначае, што ў людзей існуюць некаторыя стэрэатыпы ў разуменні тэрапіі.
– Часцей за ўсё я сутыкаюся з меркаваннем, што «студэнцкія праблемы несур’ёзныя». Ёсць думка, што клопаты моладзі – гэта проста «восеньская хандра» або «лёгкі непакой», якія пройдуць самі сабой. Аднак гэта не заўсёды так. Студэнты могуць адчуваць цяжкасці са здароўем, адносінамі, фінансамі.
Лічыцца, што моладзь не хоча наведваць псіхолага з-за сораму або страху перад асуджэннем. Гэта міф. Насамрэч, многія звяртаюцца а спеціаліста, але не афішыруюць гэта. Каб пазбавіцца сораму, трэба больш падрабязна і даступна тлумачыць асноўныя палажэнні Закона аб псіхалагічнай дапамозе. У прыватнасці, хто такі педагог-псіхолаг, чым ён займаецца ва ўніверсітэце, як да яго папасць. Такім чынам выбудоўваецца станоўчае стаўленне да псіхалагічнай дапамогі. Трэба разумець, што ментальнае здароўе – гэта важны аспект паспяховай вучобы і жыцця ў цэлым.
Але што перашкаджае чалавеку прыйсці да псіхолага? Кацярына мяркуе, што шмат студэнтаў не адкладваюць тэрапію, таму што ёсць «больш значныя справы». Акрамя таго, існуе стэрэатып, што паход да псіхолага – гэта прызнанне істотных псіхалагічных праблем. Таму маладыя людзі баяцца, што праз гэта іх асудзяць, будуць успрымаць па-іншаму. Акрамя таго, часам людзі проста не ведаюць, куды ісці пры неабходнасці. Таму спецыялісты псіхалагічнай службы БДУ размяшчаюць інфармацыю з даведкамі пра сябе і пра службу ў навучальных карпусах, інтэрнатах і сацыяльных сетках.
Важна памятаць, што зварот па дапамогу не прыкмета слабасці, а крок да вырашэння праблемы.
– Калі адсутнічае магчымасць размовы са спецыялістам, можна паспрабаваць патлумачыць свой стан родным, блізкім і сябрам, да якіх ёсць давер. Іх падтрымка можа значна аблегчыць ваш перажыванні, – дае параду псіхолаг. – Важна запісваць свае думкі і пачуцці. Гэта дапаможа лепш зразумець, што адбываецца. Я рэкамендую выйсці на вуліцу, прагуляцца ў парку, паслухаць музыку, заняцца спортам, схадзіць у тэатр або ў кіно. Таксама варта паспрабаваць медытацыю або тэхнікі рэлаксацыі. Яны дапамогуць супакоіцца і ў далейшым лепш кіраваць сваімі эмоцыямі.
Як і любы іншы чалавек, Кацярына таксама адчувае стрэс і цяжкасці. Але, на шчасце, у яе на ўзбраенні ёсць мноства методык захавання раўнавагі. Педагог-псіхолаг стараецца канцэнтравацца на пазітыўных аспектах сваёй працы і жыцця ў цэлым. Акрамя таго, яна выкарыстоўвае творчасць як спосаб выказвання эмоцый. Пастаяннае вывучэнне новай літаратуры, азнаямленне з вынікамі даследаванняў і ўдасканаленне сваіх навыкаў дапамагае заставацца ў тонусе і спраўляцца з новымі выклікамі.
– Я вельмі люблю размаўляць з людзьмі і пазнаваць нешта новае. Так я захоўваю матывацыю і натхненне, якое можна знаходзіць у розных крыніцах: прыродзе, музыцы, мастацтве, навуцы. У кожнага чалавека ўнікальная гісторыя, непаўторны набор перажыванняў і ўражанняў.
Праца псіхолагам дазваляе Кацярыне бачыць свет вачыма іншага чалавека. Гэта часам цяжка, часам балюча, але заўсёды натхняе. А калі бачыш вынік працы – вельмі прыемна.
– У цэлым, мая праца – нешта накшталт пошуку сэнсу ў велізарнай плыні інфармацыі. Я стараюся зрабіць інфармацыю даступнай і карыснай для людзей, дапамагаючы ім.
Кацярына кажа, што самы важны ўрок з яе прафесійнай дзейнасці – перакананасць, што чалавек неверагодна складаны і шматгранны, ён адчувае вялікі спектр эмоцый і пачуццяў.
Важна паважаць кожнага чалавека як асобу, разумець яго пункт гледжання і прымаць яго такім, які ён ёсць. Нашы эмоцыі ўплываюць на нашы паводзіны, думкі і ўчынкі. Адкрытыя і шчырыя зносіны дазваляюць лепш разумець адзін аднаго.
За апошнія гады прафесійнай практыкі педагог-псіхолаг адзначае пэўныя змены. Студэнты становяцца больш смелымі, адкрытымі, узаемадзейнічаюць з людзьмі, удзельнічаюць у праектах рознага маштабу і абменьваюцца ведамі.
У цэлым, жыццё ва ўніверсітэце становіцца больш дынамічным. Аднак разам з гэтым паўстаюць новыя выклікі, якія патрабуюць ўсвядомленага падыходу і распрацоўкі новых стратэгій для паспяховай адаптацыі да зменлівага свету.
Важнасць псіхалагічнай падтрымкі ва ўніверсітэцкай прасторы не выклікае сумненняў. Дзякуючы прафесіяналізму і клопату супрацоўнікаў псіхалагічнай службы, навучэнцы БДУ могуць атрымаць неабходную падтрымку ў розных жыццёвых сітуацыях. Мы спадзяёмся, што Кацярына Панцялеева сваім прыкладам праліла святло на важную працу, якую выконваюць педагогі-псіхолагі. Знайсці кантакты і падрабязнасці работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўпраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю БДУ можна на сайце ўніверсітэта. Памятайце, што спецыялісты заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі і вы ніколі не застаняцеся сам-насам з праблемамі.
Марыя КАРКВЕЛІС