За лета беларускія школьнікі наведалі дзве геалагічныя і тры міжнародныя геаграфічныя алімпіяды, дзе паказалі найвышэйшыя вынікі за ўсю гісторыю ўдзелу беларускіх зборных. Кіраўнікамі каманд традыцыйна выступілі выкладчыкі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Пра тое, як сёння падрыхтаваць паспяховага алімпіядніка, пагутарылі з дэканам факультэта Аленай Кальмаковай і намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Наталляй Пісарчук.
«У звязцы “школа – УВА” адбываецца адбор таленавітых дзяцей»
Суразмоўцы прызнаюцца, што пытанне, колькі патрэбна часу, каб падрыхтаваць алімпіядніка высокага ўзроўню, не мае адназначнага адказу. Але практыка паказвае, што да міжнародных спаборніцтваў лепей гатовыя дзеці, якія знаходзяцца ў алімпіядным руху не адзін год. Па словах Алены Генадзьеўны і Наталлі Міхайлаўны, такія навучэнцы цікавяцца геаграфіяй з малодшага школьнага ўзросту. Але падрыхтоўка – гэта заўсёды доўгі шлях, у канцы якога няма гарантый станоўчага выніку, хоць і ёсць мэта – перамагчы.
– Зацікаўленасць дзіцяці геаграфіяй распазнаецца ў школе. Педагог бачыць, што некаторым вучням прадмет даецца лягчэй, у іх гараць вочы, яны прасцей выбудоўваюць прычынна-выніковыя сувязі. І самае галоўнае – заўважае ўнутраную матывацыю да атрымання такіх ведаў. Тады настаўнік пачынае займацца са школьнікамі, заяўляе іх на выступленні – раённыя, гарадскія, абласныя. На гэтым этапе факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі праводзіць зборы для ўдзельнікаў «вобласці» і «рэспублікі». І ў працэсе шматступеньчатай падрыхтоўкі ў звязцы «школа – УВА» адбываецца адбор найбольш таленавітых дзяцей для рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, – заўважаюць Алена Кальмакова і Наталля Пісарчук.
Факультэт, які дае магчымасці
Шмат дзесяцігоддзяў выкладчыкі ФГГ уваходзяць у склад журы абласнога і рэспубліканскага этапаў алімпіяды па геаграфіі, становяцца арганізатарамі прадметных збораў. Яны ж праводзяць тэсціраванне школьнікаў, на аснове якога фарміруецца асноўны і запасны склад зборнай Беларусі, а пасля працуюць з ёй.
Як расказваюць дэкан і намеснік дэкана, зборы працягваюцца 10-14 дзён з 9 да 17 гадзін. Рыхтуюць хлопцаў і дзяўчат спецыялісты па розных напрамках – экалогіі, дэмаграфіі, геалогіі, устойлівым развіцці і інш. Палову дня школьнікі адточваюць англійскую мову, другую – займаюцца вузкімі кірункамі алімпіяды. Самае цяжкае ў працэсе падрыхтоўкі, як адзначаюць суразмоўцы, – немагчымасць угадаць, з якой галіны геаграфіі трапяцца заданні. Таму выкладчыкі стараюцца давесці да дзяцей новыя трэнды. І ў цэлым вучэбны час выбудоўваецца так, каб тэматыка была падобная, а тэмы – розныя: так удзельнікі мінулых гадоў не слухаюць матэрыял двойчы, а назапашваюць новыя веды.
Трэніроўка школьнікаў, як прызнаюцца выкладчыкі, працэс працаёмкі і энергазатратны: інфармацыю да заняткаў патрэбна збіраць па крупінках у базах даных, статыстычных звестках і на сайтах міжнародных арганізацый. Для таго, каб аднойчы прыйсці ў аўдыторыю, патрэбна рыхтавацца некалькі дзён. Але нагрузка акупаецца зацікаўленасцю юнакоў і дзяўчат: матываваныя школьнікі адчуваюць адносіны выкладчыкаў і ўключаюцца ў працэс – шукаюць інфармацыю дадаткова, чытаюць навуковыя артыкулы.
Акрамя таго, педагагічны калектыў факультэта з’яўляецца распрацоўшчыкам заданняў для 3 і 4 этапаў прадметнай алімпіяды. І, па словах дэкана Алены Кальмаковай, такая пераемнасць дае свой плён, паколькі фарміруе алімпіядны дух, дазваляе рабіць заданні ў адпаведнасці з павевамі часу і міжнароднымі стандартамі. Як правіла, алімпіяды такога ўзроўню ўключаюць у сябе шмат інфармацыі па іншых галінах. Сёлета, напрыклад, на Міжнароднай алімпіядзе па навуках пра Зямлю былі заданні па астраноміі, акеаналогіі, фізіцы, геафізіцы, геахіміі, геалогіі і метэаралогіі. Падобныя веды, як водзіцца, не толькі немагчыма знайсці ў школьных падручніках, але нават у праграме УВА можна прачытаць не заўсёды. Да таго ж, заданні для ўдзельнікаў з англійскай мовы звычайна не перакладаюцца. Таму міжнародныя старты, як падкрэсліваюць Алена Генадзьеўна і Наталля Міхайлаўна, – пляцоўкі для інтэлектуалаў, якія не баяцца сустрэцца з новай інфармацыяй і могуць шукаць спосабы рашэння праблем у нестандартных сітуацыях.
– Практычны тур на мясцовасці – самая складаная і непрадказальная частка. Доўгія гады нашы дзеці саступалі ў ёй, што было звязана з мінімальнай колькасцю гадзін вывучэння геаграфіі ў школах. Згадзіцеся, складана спаборнічаць з удзельнікамі, якія вывучаюць прадмет да 6 гадзін на тыдзень, а ў нас гадзіну-паўтары. Але апошнім часам сітуацыя пераламілася, і балы нашых ўдзельнікаў на гэтым туры стабільна ідуць уверх, – тлумачыць Алена Генадзьеўна. – З наступнага года мы плануем зрабіць зборы ў два этапы – тэарэтычны і практычны. Апошні, спадзяёмся, будзе адбывацца на базе нашай геаграфічнай станцыі «Заходняя Бярэзіна». На мясцовасці навучэнцы змогуць авалодаць навыкамі геабатанікі, ландшафтазнаўства, геамарфалогіі, метэаралогіі, глебазнаўства, яшчэ больш узмоцняць сваю «практыку». Ва ўсёй краіне толькі ў нашага ўніверсітэта ёсць магчымасці для падрыхтоўкі такога ўзроўню.
Кіраўнік, што настроіць на працу
Некаторыя выкладчыкі геафака становяцца кіраўнікамі каманд на спаборніцтвах за мяжой. Мала хто задумваецца, але задачы гэтых людзей на алімпіядах не абмяжоўваюцца толькі суправаджэннем дзяцей. Педагогі дапамагаюць сваім гадаванцам актуалізаваць атрыманыя раней веды, акцэнтуюць увагу на інфармацыі, якая прыходзіць звонку, і скіроўваюць у інтэрпрэтацыі сабраных звестак. Напрыклад, на сёлетняй Еўрапейскай геаграфічнай алімпіядзе (EGEO-2024), што праходзіла ў гарах сербскага Нацыянальнага парка Капаонік, выкладчыкі адразу ж спрагназавалі: заданні будуць звязаны з мясцовасцю. На гэтым этапе кіраўнікі стараліся зарыентаваць дзяцей на магчымыя напрамкі заданняў практычнага тура: разам з імі вывучылі ландшафт і інфраструктуру, знайшлі экалагічныя праблемы, абмеркавалі. Аказалася, што найбольш актуальным пытаннем для мясцін стала высокая шчыльнасць наведвальнікаў, абумоўленая вялікай турыстычнай плынню. У выніку чаканні педагогаў спраўдзіліся.
Таксама кіраўнікі каманды адказваюць за забеспячэнне ў ёй псіхалагічнага камфорту. На сур’ёзных спаборніцтвах школьнікі адчуваюць сябе па-рознаму: камусьці неабходна больш эмацыйнай падтрымкі, іншаму, наадварот, крыху аддаліцца. Задача выкладчыкаў у гэтым выпадку – улічыць асаблівасці дзяцей і правільна настроіць на працу.
– Што можа перашкодзіць годна выступіць на высокім ўзроўні, дык гэта найперш усведамленне адказнасці, які адчуваюць школьнікі. За імі заўсёды стаяць іх педагогі, бацькі, школа, якія спадзяюцца на добры вынік. Гэта цісне, таму трэнер каманды працуе з такімі адчуваннямі, – кажа Наталля Міхайлаўна.
Высілкі мінулага ствараюць будучыню
Алімпіяднікі, многія з якіх становяцца студэнтамі ФГГ, не растрачваюць свой патэнцыял пасля паступлення. Яны і далей удзельнічаюць у міжнародных спаборніцтвах і канферэнцыях, маюць большую публікацыйную актыўнасць у параўнанні са сваімі аднагодкамі, уключаюцца ў банк адоранай моладзі і ўдзельнічаюць у конкурсах на гранты. Гэтыя навучэнцы вылучаюцца на агульным фоне сваёй дапытлівасцю і працаздольнасцю. А на факультэце стараюцца, каб яны не разгубілі сваю іскру. Вось і сёлета студэнтамі ФГГ сталі чацвёра былых алімпіяднікаў: Станіслаў Брадніцкі (спецыяльнасць «геалогія»), Аляксандра Багданава («краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць»), Вадзім Ігнаценка («геаінфармацыйныя сістэмы») і Ягор Сушкоў («космааэраграфія і геадэзія»).
– Штогод да нас паступаюць ад 8 да 16 удзельнікаў апошняга этапу рэспубліканскай алімпіяды ці міжнародных стартаў. Сёлета па дасягненнях мы паказалі самыя лепшыя вынікі. Спрагназаваць гэта было немагчыма, але такі вынік сведчыць аб пераходзе ад колькасных да якасных змен. Шматгадовыя высілкі вялікай колькасці людзей нарэшце прынеслі плён, – рэзюмуюць Алена Генадзьеўна і Наталля Міхайлаўна. – Для поспеху заўсёды патрэбны агульныя намаганні: асабістая матывацыя школьніка, таленавіты выкладчык і падтрымка школы. Толькі ў сукупнасці гэтых складнікаў можна спадзявацца на перамогу.
Даведка
Узнагароды з летніх алімпіяд у лічбах:
XX Міжнародная геаграфічная алімпіяда (iGeo-2024, Ірландыя) – 2 сярэбраныя і два бронзавыя медалі (упершыню ў гісторыі беларуская каманда прывезла з гэтым спаборніцтваў чатыры ўзнагароды);
VII Міжнародная алімпіяда па навуках пра Зямлю (IESO, КНР) – тры залатыя, адзін сярэбраны і два бронзавыя медалі (найлепшы вынік нашай зборнай);
10-я Еўрапейская геаграфічная алімпіяда (EGEO-2024, Сербія) – тры залатыя, сярэбраны і бронзавы медалі (у тым ліку абсалютная перамога Мікалая Місіюка).
Першы прарэктар БДУ Дзмітрый Міраслававіч Курловіч:
– Лічу, што зараз алімпіядны рух у нашай краіне выходзіць на новы ўзровень. Ён дазваляе знаходзіць высокаматываваных школьнікаў, суправаджаць іх на этапе падрыхтоўкі і прапанаваць ім траекторыі прафесійнага станаўлення, каб у будучым атрымаць спецыяліста сусветнага ўзроўню.
Калі мы прыязджаем на такую вялікую пляцоўку, як Міжнародная алімпіяда па навуках пра Зямлю, дзе сярод таленавітых школьнікаў з усяго свету ўзнагародамі адзначаюцца беларусы, гэта акрыляе. Ты ганарышся сваёй краінай і тым, што нашы дзеці паказваюць вынікі міжнароднага ўзроўню. Хацелася б таксама адзначыць і Міжнародную геаграфічную алімпіяду – свайго роду Алімпійскія гульні па прадмеце. Мне запомнілася, як у 2021 годзе старшакласнік Дзяніс Рабчук другі раз у гісторыі нацыянальнай зборнай заваяваў залаты медаль. І як праз год каманда паўтарыла яго вынік. Усё гэта вельмі эмацыйныя падзеі.
Ірына ІВАШКА