У БДУ прайшлі Дні донара: 11 і 12 кастрычніка спецыялісты РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій прымалі кроў у студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта.
Для тых, каму ўжо даводзілася быць донарам крыві, працэдуры, якія праходзілі на механіка-матэматычным факультэце, будуць добра знаёмымі. Спачатку праверка медыцынскіх дакументаў, потым агляд урача-тэрапеўта, атрыманне абавязковага пайка і толькі пасля гэтага здача крыві. Але тым, хто прыйшоў упершыню, усё гэта было ў навінку. Яны з нецярпеннем чакалі сваёй чаргі, каб самім пераканацца ў зручнасці і бяспецы працэсу. Такім быў вопыт Яны Кацько, трэцякурсніцы юрыдычнага факультэта.
– Прыехала з цвёрдым намерам дапамагчы людзям, бо патрэба ў донарскай крыві заўсёды вялікая. Хоць для мяне было нязвыкла, але не надта хвалявалася: ведала, што ўсё пройдзе добра. Так і здарылася! Уражанні засталіся вельмі пазітыўныя, таму абавязкова прыйду яшчэ.
Разам з ёй у калідоры размясціліся іншыя донары: студэнты і супрацоўнікі БДУ, навічкі і вопытныя ў гэтай справе. Атмасфера была ажыўленая. Адны пераправяралі інфармацыю ў запоўненых анкетах, іншыя абмяркоўвалі навучальныя і не толькі справы, а хтосьці проста адпачываў, аднаўляючы сілы пасля донарства. За парадкам сачылі валанцёры розных факультэтаў, якія таксама дапамагалі з транспарціроўкай абсталявання РНПЦ і маглі аказаць неадкладную дапамогу донарам у выпадку пагаршэння іх самаадчування. «Праца адказная, але важная: у медыкаў і так поўна клопатаў», – так валанцёры адказалі на пытанне пра матывацыю. А адзін з іх дадаў:
– Мне прыемна ад усведамлення таго, што магу камусьці працягнуць руку для дапамогі. Акрамя таго, Дні донара – выдатная магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі і даведацца пра цікавыя арганізацыйныя тонкасці. Для мяне ўжо адно гэта з’яўляецца дастатковай узнагародай.
Паток ахвотнікаў здаць кроў заставаўся стабільна вялікім на працягу ўсёй акцыі. Толькі за другі дзень прыйшло больш за сто чалавек. Шмат у чым гэта заслуга асветніцкай працы, якая праводзіцца адміністрацыяй механіка-матэматычнага факультэта і ўніверсітэта ў цэлым. Напярэдадні восеньскіх Дзён донара студэнты і супрацоўнікі мехмата маглі праслухаць лекцыю «Донар крыві – выратавальнік жыцця!» ад супрацоўнікаў РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Акрамя таго, намеснік дэкана механіка-матэматычнага факультэта па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Аксана Карневіч далучылася да астатніх донараў і без ускладненняў прайшла працэдуру донарства. Аксана Мікалаеўна, як і многія іншыя, донарам стала ўпершыню.
– Я хацела паказаць прыклад студэнтам, пераканаць іх у тым, што баяцца няма чаго. Хоць сама крыху перажывала, што магу страціць прытомнасць. А падчас самога працэсу нават здзівілася, наколькі лёгка ўсё праходзіць. Усё арганізавана на самым лепшым узроўні, ніякіх заўваг не ўзнікла. Адчуваю сябе выдатна.
Акцыя «Дні донара» з’яўляецца штогадовай. Калі не паспелі ў гэты раз, сачыце за сайтам і сацыяльнымі сеткамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, каб не прапусціць анонс наступнай акцыі.
Дзям’ян Куліковіч