10 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся першыя ў Мінску «Нобелеўскія чытанні». Гэта навукова-асветніцкае мерапрыемства, арганізаванае Маскоўскім фізіка-тэхнічным інстытутам (МФТІ) пры падтрымцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Мэта «Нобелеўскіх чытанняў» – пазнаёміць студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца навукай, з дасягненнямі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, раскрыць сутнасць складаных адкрыццяў у даступнай і займальнай форме.
Праграма мерапрыемства ўключала чатыры лекцыі, прысвечаныя дасягненням у галіне фізікі, хіміі, фізіялогіі і медыцыны. Спікеры з МФТІ дзяліліся сваімі ведамі і вопытам, папулярнай мовай тлумачылі пра скаладане. На сустрэчы прысутнічалі больш за 500 студэнтаў сталічных ВНУ, якія прыйшлі натхніцца на ўласныя даследаванні.
Распачаў сустрэчу блок выступленняў, прысвечаных фізіцы. У 2024 годзе Нобелеўскую прэмію па гэтай дысцыпліне атрымалі Джон Дж. Хопфілд і Джэфры Хінтан за асноватворныя адкрыцці і вынаходствы, якія дазваляюць выкарыстоўваць машыннае навучанне з штучнымі нейронавымі сеткамі. Першую лекцыю «Спінавае шкло як мадэльная сістэма для нейронавых сетак» прадставіў дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі імя Л. Д. Ландау МФТІ Сяргей Панюкоў.
Падчас сваёй прамовы ён звярнуў увагу на патрэбу новых і інавацыйных ідэй ва ўсіх галінах навуковых ведаў і адзначыў, што вынік любых работы шмат у чым залежыць ад пераемнасці вопыту і згуртаванасці навукоўцаў розных краін.
– «Нобелеўскія лекцыі» – гэта выдатная магчымасць далучэння студэнтаў да сусветнай разумовай спадчыны, платформа для старту першых даследчых пошукаў, – сказаў Сяргей Панюкоў.
Працягнуў прафесар кафедры інтэлектуальных сістэм ФКПМ МФТІ Канстанцін Варанцоў. Тэмай яго даклада стала гісторыя развіцця штучнага інтэлекту. Дакладчык не раз падкрэсліў уклад Джэфры Хінтана ў гэты працэс. Праца навукоўца стала асновай для сучасных метадаў машыннага навучання, якія выкарыстоўваюцца ў самых розных сферах: ад распрацоўкі новых матэрыялаў да распазнавання аб’ектаў.
Сваімі назіраннямі з нагоды навукова-асветніцкай сустрэчы падзялілася загадчыца кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў і сістэмнага аналізу механіка-матэматычнага факультэта Ларыса Голубева.
– Для мяне лекцыя была вельмі карыснай у першую чаргу як для выкладчыка, бо я чытаю аналагічныя курсы па машынным навучанні і нейронавых сетках для нашых студэнтаў. Акрамя таго, мяне ўражвае, што ў такой папулярнай форме была паказана гісторыя развіцця штучных нейронавых сетак з акцэнтам на аднаго генія – Джэфры Хінтана, – адзначыла Ларыса Голубева. – Было б цікава праводзіць такія мерапрыемствы і на базе факультэтаў. На маю думку, ёсць магчымасць арганізаваць больш паглыбленыя лекцыі ад вядучых спецыялістаў для вялікай колькасці студэнтаў канкрэтнага кірунку.
Па словах выкладчыцы, фармат аб’яднання дзвюх адукацыйных сістэм Беларусі і Расіі вельмі цікавы ў плане абмену вопытам.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў цікавасць беларускай моладзі да навукі. Паводле яго слоў, «Нобелеўскія лекцыі» дазволяць маладым людзям глыбока паглядзець на фундаментальныя даследаванні і пазнаёміцца з гістарычнымі перадумовамі сусветных адкрыццяў.
Акрамя таго міністр звярнуў увагу на актуальнасць тэмы штучнага інтэлекту для беларускіх студэнтаў:
– Напэўна, хтосьці думае, што гэта вельмі простыя рэчы: штучны інтэлект, нейрасеткі. Кожны, каму толькі хочацца, ужывае сёння гэтыя словы. Але мы ўбачылі, наколькі сур’ёзныя, глыбінныя працэсы гэтаму папярэднічалі і наколькі важна сёння грунтоўна займацца навукай.
Другі блок мерапрыемства пачала лекцыя «За што далі Нобелеўскую прэмію па медыцыне і фізіялогіі ў 2024 годзе?», якую прадставіў загадчык лабараторыі вылічальных метадаў у біямедыцыне МФТІ Андрэй Дзявяткін. Летась у галіне медыцыны і фізіялогіі ўзнагароду атрымалі Віктар Эмброс і Гэры Раўкан за адкрыццё мікраРНК і вызначэнне яе ролі ў генетыцы. Іх праца дапамагла зразумець, як клеткі выбіраюць патрэбныя інструкцыі з генетычнай інфармацыі, каб выконваць свае спецыфічныя функцыі.
Гэтая частка сустрэчы зацікавіла многіх студэнтаў другога курса біялагічнага факультэта. Марыю Бурш уразіла не толькі зацікаўленасць і прафесіяналізм лектараў, але і сама тэма выступлення.
– Гэта адкрыццё мае важнае значэнне для біятэхналогіі і медыцыны. Бялкі кантралююць і прыводзяць у дзеянне ўсе хімічныя рэакцыі, якія складаюць аснову жыцця на планеце. Таксама яны выконваюць функцыі гармонаў, сігнальных рэчываў, антыцелаў і будаўнічых блокаў розных тканак.
Завяршальную лекцыю зачытаў намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў малекулярных механізмаў старэння і ўзроставых захворванняў МФТІ Іван Гушчын. Ён распавёў пра ўладальнікаў Нобелеўскай прэміі 2024 года па хіміі. Дэвід Бэйкер быў узнагароджаны прэміяй за распрацоўку метадаў камп’ютарнага праектавання бялкоў, што дазволіла ствараць новыя структуры з унікальнымі ўласцівасцямі. Гэта адкрыццё можа быць выкарыстана ў фармацэўтыцы, вакцынах і нанаматэрыялах.
Дэміс Хасабіс і Джон Джампер атрымалі прэмію за распрацоўку мадэлі штучнага інтэлекту AlphaFold2, якая дазваляе прадказваць складаныя структуры бялкоў на аснове іх амінакіслотных паслядоўнасцяў.
Яркія эмоцыі ад чытанняў атрымала і другакурсніца Юлія Жукоўская.
– Ужо пасля лекцый зразумела, што для паспяховага заўтрашняга дня ўсім нам трэба больш мэтанакіравана працаваць ужо сёння. У прыватнасці, мне як будучаму біятэхнолагу варта пагрузіцца ў свет высокіх тэхналогій, асабліва ў сферы штучнага інтэлекту. У будучыні гэта дазволіць стаць якасным і запатрабаваным спецыялістам.
Выступ Івана Гушчына прымусіў задумацца пра будучыню і Яўгена Ляховіча.
– Наведванне мерапрыемства пакінула выключна станоўчыя ўражанні. Адчуваю жаданне яшчэ больш вучыцца, імкнуцца да новых поспехащ, каб у будучыні стаць кампетэнтным і запатрабаваным у сваёй галіне, – падзяліўся хлопец.
Згодна з мемарандумам аб узаемаразуменні паміж БДУ і МФТІ, гэта мерапрыемства стала адпраўным пунктам у цыкле сумесных праектаў дзвюх ВНУ.
Як адзначыў рэктар БДУ Андрэй Кароль, адна з галоўных місій універсітэта заснавана на навуковых даследаваннях, на перадачы культуры, інакш кажучы, выкладанні, і на станаўленні грамадзяніна, а падобнага роду лекцыі арганічна аб’ядноўваюць усе гэтыя тры складнікі.
– Для студэнтаў беларускіх ВНУ гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з вядомымі навукоўцамі, лепш даведацца пра іх прафесійныя пошукі і навуковыя вынікі. Гэта дазволіць у будучыні перавесці навуковую думку на сучасныя даследаванні, – дапоўніў рэктар БДУ.
Першыя «Нобелеўскія чытанні» ў Мінску сталі яскравым прыкладам таго, як навука можа натхняць і аб’ядноўваць людзей, якія імкнуцца да ведаў і новага вопыту.
Марыя КАРКВЕЛІС