Новыя магчымасці: «Мінская змена – 2025» стартавала

22 Feb, 2025.

 

Новы сезон праекта «Мінская змена» адкрыты. Як адзначаюць арганізатары, яго галоўнымі мэтамі з’яўляюцца пошук і падтрымка маладых лідараў і фарміраванне кіраўніцкага кадравага рэзерву.

Свой пачатак «Мінская змена» бярэ яшчэ з 2008 года, а зараз мы бачым адноўленую версію першапачатковай задумкі. Надаць новае жыццё ініцыятыве дапамог старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

Партнёры праекта – Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Акадэмія кіравання – адыгрываюць вялікую ролю ў прыцягненні моладзі да грамадскага жыцця горада. Удзельнікі – маладыя і актыўныя людзі, настроеныя зрабіць Мінск больш сучасным і камфортным, а задача арганізатараў – стварыць умовы для рэалізацыі іх ініцыятыў. Пераможцы папоўняць кадравы рэзерв Мінгарвыканкама.

Мерапрыемства накіравана на ўцягванне моладзі ў развіццё горада і краіны праз сацыяльнае праектаванне, а таксама на выяўленне лідараў меркаванняў і таленавітых кіраўнікоў. Удзельнічаць могуць усе маладыя людзі з актыўнай сацыяльнай пазіцыяй. Адзінае абмежаванне – кандыдатам павінна быць ад 15 да 31 года.

У 2025 годзе тэрмін рэалізацыі праекта падоўжаны да кастрычніка, што дазволіць удзельнікам больш старанна і глыбока падрыхтаваць свае ідэі. Павелічэнне тэрміну распрацоўкі ініцыятыў улічвае таксама і занятасць моладзі, бо ўдзельнічаюць і студэнты, і людзі, якія ўжо працуюць. Акрамя часавых рамак у гэтым сезоне змяніўся і парадак набору маладых людзей: ён будзе праводзіцца ў адпаведнасці з тэрытарыяльным прынцыпам, а інфармацыя пра рэгістрацыю даступная на сайтах адміністрацый раёнаў.

Арганізатары прапануюць распрацоўваць праекты па 14 тэматычных напрамках, якія могуць быць пашыраны. Эфектыўны фармат групавой працы, які ўжо ўпадабаўся ўдзельнікам «Мінскай змены», захоўваецца і сёлета. Усе праекты павінны быць накіраваны на добраўпарадкаванне Мінска, але найлепшыя ідэі могуць быць рэалізаваны і на рэспубліканскім узроўні. Чакаецца, што сёлета праект аб’яднае больш за 1000 удзельнікаў, а тэматыка ахопіць усе сферы жыцця моладзі.

«Мінская змена» даказала сваю эфектыўнасць у падрыхтоўцы кадравага рэзерву на практыцы. Многія ўдзельнікі мінулых гадоў увайшлі ў моладзевыя саветы і гарадскі Савет дэпутатаў, а таксама паспяхова будуюць кар’еру. Яны імкнуцца прыцягнуць новых удзельнікаў для працягу іх ініцыятыў. У мінулым сезоне праект прыцягнуў больш за 800 заявак, і ў гэтым, па прагнозах арганізатараў, чакаецца не меншая цікавасць. Галоўнае – ініцыятыўнасць, цярплівасць і ўменне дабівацца пастаўленых мэт, чаго беларускай моладзі не пазычаць.

Для падачы заяўкі на ўдзел у праекце трэба запоўніць электронную анкету з 6 лютага па 8 сакавіка. Знайсці форму можна на сайтах адміністрацый раёнаў Мінска і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Марыя КАРКВЕЛІС

print

Вам таксама можа спадабацца: