Гістарычнаму факультэту споўнілася 90 гадоў! За гэты час факультэт, як і ўвесь універсітэт, шмат чаго перажыў. Але не проста так кажуць, што ўсё рана ці позна вяртаецца да вытокаў. Вось і гістфак праз пэўны час вярнуўся ў сцены корпуса, з якога і пачалася ўся векавая гісторыя БДУ.
У летапісе ўніверсітэта гэты корпус з’яўляецца будынкам №1. Само будаўніцтва дома прыпадае на другую палову 19-га стагоддзя. Там размяшчалася гімназія Фальковіча і Зубакіна. А яго перадача ўніверсітэту датуецца першым годам існавання ВНУ.
Менавіта ў гэтым будынку адбылася першая ў гісторыі БДУ лекцыя для студэнтаў. Акрамя таго, тут працаваў і некаторы час жыў першы рэктар Уладзімір Пічэта. У час Вялікай Айчыннай вайны факультэт быў амаль разбураны і адноўлены толькі ў 1957 годзе.
Багатая гісторыя корпуса прывяла да ідэі стварыць першы ў Беларусі факультэт-музей. Ініцыятарам канцэпцыі выступаў сёлетні дэкан факультэта Аляксандр Каханоўскі. За тры гады было праведзена мноства работ па рэканструкцыі, афармленні і напаўненні навучальнага корпуса.
На першым паверсе факультэта знаходзіцца дэканат, буфет, рэкрэацыйная зона. Акрамя таго, абсталяваны спецыяльны кабінет для студэнтаў з абмежаванымі магчымасцямі.
Канцэпцыя факультэта-музея прасочваецца і ў афармленні другога паверха. На сценах размешчана 29 стэндавых груп, а гэта больш за 50 стэндаў. Яны прысвечаны гісторыі адукацыі пачынаючы ад часоў Полацкага Княства да канца ХХ стагоддзя.
– У канцэпцыі другога паверха мы імкнуліся паказаць гісторыю краіны праз гісторыю нашага ўніверсітэта. Гэтую экспазіцыю таксама можна выкарыстоўваць у рамках вывучэння ўніверсітэтазнаўства. Па сутнасці, гэта падручнік на сценах, – расказвае дэкан факультэта.
Уздоўж сцен можна прагульвацца гадзінамі, чытаючы пра студэнцкае мінулае, разглядаючы архіўныя фатаграфіі прафесараў і дэканаў. Стэндавыя групы дзеляцца на дзве часткі. Першая распавядае пра шлях да стварэння нацыянальнага ўніверсітэта, другая – пра яго станаўленне. На стэндах можна знайсці інфармацыю пра бацькоў-заснавальнікаў універсітэта, жыццё навучальнай установы ў гады Вялікай Айчыннай Вайны і значныя перыяды.
Адной з самых цікавых экспазіцый выступае мадэль рабочага кабінета Уладзіміра Пічэты ў адной з аўдыторый, адноўленая на аснове захаваных фатаграфій і ўспамінаў дачкі першага рэктара.
– Гістарычнай навуцы ў сценах нашага ўніверсітэта ўжо больш за сто гадоў. З самага заснавання БДУ гісторыя як прадмет вывучэння і як навука фарміравалася тут. У якасці асобнай структуры гістарычны факультэт пачаў сваю працу 23 кастрычніка 1934 года. Але стварэнне факультэта не адбылося ў адзін момант. Першы дэкан гістарычнага факультэта Васіль Шчарбакоў быў дырэктарам Інстытута гісторыі. Многія прафесары і дацэнты ўніверсітэта таксама паралельна працавалі і там. Гэта паўплывала на цеснае супрацоўніцтва з Акадэміяй навук, – расказвае гісторыю факультэта Аляксандр Каханоўскі.
На факультэце размясціўся музей, памяшканне якога займае больш за 200 квадратных метраў. Там прадстаўлена этнаграфічная і археалагічная спадчына Беларусі, народная культура, побыт, гісторыя грашовага абарачэння.
Археалагічны раздзел ахоплівае перыяды ад каменнага веку да 17-га стагоддзя і ўключае ўнікальныя экспанаты, у тым ліку першыя металічныя вырабы на тэрыторыі Беларусі. Не ўсе яны будуць прадстаўлены на экспазіцыі. Тым не менш калекцыя гістарычнага факультэта супастаўная з калекцыяй Нацыянальнага гістарычнага музея і рэгулярна папаўняецца новымі прадметамі мінулага. Скарбонка гістфака мае больш за 250 000 адзінак археалагічных знаходак.
– Многія з экспанатаў нашага музея сабраны студэнтамі падчас археалагічных экспедыцый, – удакладняе дэкан. – Вопыт апошніх гадоў паказаў, як важна даваць студэнтам рэалізоўваць свае ідэі і праекты, укладваць розум, энергію і цікавасць. На сёння ў нас ёсць шэраг праектаў, якія сталі візітоўкай не толькі факультэта, але і ўніверсітэта. «Дыялог культур і рэлігій», «Памяць і слава» і іншыя. У самы блізкі час мы пачнём рыхтаваць асобныя праекты, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі. У працэс падрыхтоўкі мы абавязкова ўключаем студэнтаў. Менавіта іх рукамі знаходзяцца многія дакументы. Менавіта яны ўключаюцца ў валанцёрскі рух у гэтым напрамку. У гады майго студэнцтва гэтага было менш. А зараз бачны актыўны ўдзел і вельмі вялікая зацікаўленасць. Гэта такі новы трэнд. Студэнтам трэба даваць магчымасць для самарэалізацыі. Бо ўдзел у такіх праектах спалучаны з іх прафесійнай падрыхтоўкай.
Таксама ў музеі прадстаўлена нумізматычная калекцыя, заснаваная на асабістым зборы прафесара Валянціна Рабцэвіча. Яна адна з самых багатых ва Усходняй Еўропе і ўключае манеты ад антычнасці да сучаснасці.
На трэцім паверсе прадстаўлена ўнікальная калекцыя гіпсавых копій антычных скульптур. Яны былі падораны нашаму ўніверсітэту Эрмітажам у пачатку 20-га стагоддзя. Прычым некаторыя копіі нават перажылі ваенны час. У спробах захаваць прадметы іх закопвалі ў зямлю ва ўнутраным дворыку БДУ. Пасля вайны Эрмітаж даслаў у падарунак новыя статуі і нават пашырыў іх колькасць. Яны і ляглі ў аснову экспазіцыі.
Большасць навучальных аўдыторый засяроджана на чацвёртым паверсе будынка –кабінеты адукацыйных інавацый. Гэты паверх прысвечаны сучаснай гісторыі ўніверсітэта. 13 стэндавых груп расказваюць пра жыццё ВНУ з 1991 па 2024 гг., стратэгічныя напрамкі развіцця ўніверсітэта, адукацыйную, навуковую, сацыяльную і культурную дзейнасць, дасягненні.
За ўсю гісторыю факультэт выпусціў больш за 15 тысяч спецыялістаў. Навучальны працэс і навуковыя даследаванні забяспечваюць больш за 125 супрацоўнікаў, сярод якіх 14 дактароў і 77 кандыдатаў навук. Навучанне праходзіць больш за 700 студэнтаў. Сёння ў структуру факультэта ўваходзяць дзевяць кафедраў, цэнтр адукацыйных інавацый і навучальная лабараторыя музейнай справы, дзве студэнцкія НДЛ. Навучанне ажыццяўляецца па спецыяльнасцях: «гісторыя», «рэгіёназнаўства», «музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны», «архіўная справа», «кіраванне дакументамі». На факультэце таксама рэалізуецца падрыхтоўка замежных студэнтаў з КНР па дзвюх спецыяльнасцях магістратуры на англійскай мове.
– Факультэт не стаіць на месцы. У нас ёсць шэраг задач па перспектыўным развіцці. Стварэнне сумесных адукацыйных праграм з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам, развіццё супрацоўніцтва з універсітэтамі Кітая па асобных напрамках. У прыватнасці па вузкіх профілях, па якіх спецыялістаў вельмі мала, – дзеліцца планамі дэкан. – Мы пашыраем супрацоўніцтва з нашым патэнцыйным заказчыкам кадраў і плануем узмацніць практыкаарыентаванасць падрыхтоўкі студэнтаў, асабліва па асобных спецыяльнасцях.
Ганна КАЗАКОВА