Дынастыю Саніковіч складаюць кандыдаты навук, дацэнты, аўтары шэрагу навучальна-метадычных дапаможнікаў, удзельніца запісу тэматычных тэлевізійных праграм, аўтар алімпіядных заданняў па прадмеце. Педагагічны стаж дынастыі Саніковіч у БДУ складае 64 гады.
Саніковіч Валянціна Аляксандраўна – кандыдат навук, дацэнт. Педагагічны стаж у БДУ – 40 гадоў.
З 1952 па 1962 навучалася ў сярэдняй школе №1 г. Мінска. Затым паступіла на філалагічны факультэт БДУ на аддзяленне рускай мовы і літаратуры, на вячэрнюю форму. У 1969 г. скончыла навучанне. З 1969 па 2018 гг. працавала на кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ, з 1969 па 1975 гг. была на гэтай жа кафедры лабарантам і старшым лабарантам. З 1975 г. па 1983 гг. працавала на кафедры на пасадзе выкладчыка і старшага выкладчыка. З 1979 па 1982 гг. навучалася ў аспірантуры. 20 студзеня 1987 года абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Міжмоўныя кантакты на дыялектным узроўні (на матэрыяле астраўной рускай гаворкі ў Беларусі)». 27 верасня 1990 г. В. А. Саніковіч было прысвоена званне дацэнта.
У 2000 г. В. А. Саніковіч была ўзнагароджана граматай універсітэта за шматгадовую педагагічную дзейнасць.
Валянціна Аляксандраўна з’яўляецца аўтарам шэрагу дапаможнікаў, напрыклад, «Руская мова: табліцы, схемы, практыкаванні: для тых, хто паступае ў ВНУ», які перавыдаваўся 16 разоў, а таксама навучальных дапаможнікаў па рускай мове для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (2009, 2015, 2020).
Саніковіч Ірына Міхайлаўна – кандыдат навук, дацэнт (дачка Саніковіч В. А.). Педагагічны стаж у БДУ – 24 гады.
З 1982 па 1992 г. навучалася ў сярэдняй школе №1 г. Мінска. Затым паступіла на філалагічны факультэт БДУ, спецыяльнасць «беларуская і руская філалогія». У 1997 г. завяршыла навучанне. З 1997 па 2000 гг. навучалася ў аспірантуры. У 2001 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю «Методыка навучання школьнікаў IX–X класаў напісанню сачыненняў-разваг на літаратурную тэму». З 2000 г. выкладае на кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры. У 2010 г. І. М. Саніковіч было прысвоена навуковае званне дацэнта па спецыяльнасці «педагогіка».
У 2011 г. была ўзнагароджана ганаровай граматай Нацыянальнага інстытута адукацыі за актыўны ўдзел у распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння для сістэмы дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі і ў сувязі з 90-годдзем з дня заснавання БДУ.
З 2004 г. пастаянны член журы, а затым старшыня журы секцый «Лінгвістыка» і «Літаратуразнаўства» гарадской навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў (Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі).
З 2017 г. адзін з распрацоўшчыкаў заданняў (блок «Руская літаратура») для рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па навучальных прадметах «Руская мова» і «Руская літаратура».
І. М. Саніковіч актыўна супрацоўнічае з тэлебачаннем. Брала ўдзел у запісе праграм «Наша раніца» ад 15.04.2022 г. (эпізод «Тэлефонны этыкет») і 15.07.2022 г. (эпізод «Прывітанне і поціск рукі»). Таксама брала ўдзел у запісе перадачы «Новая раніца» на «РТР-Беларусь» (эфір 20.02.24 г.), размова «Не толькі бедны лексічны запас. Чаму людзі выкарыстоўваюць у размове нецэнзурную лексіку?»
Правяла больш за 15 семінараў, прысвечаных пытанням арганізацыі навукова-даследчай працы навучэнцаў, у розных ДУА Рэспублікі Беларусь.
Ірына Міхайлаўна – аўтар звыш 160 навуковых публікацый і навучальна-метадычных дапаможнікаў. Сярод іх найбольшую значнасць уяўляюць дапаможнікі па рускай мове для вучняў агульнаадукацыйных устаноў, дапаможнікі па рускай мове для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, зборнік матэрыялаў для выпускнога іспыту па навучальным прадмеце «Руская мова» за перыяд навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Дынастыя Саніковіч унесла вялікі ўклад у папулярызацыю ведаў па рускай мове і літаратуры. Навучальна-метадычныя выданні аўтараў значна пашыраюць веданне прадметаў.
Дар’я АРТАМОНАВА