7 ліпеня на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі пачалася летняя школа рускай мовы ў БДУ для замежных грамадзян. Сёлета захацелі вывучаць рускую мову больш за 50 замежнікаў з 11 краін свету: Мексікі, Швецыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Турцыі, Кітая, Рэспублікі Карэя, Нігерыі, Японіі, Саудаўскай Аравіі, В’етнама, Венгрыі.
Ідэя летняй школы з’явілася пасля таго, як многія студэнты, якія прыязджалі на курсы рускай мовы на ФДА, захацелі працягнуць сваё навучанне ўлетку падчас вакацый. Сама ж летняя школа прадугледжвае вывучэнне не толькі мовы, але і культуры і гістарычнай спадчыны Беларусі. Навучальная праграма пабудаваная па тыпе Балонскай праграмы, гэта значыць па ўзроўнях ведаў.
Старшыя выкладчыкі кафедры рускай мовы як замежнай і агульнаадукацыйных дысцыплін Сушынская Тамара Міхайлаўна і Сямёнава Святлана Міхайлаўна распавялі пра цікавы працэс навучання.
– Як замежнікі даведваюцца пра летнюю школу рускай мовы ў Беларусі?
– У асноўным праз інтэрнэт па рэкламе на сайце ўніверсітэта і пасольстваў. Студэнты з Паўднёвай Карэі, Кітая, Японіі даведаліся пра праграму ад сяброў, якія пабывалі ў Беларусі.
– Чым цікавая праграма летняй школы?
– Летняя школа цікавая тым, што групы фарміруюцца па ўзроўнях валодання мовай і што яны ўсе шматнацыянальныя. Нават калі ёсць шмат замежнікаў з адной краіны, мы імкнёмся размеркаваць іх па розных групах, каб зносіны былі шматбаковымі. Сам жа працэс цікавы, бо студэнты прыязджаюць ужо наладжаныя на зносіны. Яны адразу пачынаюць камунікаваць адзін з адным, знаёміцца.
– Ці заўважалі Вы падчас заняткаў і экскурсій цікавыя нацыянальныя асаблівасці паводзін студэнтаў?
– Так. Усім замежнікам цікавая беларуская кухня. Калі мы ездзілі ў Строчыцы, студэнты хацелі ў першую чаргу пакаштаваць беларускія дранікі, салянку. Яшчэ, напрыклад, усе турэцкія студэнты любяць экскурсіі на Лінію Сталіна.
Кожны замежнік, які прыязджае на факультэт даўніверсітэцкай адукацыі, бярэ сабе рускае імя. Гэта, можна сказаць, “новае імя – новае жыццё”.
Адна студэнтка з Паўднёвай Карэі Лі Су Джунг, або, як яна сябе назвала па-руску, Вера, упершыню прыехала ў Беларусь, каб працягнуць вывучэнне рускай мовы. Да гэтага яна вучылася ва Уладзівастоку. У Расіі яна і пачула пра праграму ад сяброў і вырашыла прыехаць у Беларусь.
– Якая гэта – знаходзіць агульную мову ў незнаёмай краіне, дзе ўсе размаўляюць на рускай і беларускай?
– Мае сябры мне распавялі, што Беларусь – гасцінная краіна і людзі тут добрыя і ветлівыя. Спачатку я баялася, што будзе цяжка, але паступова зразумела беларускі менталітэт, абвыклася.
Я сустракала шмат маладых людзей, якія добра гавораць на беларускай. На жаль, я яе яшчэ не ведаю. Я толькі пачала вывучаць рускую, але ў Беларусі мяне разумеюць, а гэта вельмі добра.
– І як Вам падабацца навучанне, ці ёсць якія адрозненні ад расійскага выкладання мовы?
– Навучанне мне падабаецца. Тут усе сяброўскія і гаваркія. І выкладанне шмат у чым адрозніваецца ад рускага. Тут выкладчыкі падзяляюць пісьмовыя і вусныя заданні, імкнуцца дапамагчы ўсім і паўтараюць незразумелыя моманты, пакуль не зразумеюць усе.
Больш падрабязна пра праграму распавяла дацэнт кафедры рускай мовы як замежнай і агульнаадукацыйных дысцыплін, намеснік дэкана факультэта па навучальна-метадычнай працы Алена Валянцінаўна Кішкевіч.
Алена Валянцінаўна адзначыла, што сёлета ў праграме зроблены акцэнт на 70-годдзе вызвалення Беларусі. Студэнты наведаюць Парк Перамогі, музей Вялікай Айчыннай вайны, Лінію Сталіна.
“Хоць мы пачалі вучыцца сёмага ліпеня, але многія прыехалі ў Беларусь на самым пачатку ліпеня. Яны заспелі святкаванні трэцяга і чацвёртага ліпеня і былі ў поўным захапленні. Асабліва тыя, хто толькі прыехаў. Бо ўсе студэнты жывуць у сёмым інтэрнаце на Кастрычніцкай, святочныя салюты ім былі выдатна бачныя”, – падзялілася Алена Валянцінаўна.
– Пры дапамозе якіх дапаможных сродкаў вядзецца навучанне ў летняй школе, і якім чынам?
– Студэнты займаюцца па адмысловым навучальным дапаможніку, які арыентаваны на вывучэнне Беларусі. У ім распавядаецца пра памятныя месцы Беларусі, гэта можна назваць “поўным паглыбленнем” у культуру. У нас ёсць свае камп’ютарныя класы, у якіх студэнты могуць паглядзець навучальныя відэазапісы.
Тэорыю мы заўсёды спалучаны з практыкай. Напрыклад, чытаем пра Купалаўскі парк і туды адразу ж едзем на экскурсію. Адзін з цікавых прыёмаў: студэнты вучаць вершы Янкі Купалы і чытаюць іх на сваіх родных мовах.
Або прачыталі пра Батанічны сад, схадзілі туды. Там ёсць алея, у пасадцы якой удзельнічалі паслы розных дзяржаў. Для замежных студэнтаў ёсць такое заданне: знайсці таблічку са сваёй краінай.
– А якія экскурсіі падабаюцца студэнтам?
– Кожны выбірае нешта сваё. Турэцкія студэнты заўсёды ездзяць у Віцебск. Мы са студэнтамі вырашылі паглядзець выставу жывапісу Парыжскай школы, на якой, дарэчы, будуць карціны Марка Шагала. Таксама цікавыя экскурсіі ў Белавежскую пушчу і Бярэзінскі запаведнік.
– Чым унікальная летняя школа рускай мовы на ФДА?
– Летняя школа цікавая тым, што яна не патрабуе потым дыягнастычнага тэсціравання. Гэта значыць, што студэнты вучаць мову больш для свайго задавальнення.
Калі набіраецца група тых людзей, якія больш цікавіцца экскурсіямі, то ў іх будзе акцэнт менавіта на экскурсіях, але, вядома, на фоне лексікі і граматыкі рускай мовы вызначанага ўзроўню.
Ёсць група, якая толькі пачынае асвойваць рускую мову, “з нуля”. Шмат хто яе вучыць, каб потым пайсці на падрыхтоўчы факультэт. І зараз, дзякуючы летняй школе, яны прывыкаюць да навучання. Многія студэнты з паўднёвых краін Афрыкі або Азіі прыязджаюць увосень у Беларусь і разумеюць, што ім цяжка адаптавацца да больш халоднага клімату. Таму яны зараз імкнуцца прыязджаць улетку, каб увосень не хварэць.
– Ці ёсць нейкія вызначаныя падзелы па ўзроўнях навучання?
– У нас тры так званыя “плыні” студэнтаў. Першыя – тыя, хто вывучае рускую мову на радзіме і сюды прыязджае палепшыць свае веды. Гэта, як правіла, еўрапейцы, амерыканцы, аўстралійцы, англічане.
Другая плынь – студэнты з Японіі і Паўднёвай Карэі. У іх навучальны год каляндарны, таму ўлетку паміж двума семестрамі вакацыі. Яны прыязджаюць не толькі вывучыць мову, але і атрымаць пэўныя бонусы да навучання. Такія студэнты выбіраюць Беларусь, таму што тут бліжэй да Еўропы і эканомныя кошты.
Трэцяя група – гэта будучыя абітурыенты ўніверсітэта, гэта значыць тыя, якія прыязджаюць, каб рыхтавацца да ўступнага сумоўя, карэктуюць сваё веданне рускай. Гэта студэнты з Туркменістана, Азербайджана.
Першыя дзве групы навучаюцца да 15 жніўня, а абітурыенты – да 30. Пасля праграмы ў іх ёсць магчымасць самім павандраваць. Многія студэнты ўжо і гасцініцы замовілі ў Гомелі, Брэсце, Віцебску.
Былі студэнты, якім так спадабалася, што яны прыязджалі вучыцца ў Беларусь некалькі гадоў запар.
Усе студэнты гавораць, што ім падабаецца беларускі народ. Як толькі ў студэнтаў ёсць нейкія цяжкасці ў знаходжанні правільнага маршруту, усе дапамагаюць знайсці дарогу. Не проста пакажуць, а яшчэ і за руку адвядуць.
Першыя некалькі дзён у нас могуць быць вызначаныя “рухі” па групах. Напрыклад, хтосьці сказаў, што ён узровень “Б”, але выкладчык вызначылі, што ў яго ўзровень “А1”. У гэтым плане ўсё вельмі мабільна.
Для тых, хто добра размаўляе на рускай, але дрэнна піша і ведае граматыку, іншы падыход. Навучальны працэс тады арганізуецца так, каб яны свае навыкі вусных зносін маглі выяўляць і ў пісьмовай форме.
– Ці ёсць якая-небудзь падзея, месца, якое студэнты жадалі ўбачыць, але не атрымалася?
– Студэнты шкадуюць толькі, што хакей не змаглі паглядзець. Але ў іх і так насычаная праграма.
Нават у суботу і нядзелю – вольныя ад навучальных заняткаў дні – мы плануем паехаць у Мір, Нясвіж. Таму ім сапраўды нудзіцца не прыйдзецца.
Фаіна НАКАНЕЧНАЯ