Форум моладзевай навукі ўпершыню прайшоў 22 лютага ў БДУ. Акрамя таго, быў праведзены фінал навукова-інжынернага конкурсу навучэнцаў «Belarus Science and Engineering Fair».
Форум моладзевай навукі – прафарыентацыйнае мерапрыемства для навучэнцаў школ, ліцэяў і гімназій. Накіраванае яно на развіццё даследчай дзейнасці моладзі, папулярызацыю фундаментальнай навукі і інавацыйных дасягненняў навукоўцаў, прыцягненне матываваных абітурыентаў на прыродазнаўчанавуковыя спецыяльнасці БДУ.
З вітальным словам выступілі першы прарэктар БДУ Міхаіл Жураўкоў, дырэктар адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала і прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Марына Краснова.
Для школьнікаў была падрыхтаваная вялікая відовішчная праграма з прэзентацыяй навуковай дзейнасці факультэтаў БДУ. Юных даследчыкаў чакалі на ФПМІ, ФРКТ, біялагічным, геаграфічным, механіка-матэматычным, хімічным і фізічным факультэтах. Для іх быў арганізаваны больш за дзясятак навукова-пазнавальных лекцый і дэманстрацыйных навуковых выпрабаванняў. Незабыўным стала наведванне Цэнтра аэракасмічнай адукацыі БДУ, унікальных музеяў біялагічнага і геаграфічнага факультэтаў, навучальна-навуковых лабараторый фізічнага і хімічнага факультэтаў.
Акрамя таго, 22 і 23 лютага БДУ стаў пляцоўкай для правядзення фіналу навукова-інжынернага конкурсу навучэнцаў «Belarus Science and Engineering Fair». Арганізатарамі навуковага спаборніцтва выступілі ПВТ, карпарацыя Intel, МАІРА і ўпраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Свае навуковыя працы і праекты прадставілі фіналісты конкурсу – 90 школьнікаў з усіх абласцей краіны. Юныя навукоўцы падрыхтавалі даследаванні па біялогіі, экалогіі, энергазахавальных тэхналогіях, хіміі, інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы, электратэхніцы і механіцы.
Перад фіналістамі стаяла задача стэндавай абароны сваіх праектаў. Для вызначэння пераможцы ўлічваліся ўменне навучэнцаў камунікаваць, лагічна думаць, адстойваць уласны пункт гледжання. Па выніках выступлення вызначаныя найлепшыя праекты, аўтары якіх прадставяць Беларусь на міжнародным навукова-інжынерным конкурсе «Intel International Science and Engineering Fair 2014» з 11 па 16 мая ў г. Лос-Анджэлес (штат Каліфорнія, ЗША).
Прыемна адзначыць, што ў выніку ліцэісты БДУ ганараваны дыпламамі пераможцаў конкурсу «Belarus Science and Engineering Fair». Адзінаццацікласнікі Андрэй Ільін і Уладзіслаў Паўловіч узнагароджаны дыпломам I ступені ў секцыі «Інфарматыка». Дыпломам гэтай жа ступені ацэнена даследаванне Івана Саечнікава (10 клас) у секцыі «Праектаванне: электратэхніка і механіка». Акрамя таго, ён ганараваны адмысловым прызам Ельскай навукова-інжынернай асацыяцыі (ЗША). У секцыі «Фізіка» сваю працу прадставіла адзінаццацікласніца Юлія Людчык. Яна была ўзнагароджана дыпломам II ступені.
Арцём ГУЦУЛЮК