Гістарычны шлях, які прайшоў за 93 гады наш універсітэт, цяпер пакрыху асэнсоўваецца праз доследы яго ж навукоўцаў. Праз БДУ відавочна праходзілі ўсе плыні грамадска-палітычнага жыцця і 1920-х гадоў, і гадоў 30-х, універсітэт разам з усёй краінай ваяваў і аднаўляўся, не заставаўся ўбаку ад працэсаў міжнародных, успрымаў дзе стрымана, а дзе з апераджэннем розныя ўрадавыя ўстаноўкі і грамадскія ініцыятывы. Такім ён застаецца і сёння.
Пра гэту шматбаковую ўніверсальную сутнасць БДУ можна даведацца з самых розных крыніц. Даведацца і асэнсаваць, асэнсаваць і паспрабаваць узнавіць пройдзены ўніверсітэтам шлях, лёсы яго выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў. Упэўнены, што гэта наш абавязак.
Сярод самых розных крыніц па гісторыі БДУ вылучаецца сваёй інфарматыўнай унікальнасцю яго шматтыражка, якая цяпер носіць спрошчаную, але вельмі адказную сэнсавую назву – «Універсітэт». Наша газета – пераемніца традыцый папярэдніх выданняў. Падаецца, што ўжо існуе неабходнасць пісаць гісторыю самой універсітэцкай прэсы. Гэта быў бы цікавы прадмет навуковага даследавання. Справа ў тым, што прэса дагэтуль застаецца на «перадавой» усіх кірункаў жыцця краіны і грамадства. У тым ліку і ўніверсітэцкая газета. Трэба мець на ўвазе, што шматтыражка дзейнічала побач з іншымі выданнямі, сярод якіх было нямала моладзевых, дакладней студэнцкіх, не толькі газет, а і часопісаў – напрыклад, часопіс «Чырвоны Сьцяг», у выпуску якога дапамагалі і прафесары БДУ.
Асобным раздзелам можа стаць расповед пра факультэцкі насценны друк, пра які зноў жа расказвае пераважна ўніверсітэцкая шматтыражка. Пра яго можна знайсці цікавыя звесткі і ў іншых выданнях. Так, ужо згаданы орган «Цэнтральнага бюро Пралетарскага студэнцтва Беларусі і Цэнтральнага Кіраўніцтва Беларускіх зямляцтваў г. Масквы» часопіс «Чырвоны Сьцяг» у № 7 за 1925 г. падаў агляд стану насценнага друку ў БДУ і іншых навучальных установах БССР. Галоўная мэта публікацыі «Аб насьценных газэтах» – абгрунтаванне сэнсу і мэты такога віду друку. У якасці дадатку да гэтага як бы тэарэтычнага артыкула часопіс падаў матэрыял пра дзейнасць насценнай газеты медфака БДУ «Медфакавец», якая на 1925 год мела ўжо 12 выпускаў. Адзначым, што газета была не рукапісная, а друкаваная – «на добрай тоўстай паперы на шырокіх кускох».
Пэўную цікавасць уяўляюць нават пертурбацыі з самой назвай нашай «ведамаснай» газеты і пазначэнні, «органам» якіх універсітэцкіх кіраўнічых структур яна з’яўлялася ў той ці іншы час. Так, у зменах назвы адлюстроўвалася не столькі акадэмічная скіраванасць БДУ, а яго дзяржаўна-палітычная заангажаванасць. Між тым выданню такой газеты, якая б мела агульнаўніверсітэцкі статус, перашкаджалі розныя акалічнасці. Мабыць, пэўны час перавага аддавалася якраз насценнаму друку, які быў больш аператыўным і дакладным у падачы інфармацыі свайму чытачу. Патрэбна адзначыць і той факт, што пра БДУ амаль штодня пісалі самыя розныя рэспубліканскія і мясцовыя газеты і часопісы. Іх пералік унушальны нават на сённяшні час. Таму чытач мог даведацца пра самыя розныя падзеі ўніверсітэцкага жыцця з беларускай прэсы. А яшчэ была магчымасць зразумець сутнасныя характарыстыкі штодзённасці і сэнсу дзейнасці ўніверсітэта праз выданні, якія падсумоўвалі вынікі з рознай нагоды («Першы выпуск Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту. 20 лютага 1925 году», «Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт. 1921–1927. Да 10-й гадавіны Кастрычнікавай рэвалюцыі», «Дзесяць год Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту. 1921–11.VII–1931» і інш.).
Хаця можна лічыць пэўнай кропкай адліку 1924 год, калі ўніверсітэцкі друк увасобілі «Голас студэнта» і «Голас рабфакаўца», хаця і яны былі толькі насценнымі газетамі. На рубяжы 1920–1930-х гг. «Голас рабфакаўца» выдаваўся як орган камуністычнай і камсамольскай ячэек і прафкама рабфака БДУ. Тады ж з’явілася і газета «За бальшавіцкія кадры» – орган бюро парткалектыву і прафкама нядаўна створанага факультэта народнай гаспадаркі. І неўзабаве гэтая газета разам з факультэтам стала пасля «разбуйнення» ўніверсітэта ўвасабляць прэсу самастойнага Беларускага інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава. Відавочна, што ўніверсітэцкая прэса суправаджала і адлюстроўвала дзейнасць нашага БДУ амаль што з самага пачатку яго гісторыі!
Аднак, па-сапраўднаму, універсітэцкія газеты да канца 1920-х гадоў так і не змаглі стаць паўнавартасным друкам. А падзеі рубяжу 1920–1930-х гг. і ўвогуле амаль зламалі папярэднюю практыку прэзентацыі ўніверсітэцкага жыцця і непасрэдна карпарацыі выкладчыкаў і студэнтаў, і навакольнаму свету.
Ужо пры новым рэктару Язэпу Каранеўскім, з 1929 г., выйшла некалькі нумароў газеты «Ленінскім шляхам».
Яна спачатку была «органам Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту», а рэдакцыя размяшчалася ў Праўленні (рэктарат) БДУ. Аднак дзейнасць газеты поўнасцю кантралявалася ўніверсітэцкай партыйнай арганізацыяй. Даволі хутка пад відавочным уплывам гонкі, якая распачалася ў савецкай вышэйшай школе, за як мага хутчэйшую і таннейшую падрыхтоўку кадраў для індустрыялізацыі газета стала называцца «За пралетарскія кадры». А калі ж нарэшце савецкая вышэйшая школа стала набываць пэўную стабільнасць, калі яе кіраўнікі змаглі сумясціць у сістэме вышэйшай адукацыі рысы і характарыстыкі як бы класічнага ўзору з ідэаламі і неабходнасцю мацавання савецкага ладу, то з’явіліся не толькі грунтоўныя навучальныя планы і былі акрэслены адпаведныя навуковыя парадыгмы, але і набыла свае адметныя рысы ўніверсітэцкая шматтыражка. Газета па-сапраўднаму стала пераўтварацца ў носьбіта падзей, якімі жыў БДУ, у інфарматара пра яго поспехі і няўдачы, у распаўсюджвальніка ведаў пра навакольны свет, найбольш знакавыя падзеі міжнароднага жыцця. І адначасова – стала абсалютным завадатарам, ініцыятарам розных рухаў, заклікаў, рэагаванняў і г. д. Як і крытыкам і нават цэнзарам, які адсочваў усе адхіленні ад партыйнай лініі.
З 1935 года ўніверсітэцкая газета стала выходзіць пад выключна «правільнай» і акрэсленай усім тагачасным сэнсам дзейнасці БДУ назвай – «За ленінскія кадры». І такой заставалася да чэрвеня 1941 г. – да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Час «Сходні», узнаўленне ў жніўні 1944 г. працы БДУ ў зруйнаваным Мінску не спрыялі ўзнаўленню выхаду газеты. Першы яе нумар пабачыў свет толькі 6 лістапада 1947 г. ужо пад новай назвай, якая адлюстравала выключнасць асобы Сталіна ў перамогах савецкага народа на ўсіх франтах – мірным і ваенным. Газета БДУ стала называцца «За сталінскія кадры». І такой яна заставалася да 2 верасня 1955 г. А потым была адноўлена бадай што самая дакладная і сутнасная назва – «Беларускі ўніверсітэт».
Патрэбна звярнуць увагу на мову выдання: яна была – і застаецца – выключна роднай, беларускай (у 1923–1924 гг. «Голас рабфакаўца» яшчэ дапаўняўся нумарамі на ідыш). А калі ўчытацца ў безліч рэпартажаў, інфармацыйных замалёвак, справаздач і многіх іншых газетных артыкулаў, то звяртае на сябе ўвагу дастаткова высокая рэдакцыйная і моўная культура нашага выдання. Як і разнастайнасць матэрыялаў, імкненне «трымаць руку на пульсе» часу, быць пэўным навігатарам для сваіх чытачоў у віхуры сучасных (тагачасных) падзей. Увогуле, атрымліваеш нейкую асалоду, калі ўчытваешся ў газетныя радкі, якія нясуць абсалютна дакладную (нават калі відавочны суб’ектыўны ўхіл) інфармацыю пра тое, чым жыў БДУ ў той ці іншы час, як працавалі, вучыліся, займаліся навукай яго выкладчыкі і студэнты. А калі знаходзяцца факты пра асоб, што ў пэўны час распачыналі свой шлях у БДУ з лаўкі студэнта і потым (і сёння) сталі гонарам універсітэта, усёй краіны, то як бы дакранаешся да самога сэнсу існавання alma mater.
Але пакуль што, на жаль, мы не змаглі прачытаць і асэнсаваць усе старонкі як знакавай для нас гісторыі НАШАГА ЎНІВЕРСІТЭТА, так і найцікавейшыя старонкі НАШАЙ шматтыражкі – «ЎНІВЕРСІТЭТ». А рабіць і зрабіць гэта патрэбна, каб адпавядаць духу і сэнсу атрыманай універсітэцкай адукацыі.
Прафесар Алег ЯНОЎСКІ
На фота: 2. рэдкалегія насценнай газеты “Голас рабфакаўца”