Конкурс “Найлепшы моладзевы праект” у БДУ паспяхова існуе ўжо больш за 10 гадоў. Нядаўна былі падагульнены вынікі конкурсу 2014 года.
Гран-пры ганаравана “Адкрытая інтэлектуальная ліга БДУ” пяцікурсніка ФРКТ Дзмітрыя Штукацера. Зараз яна рэалізуецца ў рамках праграмы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё “Эрудыт. Iнтэлект-шоу”. У яе склад уваходзяць 35 пастаянных каманд-удзельніц з розных ВНУ Мінска.
Праект “Творчая студыя “MiM-BSU” магістранта ФФСН Івана Жукава заваяваў 1 месца.
Гэта дзейсная майстэрня, якая аказвае прафесійныя паслугі па арганізацыі імпрэз з удзелам мімаў і аніматараў. Акрамя таго, тут працуюць вэб-дызайнеры, фатографы і фэйс-арты. Артыстаў студыі “MiM-BSU” запрашаюць на міжнародныя, рэспубліканскія, гарадскія, агульнаўніверсітэцкія і факультэцкія мерапрыемствы.
“Студыя не стаіць на месцы, увесь час з’яўляюцца новыя ідэі, якія адразу ж спрабуем увасобіць у рэальнасць. Займаемся мы, галоўным чынам, сустрэчай гасцей і забаўляем іх перад пачаткам мерапрыемства. Студыя стала ўжо часткай мяне. Мне падабаецца думаць пра тое, што я прадстаўляю свой універсітэт і дапамагаю дзецям развівацца, арганізоўваю вольны час іншых студэнтаў і дзяцей”, – падзяліўся ініцыятар праекта Іван Жукаў.
Дзяўчыны “MIM-BSU” вельмі няўрымслівыя. Калі яны наносяць грым, іх немагчыма пазнаць – пераўвасабленне маментальнае. Міжволі забываеш, хто хаваецца “пад маскай”.У кожнага міма ёсць свая “фішка” і сваё імя. Хтосьці майстар у танцах, хтосьці лёгка ідзе на кантакт з людзьмі, хтосьці віртуозна жанглюе ці паказвае фокус. З кожным новым месяцам і мерапрыемствам калектыў папаўняецца.
Трэцякурснік гуманітарнага факультэта Дзмітрый Кардаш ганараваны 2 месцам за праект “Студэнцкая міжнародная грамадская добраахвотніцкая дзейнасць”. Гэта навучальная сістэма для ажыццяўлення добраахвотніцкай дзейнасці. Для падрыхтоўкі валанцёраў у сакавіку быў зладжаны міжнародны студэнцкі семінар-практыкум “Я – валанцёр БДУ!”. Ініцыятарамі яго выступілі УВРМ і гуманітарны факультэт.
“Наша каманда напярэдадні Дня Перамогі наведала 190 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Пагаварылі пра жыццё, пра тое, якімі праблемамі заклапочаны яны сёння. Наогул, мэта праекта не проста правесці акцыю, а на працягу доўгага часу мець зносіны і дапамагаць адзін аднаму. А яшчэ мы часта наведваем сельскую школу ў Шчомысліцы, маем зносіны з дзецьмі. 1 снежня, напрыклад, правялі дзень барацьбы са СНІДам. Расказалі пра гэту страшную хваробу і цікавіліся, што пра яе ведаюць школьнікі, – распавяла куратар праекта Панцюк Ірына. Цяпер валанцёрскім цэнтрам кіруе Надзея Круглова, студэнтка 3 курса гумфака.
На трэцім месцы – праект “Брамамар-юні” студэнткі 4 курса Інстытута журналістыкі БДУ Марыны Елістратавай.
“Брамамар-юні” накіравана на пашырэнне творчых сувязяў паміж установамі вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі, актывізацыю прафарыентацыйнай працы, забеспячэнне для школьнікаў магчымасці атрымаць прафесійнае меркаванне пра мастацкія творы, наладзіць кантакты з сучаснымі беларускімі аўтарамі. Мэта гэтага праекта – прыцягненне ўвагі літаратурна-мастацкіх СМІ да таленавітай моладзі і стварэнне ўмоў для камунікацыі паміж рознымі пакаленнямі мастакоў.
У лістападзе прайшоў першы этап конкурсу “Найлепшы моладзевы проект–2015 “. Да разгляду журы было прадстаўлена 29 ініцыятыў, з якіх 21 атрымала фінансавую падтрымку БДУ на суму 50 мільёнаў рублёў. Намеснік начальніка УВРМ Наталля Раманава распавяла, якія ідэі ёй запомніліся і спадабаліся больш за ўсё:
“Сёлета праекты ўсе вельмі розныя, і кожны па-свойму незвычайны і актуальны. Цешыць і тое, што цэлых шэсць праектаў накіраваны на дапамогу першакурснікам. Студэнты “за дзякуй” прыцягваюць школьнікаў і абітурыентаў паступаць у наш універсітэт. На факультэце міжнародных адносін, напрыклад, ёсць “Школа будучага мытніка”. Студэнты распавядаюць абітурыентам пра дзейнасць мытні, пра тое, як працуюць у гэтай галіне і што, уласна, цікавага ў гэтай прафесіі. Гэта значыць, студэнты рэальна праводзяць прафарыентацыю патэнцыйных абітурыентаў.
У рамках праекта “Лекторый па эксперыментальнай фізіцы”, якому ўжо тры гады, студэнты ездзяць па розных гарадах Беларусі, наведваюць школы і ліцэі і збіраюць там цэлыя актавыя залы, паказваюць практычныя эксперыменты і распавядаюць, чым цікавая фізіка.
На матэматычных і фізічных спецыяльнасцях ёсць вельмі складаныя прадметы. Матаналіз, напрыклад. І калі юнакі і дзяўчаты прыходзяць на 1 курс, яны пачынаюць вывучаць матэматыку на іншым, больш складаным узроўні, чым у школе. Не ўсе з гэтым спраўляюцца, а таму кожны год вельмі шмат адлічэнняў. Каб дапамагчы сваім таварышам, старшакурснікі вырашылі стварыць клуб узаемадапамогі. Яны тлумачаць малодшым складаныя матэматычныя дысцыпліны. Грошы, вылучаныя ўніверсітэтам на гэты праект, сыходзяць на канцтавары, падручнікі і абсталяванне. Летась, да прыкладу, студэнты купілі электрафорную машыну”.
Падобныя праекты вельмі важныя для ўніверсітэта і наогул для кожнага з нас. Бо, калі людзі дапамагаюць адзін аднаму, у іх абуджаюцца даўно забытыя чалавечыя якасці: памяркоўнасць, пачуццё спачування, дабрыня і адказнасць.
Альвіна КАСЕМ